навіны

Трамп уводзіць новы іміграцыйны бан: пад забарону трапілі грамадзяне 12 краінаў

Нашыўка агента Памежнага патруля ЗША. Фота: Kevin Carter/Getty Images
Нашыўка агента Памежнага патруля ЗША. Фота: Kevin Carter/Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп падпісаў указ, згодна з якім 9 чэрвеня ўводзіцца поўная забарона на ўезд у краіну для грамадзянаў 12 дзяржаваў Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. 

У спіс трапілі: Афганістан, М’янма, Чад, Рэспубліка Конга, Экватарыяльная Гвінея, Эрытрэя, Гаіці, Іран, Лівія, Самалі, Судан і Емен.

Забарона не распаўсюджваецца на людзей з сапраўднымі амерыканскімі візамі і пастаянным законным статусам рэзідэнта ЗША. Спіс краінаў быў сфармаваны на падставе аналізу Дзярждэпартаменту ЗША, які вёўся з студзеня.

Акрамя таго, для грамадзянаў яшчэ сямі краінаў – Бурундзі, Кубы, Лаосу, Сьера-Леонэ, Тога, Туркменістану і Венесуэлы – уведзены частковы іміграцыйны бан: ім будуць адмаўляць у гасцявых і студэнцкіх візах. Аднак працоўныя візы і дазволы на ўз’яднанне з сям’ёй застануцца магчымымі.

,,

«Прэзідэнт Трамп выконвае сваё абяцанне абараняць амерыканцаў ад небяспечных замежных асобаў, якія могуць нанесці шкоду краіне», – заявіла намесніца прэс-сакратара Белага дому Эбігейл Джэксан, словы якой прыводзіць CNN.


Нагадаем, што падчас свайго першага прэзідэнцкага тэрміну Трамп ужо ўводзіў падобныя абмежаванні – тады забарона датычыла дзевяці краінаў, але яна была скасаваная Джо Байдэнам у першы дзень ягонага прэзідэнцтва.

Цяперашняя пастанова Трампа была прынятая неўзабаве пасля антысеміцкай атакі ў штаце Каларада. Паводле Белага дому, менавіта гэты інцыдэнт зрабіўся апошняю кропляю. Напад здзейсніў 45-гадовы грамадзянін Егіпту, які незаконна жыў у ЗША. У горадзе Боўлдэр ён кінуў запальную сумесь у групу габрэйскіх актывістаў з крыкам «Свабоду Палестыне!». У выніку – 15 параненых, у тым ліку пажылы чалавек, які перажыў Галакост.

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10