Ацяпляльны сезон у Беларусі завяршыўся ў сярэдзіне красавіка, і праз некалькі тыдняў у краіну прыйшло нечаканае пахаладанне з начнымі замаразкамі. Напрыклад, сёння ўначы ў Менску прагназуюць да трох градусаў марозу. «Белсат» высветліў, што ацяплення ў сталіцы ўжо не ўлучаць, і заадно даведаўся, што ўсе, каму холадна ў міжсезонне, эмігравалі ў Польшчу.
Прагноз надвор'я «Белгідрамету» сведчыць, што беларусам давядзецца дубець яшчэ мінімальна тыдзень. Сёння ўначы на большай частцы тэрыторыі чакаюцца замаразкі да -5 °C, папярэдзілі сіноптыкі. У Менску прагназуецца -1..-3 °C, у Віцебску, Магілёве і Горадні – 0..-2 °C, у Берасці і Гомлі – +1..+3 °C.
Нягледзячы на пахаладанне, узнаўляць ацяпляльны сезон камунальнікі не будуць. Яны спасылаюцца на фармальную падставу: сярэдняя тэмпература мае быць ніжэйшаю за +8 °C тры дні запар. І калі ўначы сапраўды холадна, дзённыя тэмпературы выцягваюць сярэдні паказнік. Гэтак карэспандэнту «Белсату» як прыватнай асобе сказалі ў Менскай гарадской жыллёвай гаспадарцы:
,,«Дзённая тэмпература ў нас наступныя дні – +14, +12 °C... Не, ацяплення ўжо не ўлучаць. Прынамсі пакуль такога не чакаецца».
На нараканні, што ў кватэры холадна, там развялі рукамі:
«Мы гэтак жа жывём, як і вы, у такіх жа дамах».
Ва ўпраўленні гарадской гаспадаркі і энергетыкі Менскага гарвыканкаму карэспандэнту «Белсату», які назваўся менчуком, таксама паведамілі, што ацяплення чакаць не варта:
,,«Сістэма цеплазабеспячэння выведзеная ў нас на апрасоўванне. Ацяпляльны сезон завершаны, згодна з правіламі яго правядзення, усё».
Чыноўніца параіла карыстацца абагравальнікамі ды іншымі дасягненнямі сучаснасці:
«Мы жывём у XXI стагоддзі, і на сёння ёсць маса захадаў, якія можна рэалізаваць у канкрэтным памяшканні, калі чалавеку холадна. Абагравальнік часова ўвамкніце, кандыцыянер сабе пастаўце, цеплавентылятар, штосьці яшчэ».
На пытанне, а ці ўлучылі б ацяпленне, калі б цяпер было не -2 °C, а -15 °C, ва ўпраўленні катэгарычна адказалі: усё адно не.
«А калі ў нас будзе ўлетку так? Калі вось такая тэмпература будзе ў нас у ліпені, нам што – ацяпленне ў ліпені ўлучаць?! У нарматыўных дакументах няма такога панятку як узнаўленне ацяпляльнага сезону. Ацяпляльны сезон пачынаецца ўвосень і заканчваецца ўвесну. Усё».
У Польшчы сістэма ацяплення гнуткая: цяпло даюць, калі тэмпература на вуліцы апускаецца ніжэй за +10 °C. У веснавое міжсезонне батарэі ўдзень халодныя, а вось уначы грэюць. Гэты прыклад, падобна, менскую чыноўніцу разахвоціў:
,,«Тыя, каму было холадна, у Польшчу і з'ехалі, я так разумею. Там добра, так».
Дар'я Форман, Сцяпан Кубік belsat.eu