Пятніца 13 чэрвеня адкрыла новы перыяд у гісторыі супрацьстаяння Ірану і Ізраілю. Уся ўвага цяпер прыкаваная да падзеяў на Блізкім Усходзе. Новая чырвоная кнопка на планеце. Але чаму беларусы з такой увагай сочаць за навінамі ў гэтым рэгіёне?
…Мы гулялі ў класікі ў сваім двары. Сонечны дзень, сярэдзіна траўня 1967-га. Раптам прыбегла дзяўчынка, якая была старэйшая за нас: «Вайна! Вы ведаеце, што вайна пачалася?!» Мы замерлі: «Немцы?!» – «Не. Ізраіль напаў на… ну, там яны раку перайшлі і напалі», – сказала гэтая Таня. Удома з радыё дыктар нешта паўтараў пра ізраільскіх агрэсараў.
Тады нават дарослы не мог дакладна ведаць, што там адбылося насамрэч. Гэта цяпер можна прачытаць у інтэрнэце пра тую Шасцідзённую вайну, калі Іярданія, Егіпет і Сірыя заблакавалі ізраільскім караблям уваход у Чырвонае мора і Суэцкі канал. У адказ Ізраіль захапіў Заходні бераг ракі Іярдан, сектар Газа, Сінайскі паўвостраў, усходнюю частку Іерусаліму і Галянскія вышыні. Пасля гэтага ўсе тэрыторыі, якія Ізраіль заняў за межамі «зялёнай лініі», лічацца акупаванымі.
,,Тэрмін «ізраільская ваеншчына» не сыходзіў са старонак усіх савецкіх газетаў і падручнікаў. Са школьнай парты ў БССР усе «ведалі», што Ізраіль – краіна-агрэсар.
Але ў 1980-х пачала рушыцца эканоміка Савецкага Саюзу, партыйнае кіраўніцтва аслабіла абмежаванні, і габрэі змаглі вальней выязджаць на зямлю запаветную. Назвалі гэта «Вялікай Аліяй».
У маім пад'ездзе першымі з'ехалі суседзі, якія жылі з намі ў адным тамбуры. Суседка сказала: «У мяне два дарослыя сыны: адзін студэнт, а другога размеркавалі педыятрам у Петрыкаўскі раён, а там радыяцыя. Усё жыццё яны спалі на адной канапе, і ніякіх перспектываў – двухпакаёвая кватэра і аднаполыя дзеці. На пашырэнне ў чаргу стаць не можам. Ну, можа, горш ужо не будзе?»
Потым з'ехалі суседзі з іншага канца пляцоўкі, потым з шостага паверху, услед за імі – з восьмага... З'ехала сям'я з чацвёртага паверху: муж, жонка, двое маленькіх дзяцей. Спытала ў іх, навошта ўсё распрадаюць, і пачула:
«Галоўным багаццем для нас там будзе кантэйнер для перавозкі маёмасці. Ён з натуральных дошак робіцца. А там гэта дорага. Можна толькі адзін кантэйнер, таму бацькі асобна свой аформяць. Кватэры толькі шкада».
Кватэры трэба было здаваць у гарвыканкам. Ніякай прыватызацыі яшчэ не было. Хто ж мог прадбачыць, што праз пару гадоў разваліцца сам Савецкі Саюз?
Людзі з'язджалі – мае сябры, аднакласнікі, іхныя сваякі. У маіх блізкіх сяброў, двух братоў, былі пажылыя бацькі. На раялі стосы часопісаў, кнігі, нейкія скрынкі… Іхны бацька стаяў гадзінамі каля акна і так глядзеў, нібы стараўся запомніць гэты двор, дрэвы, лавачкі, кавалачак сцяны кінатэатру «Вільнюс»…
,,Яшчэ была краіна БССР, жалезная заслона, так што развітваліся мы тады як назаўжды. Плакалі ўсе – і тыя, хто з'язджаў, і тыя, хто заставаўся.
Ізраіль з перыядычнымі тэрактамі выклікаў трывогу. Калі з'явілася магчымасць хуткай камунікацыі, адразу высвятлялі: як тамака, ці не ўчапіла? Але вось прайшло некалькі гадоў, і Лукашэнка на чарговай прэсавай канферэнцыі кажа пра Бабруйск, што той быў «у асноўным габрэйскім горадам», са «свінушнікам».
