навіны

Мабілізацыйнае вучэнне з прызывам ваеннаабавязаных пачалі ў Берасцейскай вобласці

Беларускія вайскоўцы на канцэрце падчас вучэнняў
Беларускія вайскоўцы на канцэрце падчас вучэнняў. Палігон Ашулук, Расея. 21 жніўня 2024 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Арцём Берасцень / Ваяр / Министерство обороны Республики Беларусь / Telegram
podpis źródła zdjęcia

Раптоўныя вучэнні каля мяжы з Польшчаю пройдуць 18–27 чэрвеня, у іх возьмуць удзел у тым ліку Сілы спецыяльных аперацыяў.

Міністэрства абароны Беларусі абвясціла 18 чэрвеня пра пачатак у гэты ж дзень мабілізацыйнага вучэння з прызывам ваеннаабавязаных пры ўдзеле вайсковых камісарыятаў Берасцейскай вобласці.


Вучэнне працягнецца да 27 чэрвеня. На ім, як анансуе Міністэрства абароны, ваеннаабавязаныя «адновяць навыкі ў валоданні зброяй і тэхнікай, выканаюць практыкаванні са стралковай зброі». Таксама будуць праведзеныя захады ў абвяшчэнні і прызыве ваеннаабавязаных у вайсковыя камісарыяты.


У вучэнні возьмуць удзел падраздзяленні Сілаў спецыяльных аперацыяў. Якая будзе іхная задача, не ўдакладняецца.


Падобныя вучэнні 11 месяцаў таму праводзілі ў Віцебскай вобласці. Тэкст анонсу вучэнняў быў амаль ідэнтычны з цяперашнім.

Чытайце таксама:
Рэкамендацыі заходнім партнёрам схаваныя ў публічным дакладзе Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Скрыншот: Belarus-nau.org

НАУ папярэдзіла Захад: Лукашэнка рыхтуецца ўступаць у вайну. Парады партнёрам засакрэцілі

Вучэнні ў Беларусі нярэдка насцярожваюць суседнія краіны, бо Беларусь выступае суагрэсарам у расейскім нападзе на Украіну. Поўнамаштабная вайна, што пачалася ў 2022 годзе, у тым ліку стартавала з нападу з тэрыторыі Беларусі, дзе расейскія войскі нібыта былі на вучэннях. Беларускія дэмакратычныя сілы папярэджвалі іншыя краіны, што любыя магчымыя маштабныя вайсковыя вучэнні на тэрыторыі Беларусі і любыя такія вучэнні Узброеных сілаў Расеі на тэрыторыі Беларусі ствараюць і павялічваюць пагрозу суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.


Маштабныя беларуска-расейскія вучэнні «Захад-2025», запланаваныя на верасень, спачатку збіраліся правесці пад заходнімі межамі Беларусі. У канцы траўня Мінабароны Беларусі раптам паабяцала, што «асноўныя манеўры» супольных з Расеяй вайсковых вучэнняў «Захад-2025» адсунуць ад межаў краінаў NATO ўглыб тэрыторыі Беларусі. Да таго ж «будуць зніжаныя параметры вучэнняў». Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выказваў здагадку, што Аляксандр Лукашэнка «баіцца, што мы ва Украіне будзем лічыць, што прысутнасць кантынгенту на вучэннях – гэта рыхтаванне да наступальных дзеянняў». Прэм'ер-міністр Літвы Гінтаўтас Палуцкас заявіў, што беларуска-расейскія вайсковыя вучэнні «Захад-2025» не нясуць дадатковых пагрозаў для Літвы, а выведныя службы NATO цяпер не бачаць пагрозаў у гэтых вучэннях.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10