Пераход на экалагічна бяспечную ўпакоўку ў Беларусі ідзе марудна – планы ёсць, але выкананне буксуе. Беларускія прадпрыемствы не справіліся з задачамі, пастаўленымі перад імі раней. Пра гэта сведчыць пратакол паседжання каардынацыйнай рады пры Міністэрстве прыроды, які ў распараджэнне «Белсату» перадаў «BELPOL». Што пайшло не так і ці ёсць выйсце?
Як аказалася, праблемы ў Беларусі не толькі з перапрацоўваннем адкідаў, а і са скарачэннем іх аб'ёмаў.
Прадпрыемствы не паспяваюць за планамі чыноўнікаў зніжаць выкарыстанне палімернага пакавання і замяшчаць яго больш экалагічным. Таму яны папрасілі змяніць мэтавыя паказнікі на гэты год, вынікае з дакументу, які «Белсат» атрымаў ад ініцыятывы «BELPOL».
Гэтак, канцэрн «Беллёгпрам» прапанаваў скараціць абʼёмы вытворчасці папяровай упакоўкі амаль на траціну – да чатырох з паловаю мільёнаў штук. Канцэрн «Белдзяржхарчпрам» папрасіў знізіць на два адсоткі тэмпы росту вырабу прадукцыі ў такой упакоўцы ў кандытарскай галіне.
Прадпрымальнік, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч прычыны невыканання планаў бачыць у агульна эканамічных праблемах:
,,«У нас няма таго росту эканомікі, які запланавалі. Мы планавалі 15 % за 4 гады, атрымалі толькі 5, таму і не патрэбна столькі ўпакоўкі, а па-другое, гэта адмова ад кірунку руху да экалагічнай эканомікі. Зразумела, што, калі гэтыя планы пісаліся, мы жылі ў зусім іншай дзяржаве», – сказаў ён у каментары «Белсату».
Што датычыць скарачэння выкарыстання палімераў, а менавіта ўпакоўкі з успененага полістыролу, то прадпрыемствы яшчэ не маюць адпаведнага плану захадаў. Хаця неабходнасць яго рэалізацыі Савет Міністраў прапісаў у сваёй пастанове яшчэ ў 2020 годзе.
,,«Галоўная праблема такой упакоўкі – яна не экалагічная. Пасля выкарыстання яна ідзе не на перапрацоўванне, а трапляе на сметнікі, дзе распадаецца. І распадаецца на мікрапластык, які шкодны для чалавека і забруджвае навакольнае асяроддзе. Па-другое, яна не трывалая. Ёсць шмат альтэрнатывы, больш экалагічнай і больш трывалай», – кажа пра такую упакоўку экалагістка, былая работніца таварыства «Зялёная сетка» Марыля Дакуцька.
А ці зацікаўленыя беларускія спажыўцы выкарыстоўваць экалагічную ўпакоўку? Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю прааналізавала папулярнасць палімерных і альтэрнатыўных ім пакетаў за папярэднія тры гады. Чыноўнікі адзначылі, што свой пакупнік у такога пакавання ёсць, але пра масавасць пакуль казаць не даводзіцца. Галоўная прычына – розніца ў цане.
,,«Любы пакупнік мог назіраць, колькі каштуе пакецік папяровы або біяраскладальны, а колькі звычайны. Увогуле кажуць, што 25–30 % – гэта цана за экалагічнасць. А калі палічыць цалкам у тавары, гэта будзе 2–3 % цаны тавару ў сярэднім для спажыўца. Але гэта плата за будучыню краіны і будучыню планеты», – разважае Аляксандр Кныровіч.
Каб дбаць пра навакольнае асяроддзе, эколагі раяць не забываць яшчэ пра шэраг простых, але важных захадаў.
,,«Трэба абіраць прадукты без упакоўкі, імкнуцца купляць прадукты гуртам, але ў разумных межах, каб гэтыя прадукты не сапсаваліся, не ўжываць аднаразовага посуду ці ўжываць яго вельмі абмежавана, браць паўсюль шматразовыя кубкі, бутэлькі для вады, кавы, гарбаты», – раіць аператар «Зялёнага тэлефона» Ягор.
Да 2040 года ўзровень выкарыстання адкідаў у Беларусі мае быць не меншы за 90 %. Такія планы агучылі ў Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Аднак Аляксандр Лукашэнка падчас нядаўняй нарады загадаў дасягнуць гэтай мэты за больш сціслыя тэрміны.
Больш глядзіце ў нашым сюжэце:
Ірына Юрʼева, Андрэй Сульжыц belsat.eu