«Вы ведаеце, як габрэі ставяцца да месца, дзе яны жывуць», – сказаў ён. Тады намеснік кіраўніка дэпартаменту Еўропы і Азіі МЗС Ізраілю Піні Авіві заявіў беларускаму амбасадару: «Мы шакаваныя і выказваем сваё абурэнне. Акрамя прэзідэнта Ірану ніхто так не гаворыць».
А вось з апошніх цытатаў. Літаральна днямі, 14 чэрвеня, Лукашэнка на нарадзе з урадам абмяркоўваў апошнія карупцыйныя скандалы. Ён заявіў, што з трох дзясяткаў прыцягнутых да адказнасці чыноўнікаў больш за палову – габрэі.
«Вы мяне прабачце, я не антысеміт, але больш за палову габрэяў. Гэта што, у нас асаблівае, прывілеяванае становішча займаюць, што яны крадуць і не думаюць пра сваю будучыню?» – спытаў ён. І на гэтыя выказванні паступіў адказ ад міністра замежных справаў Ізраілю Ісраэля Каца. Ён назваў гэтыя словы непрымальнымі, абуральнымі і антысеміцкімі.

Але ёсць і іншыя цытаты. Напрыклад, у пятніцу 13-га, праўда, дзевяць месяцаў таму, Лукашэнка на сустрэчы з сакратаром Найвышэйшай рады нацыянальнай бяспекі Ірану Алі Акбарам Ахмадыянам сказаў: «Ваш візіт яшчэ важны таму, што воляю лёсу, можа, як вы кажаце, ад Алаха гэта ўсё ідзе, мы апынуліся ў адным чоўне і абсалютна не шкадуем пра гэта». І дадаў, што чакае з візітам прэзідэнта Ірану, каб абмеркаваць пытанні: «І эканоміка, і гандлёва-эканамічныя адносіны, і бяспека, і вайскова-тэхнічная супраца. Забароненых тэмаў, як я разумею, паміж намі няма».
,,Як да гэтага ставіцца тым, хто даўно пераехаў з Беларусі ў Ізраіль, і тым, хто пераехаў нядаўна? Як да антысеміцкіх выказванняў ставіцца тым беларусам, габрэям, украінцам, татарам, палякам, літоўцам, якія жывуць у Беларусі, і тым, якія вымушаныя былі з'ехаць?
Здавалася б, ужо ператравілі выказванні пра каронавірус, што яго няма, раз яго не відаць. Ператравілі і «не да законаў», і шматлікае іншае. Ці мае значэнне, як падаюцца гэтыя перлы? Важна, што людзі разумеюць, што ўлада не будзе клапаціцца ні пра здароўе, ні пра маёмасць, ні пра само жыццё.
Мая найлепшая сяброўка яшчэ са школьных часоў жыве цяпер у Ізраілі. Я кінулася пісаць ёй у тую фатальную пятніцу пад раніцу. А яна мне: «Не хвалюйся, я жывая. У нас загучала сірэна, дык яшчэ і на тэлефоне такі сігнал усталяваны, што мёртвы падскочыць. Прыйшло паведамленне, што трэба выйсці. Мы ўсе выйшлі. Новае паведамленне: «Землятрус». Мы адышліся далей ад будынку. Стаім і чытаем: «Адбой. Сачыце за навінамі». Уключаю расейскамоўны «9 канал» і чую, што мы атакавалі Іран і ёсць імавернасць адказу. Таму нельга ігнараваць трывогу.
,,Але Іран з ягонай проксі – гэта ж і праўда пытанне жыцця і смерці ўжо для нас.
Увесь час пішуць і праз тэлевізар просяць хадзіць у хованку, угаворваюць. Вядома, уначы хочацца застацца ў ложку. Але ж гэта небяспечна. Тут кожны чалавек важны».
Мусіць, пры ўсіх жахах вайны чалавеку трэба ведаць і адчуваць, што ён важны. І як жа, відаць, балюча ўсведамляць, што там, дзе засталіся твае сябры і сваякі, улады на баку тых, хто хоча знішчыць твой дом, тваю сям'ю, цябе самога. Такі вось парадокс ці, як у той габрэйскай прымаўцы, «дзве вялікія розніцы».