Сузаснавальнік Reform.news, вядоўца каналу «Саша, что ты несешь» Аляксандр Атрошчанкаў падзяліўся з «Белсатам» думкамі пра тое, як ён успрымае выбары, якія ў хуткім часе адбудуцца ў Беларусі, і паразважаў пра тое, ці павядуцца на гэтую гульню заходнія дыпламаты.
З новага прызначэння Аляксандрам Лукашэнкам самога ж сябе на чарговы тэрмін можна толькі смяяцца, упэўнены Аляксандр Атрошчанкаў:
«Дзед [маецца на ўвазе Аляксандр Лукашэнка. – Заўв. рэд.] не толькі стары, але траўмаваны падзеямі 2020-га. Самі падумайце. Ён амаль трыццаць гадоў праводзіў селекцыю, стварыў для сябе ўмовы цёплай ванны, прызначыў сваёй апаненткай, з яго ж словаў, нават «грэблівую хатнюю гаспадыню» [гаворка пра Святлану Ціханоўскую. – Заўв. рэд.]»…
На думку сузаснавальніка Reform.news, гэтым разам Лукашэнка хоча зрабіць з выбараў паказальны тэатр, «перагарнуць старонку» і паказаць, што крызіс легітымнасці, з якім ён сутыкнуўся ў 2020 годзе, пераадолены, выбары ў парламент і мясцовыя Саветы праведзеныя… І вось зараз, маўляў, будуць сапраўдныя выбары з сапраўднымі кандыдатамі. А Ціханоўская нібыта нават не наважылася ўзяць у іх удзел.
«Гэта і ёсць спектакль, які адбываецца ў галаве Аляксандра Лукашэнкі», – каментуе Аляксандр Атрошчанкаў.
Сам факт пераназначэння Лукашэнкам самога сябе, на думку вядоўцы, – гэта для Лукашэнкі праграма-мінімум. Галоўнае для яго цяпер прадаць гэтыя выбары замежным партнёрам, паказаць, што ён сапраўдны, легітымны прэзідэнт. Усё гэта трэба дзеля таго, каб у Лукашэнкі была магчымасць прэтэндаваць на месца за сталом перамоваў наконт міру ва Украіне.
Ці павядуцца на гэтую гульню заходнія дыпламаты?
Як мяркуе Аляксандр Атрошчанкаў, нейкіх асабліва моцных кантактаў з Захадам у Лукашэнкі цяпер і няма. Пакуль што фактычна пацверджаныя кантакты толькі з сілавым бокам.
«Мы памятаем, як у Менск прылятаў кіраўнік французскай выведкі. Думаю, ягоныя кантакты прыкладна такога ўзроўню. Можа быць такое, што яму хтосьці тэлефануе і гаворыць: «Не рабіце, Аляксандр Рыгоравіч, вось такога і такога, бо будзе вельмі балюча», – кажа вядоўца каналу «Саша, что ты несешь».
На думку суразмоўцы, раней Лукашэнку часткова ўдавалася пераадольваць крызіс з Захадам шляхам вызвалення часткі вязняў, але сёння ўзурпатар і сам не гатовы да масавага вызвалення палітвязняў, ды і нарабіў вельмі шмат чаго. Калі ўзгадаць, як і калі ўводзіліся санкцыі супраць Лукашэнкі, то зразумела, што распачаліся яны нават не праз парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, а праз стварэнне міграцыйнага крызісу на мяжы, захоп самалёта, удзел у вайне супраць Украіны… То бок толькі палітвязнямі, якіх, дарэчы масава не гатовы выпускаць і сам Лукашэнка, тут ужо не абысціся.
«Не факт, дарэчы, што Лукашэнка зараз можа нават спыніць распачаты ім жа міграцыйны крызіс», – лічыць сузаснавальнік Reform.news.
На пытанне пра тое, ці варта дэмакратычным сілам неяк адказаць на тэатр Лукашэнкі, Аляксандр Атрошчанкаў адказаў наступным чынам:
«На мой погляд, яно таго не вартае, бо гэтыя выбары – цалкам адарванае ад рэчаіснасці нешта. Гэта ўжо больш маральна-дыскусійная павестка, чым палітычная. Нават беларусам унутры краіны, мяркую, рэакцыя апазіцыі цяпер не вельмі цікавая».
Нагадаем, 1 лістапада – апошні дзень прыёму заяваў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў. Але калі заканчваецца прыём заяваў, ЦВК не паведамляе. Звычайны час працы ЦВК – да 18:00. Нават на фоне перадвыбарчай кампаніі рэпрэсіі ў краіне не спыняюцца. Ператрусы і затрыманні адбываюцца па ўсёй краіне.
Наступнае паседжанне ЦВК запланаванае на 4 лістапада – імаверна, на ім раскажуць, чые ініцыятыўныя групы зарэгістравалі.
З 7 лістапада да 6 снежня ўключна мае ісці збор подпісаў, з 22 да 31 снежня ўключна маюць зарэгістраваць кандыдатаў або адмовіць ім у рэгістрацыі. На перадвыбарчую агітацыю адвялі 1–25 студзеня. З 21 студзеня мае ісці датэрміновае галасаванне, 26 студзеня – асноўны дзень галасавання. Не пазней за 5 лютага мусяць абвесціць вынікі галасавання, пры неабходнасці – не пазней за 9 лютага зладзіць другі тур (апошні раз другі тур на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі быў у 1994 годзе).
Дэмакратычныя сілы заклікаюць байкатаваць гэтыя выбары – актыўна ці пасіўна. Еўрапарламент ужо заявіў, што выбары ў Беларусі не могуць лічыцца свабоднымі і справядлівымі.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Надзея Вольная belsat.eu