Тым, хто стаўся ахвярай транснацыянальных рэпрэсіяў, «Вялікая сямёрка» абяцала падтрыманне. Таксама хочуць дапамагаць структурам грамадзянскай супольнасці, якія змагаюцца з такімі рэпрэсіямі, і фармаваць глабальнае разуменне пагрозы.
Па выніках саміту «Вялікай сямёркі» (G7), які прайшоў у Канадзе 16–17 чэрвеня, быў ухвалены шэраг заяваў у пытаннях ад лясных пажараў да квантавых вылічэнняў. Адна з заяваў тычылася транснацыянальных рэпрэсіяў.
Лідары Злучаных Штатаў, Канады, Вялікай Брытаніі, Францыі, Італіі, Нямеччыны, Японіі і Еўразвязу выказалі глыбокую занепакоенасць ростам транснацыянальных рэпрэсіяў у свеце. Беларусі асобна не згадвалі, але апісаныя ў заяве з'явы будуць знаёмыя мноству беларусаў за мяжой. Да транснацыянальных рэпрэсіяў аднеслі:
- пагрозы або акты фізічнага гвалту, у тым ліку пераслед, напад, выкраданне або забойства;
- злоўжыванне супрацай з іншымі дзяржавамі, міжнароднымі структурамі і міжурадавымі арганізацыямі з мэтай затрымання, прымусовага вяртання або рэпрэсіяў, у тым ліку праз выкарыстанне экстэрытарыяльнага ўжывання законаў, антытэрарыстычных і следчых інструментаў;
- прымусовае вяртанне праз канфіскацыю пашпартоў, прызнанне дакументаў несапраўднымі або адмову ў консульскім абслугоўванні;
- лічбавыя транснацыянальныя рэпрэсіі, такія як доксінг (дэананімізацыя і публікацыя асабовых звестак) і кампаніі з сексуалізаваным паклёпам, асабліва супраць жанчын, з мэтай прымусу, запалохвання, дыскрэдытацыі або адплаты;
- злоўжыванне шпіёнскім праграмным забеспячэннем і кіберінструментамі з мэтай сачэння, а таксама фізічнага пераследу, адсочвання, узлому або кіберпераследу;
- наўпроставыя або ўскосныя пагрозы сваякам;
- пагрозы і адвольныя затрыманні за мяжой грамадзянаў трэціх краінаў.
Гэткія рэпрэсіі, пагадзілася «Вялікая сямёрка», падрываюць нацыянальную бяспеку, дзяржаўны суверэнітэт, бяспеку і правы чалавека, а таксама прынцыпы міжнароднага права. Транснацыянальныя рэпрэсіі, адзначыла G7, часта закранаюць дысідэнтаў, журналістаў, праваабаронцаў, рэлігійныя меншасці і тых, каго атаясамліваюць з прадстаўнікамі дыяспары.
G7 вітала рэкамендацыі да дзеяння, выпрацаваныя падчас шматбаковага дыялогу G7 наконт транснацыянальных рэпрэсіяў, што адбыўся ў Атаве ў лютым 2025 года, для распрацоўвання канкрэтных стратэгіяў у абароне тых, хто сутыкаецца з пагрозаю.
Лідары «Вялікай сямёркі» ўзялі на сябе абавязак спрыяць фармаванню агульнага разумення транснацыянальных рэпрэсіяў, павышэнню інфармаванасці і ўмацаванню механізмаў адказнасці, каб павялічыць кошт для тых, хто чыніць такія рэпрэсіі. Яны абяцалі:
- павялічыць глабальнае разуменне пагрозы і яе разбуральнага ўплыву, у тым ліку ўлучаць звесткі пра транснацыянальныя рэпрэсіі ў справаздачы Механізму хуткага рэагавання G7;
- распрацаваць рамкі ўстойлівасці і рэагавання на транснацыянальныя рэпрэсіі, захады ўмацавання супрацы краінаў G7 супраць такіх рэпрэсіяў;
- запусціць Акадэмію выяўлення лічбавых транснацыянальных рэпрэсіяў;
- падтрымліваць тых, хто можа зрабіцца мішэнню транснацыянальных рэпрэсіяў, а таксама прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, якія актыўна супрацьстаяць пагрозе.
Дэпутаты Еўрапарламенту 3 красавіка прынялі рэзалюцыю «Аб беспасярэдняй рызыцы далейшых рэпрэсіяў з боку рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі – пагрозах ад Следчага камітэту». З просьбай прыняцця такой пастановы выступіў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка, У рэзалюцыі Еўрапарламент называе пераслед грамадзянаў Беларусі за іхную мірную дэмакратычную дзейнасць за мяжой «наўпроставым парушэннем тэрытарыяльнага суверэнітэту дзяржаваў – чальцоў ЕЗ». Еўрапарламент «заклікае да агульнаеўрапейскага прававога падтрымання і абароны беларусаў у выгнанні», у тым ліку тых, хто не мае магчымасці абнавіць дакументы, якія сведчаць асобу, і зазнае экстэрытарыяльны пераслед.
Еўрапарламент тады таксама заклікаў Міжнародны крымінальны суд паскорыць разгляд злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых рэжымам Аляксандра Лукашэнкі. Латушка раней перадаваў у Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (ICC) у Гаазе матэрыялы, якія тычацца здзяйснення прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі трансмежных злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні беларусаў.
***
Ад саміту G7 чакалі пастановы пра ўзмацненне санкцыяў супраць Расеі за напад на Украіну, але такое рашэнне не было ўхваленае. Як сцвярджаюць крыніцы «Bloomberg», лідары Еўропы, Канады і Японіі не змаглі пераканаць прэзідэнта ЗША Доналда Трампа, што трэба ўзмацняць гэтыя санкцыі. Трамп, паводле выдання, паўтараў, што санкцыі каштуюць ЗША «агромністых грошай».
Алесь Наваборскі belsat.eu