Былы банкір Віктар Бабарыка лідараваў у апытаннях перад прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года. Пасля ягонага затрымання штаб Бабарыкі аб’яднаўся са штабамі Цапкалы і Ціханоўскай. Паводле незалежных падлікаў, Святлана Ціханоўская перамагла ў першым туры выбараў. Віктар і Эдуард Бабарыкі застаюцца за кратамі ўжо пяць гадоў.
Раніцай 18 чэрвеня 2020 года патэнцыйны кандыдат на прэзідэнта Віктар Бабарыка і ягоны сын, кіраўнік ягонага выбарчага штабу Эдуард Бабарыка, былі затрыманыя ў Менску, калі збіраліся аддаваць у Цэнтральную выбарчую камісію подпісы за вылучэнне кандыдатам.
Затрыманне праводзіў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэту дзяржаўнага кантролю. Прычынай называлі «нявыплату падаткаў і легалізацыю незаконна атрыманых даходаў» у межах «справы "Белгазпрамбанку"», які Віктар Бабарыка ўзначальваў з 2000 года да абвяшчэння пра свой удзел у выбарах 12 траўня 2020 года. Бабарыкаў дапытвалі, не дапусціўшы да іх адвакатаў, бо ў Камітэце дзяржкантролю нібыта былі вучэнні. У той жа дзень Бабарыкаў змясцілі ў следчы ізалятар Камітэту дзяржаўнай бяспекі. Вечарам таго ж дня сотні людзей выйшлі на праспект Незалежнасці ў Менску.
Бабарыку адмовіліся рэгістраваць кандыдатам на прэзідэнта нібыта ў выніку няправільнай дэкларацыі аб даходах. Штаб Бабарыкі заяўляў, што за ягонае вылучэнне сабралі рэкордныя для апазіцыйнага кандыдата 420 тысяч подпісаў. Пасля таго як кандыдаткай зарэгістравалі Святлану Ціханоўскую, жонку зняволенага патэнцыйнага кандыдата Сяргея Ціханоўскага, штаб Бабарыкі і штаб Валерыя Цапкалы аб’ядналіся са штабам Ціханоўскай. Ціханоўская, паводле незалежных падлікаў, перамагла ў першым туры выбараў (што пацвярджае аналіз сфатаграфаваных бюлетэняў і пратаколаў – ён тут у PDF), але была вывезеная з краіны сілавікамі.
Вялікае інтэрв’ю Віктара Бабарыкі «Белсату» за месяц да затрымання:
Віктар і Эдуард Бабарыкі застаюцца ў няволі ўжо пяць гадоў. Віктара засудзілі на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму нібыта за адмыванне даходаў і атрыманне хабару. Эдуарда засудзілі (пасля рэкорднага тэрміну ў няволі без суда) на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле эканамічных і палітычных абвінавачанняў; пазней яго тройчы судзілі за непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі. Віктар і Эдуард Бабарыкі не прызналі віны, праваабаронцы прызналі іх палітычнымі зняволенымі.
У няволі Віктар Бабарыка трапіў у шпіталь. Пра ягоны стан здароўя ёсць толькі ўскосныя звесткі: палітвязня трымаюць без сувязі з вонкавым светам, у так званым рэжыме інкамунікада. За любыя кантакты з Бабарыкам вязням калоніі пагражалі штрафным ізалятарам. У студзені 2025 года блогер Раман Пратасевіч апублікаваў відэа з Віктарам Бабарыкам: палітвязень трымаецца бадзёра, але з відэа цяжка сказаць, у якім ён стане.
,,«Я ўпэўненая, што беларусы не забылі ні пра Віктара, ні пра Эдуарда, ні пра сотні іншых палітвязняў. Мы гаворым пра іх і працягваем змагацца за кожнага і кожную», – напісала Святлана Ціханоўская ў гадавіну затрымання Бабарыкаў.
Віктар і Эдуард Бабарыкі застаюцца за кратамі «з аднымі толькі ўспамінамі пра звыклае жыццё», піша Ціханоўская. Яны, паводле Ціханоўскай, з тых, хто «апынуўся ў няволі не за злачынствы, а за годнасць, за свае мары пра іншую Беларусь і жаданне ўдзельнічаць у лёсе сваёй краіны».
Алесь Наваборскі belsat.eu