Новыя санкцыі Злучаных Штатаў у дачыненні Расеі за вайну ва Украіне могуць неўзабаве зрабіцца рэальнасцю. Нават нягледзячы на нежаданне Доналда Трампа іх уводзіць. Аўтары дакументу абяцаюць «зламаць косткі» Маскве і тым, хто яе падтрымлівае. Але гэты дакумент мае і свае нечаканыя праблемы, як, дарэчы, і хаўруснікаў.
Новыя санкцыі ЗША ў дачыненні Расеі ўжо падрыхтаваныя, заявіў у гутарцы з «Fox News» адмысловы пасланнік прэзідэнта ЗША ў пытаннях Украіны Кіт Келаг.
,,«Я размаўляў [з сенатарам-рэспубліканцам Ліндзі Грэямам. – Рэд. belsat.eu] у мінулыя выходныя, і я мяркую, што яны гатовыя. Яны называюцца "Закон аб санкцыях супраць Расеі 2025", і я мяркую, што ён ужо падрыхтаваў іх і гатовы апублікаваць. І яны даволі цяжкія», – адзначыў Келаг.
Што гэта за санкцыі
Праект закону быў ініцыяваны двума сенатарамі – ужо згаданым рэспубліканцам Ліндзі Грэямам і дэмакратам Рычардам Блумэнталам. Дакумент атрымаў назву «пакет санкцыяў, што ломіць косткі», і лічыцца самым жорсткім у гісторыі Кангрэсу. Ён прадугледжвае мыты памерам 500 % на тавары з краінаў, якія купляюць расейскія нафту, газ, уран і іншую прадукцыю.
Дакумент, як адзначае «Reuters», ёсць рэдкім прыкладам двухпартыйнай згоды ў рэзка падзеленым Кангрэсе ЗША. 1 красавіка законапраект прадставілі 50 сенатараў: 25 рэспубліканцаў і 25 дэмакратаў. А 21 траўня Блумэнтал і Грэям заявілі, што іхны законапраект падтрымлівае ўжо 81 сенатар са ста.
,,«Наш закон ізалюе Расею, змяшчаючы яе на гандлёвы востраў, наклаўшы жорсткія мыты на іншыя краіны, што падтрымліваюць гэтыя зверствы. Адным з галоўных прыярытэтаў нашага заканадаўства ёсць прыцягненне Кітаю да адказнасці за падтрыманне ваеннай машыны [Уладзіміра] Пуціна шляхам куплі таннай расейскай нафты ў ценявога флоту. Без эканамічнага падтрымання Кітаю ваенная машына Пуціна спынілася б», – гаворыцца ў супольнай заяве.
Прыхільнікі законапраекту кажуць, што прымуць яго ў абедзвюх палатах, калі лідары рэспубліканцаў у Кангрэсе дазволяць галасаванне. Так званая супербольшасць, якой дастаткова для прыняцця дакументу нават без згоды прэзідэнта, у іх ужо ёсць.
Дамова з Еўропай ёсць
Днямі Грэям і Блумэнтал наведалі Еўропу, дзе абмеркавалі каардынацыю супольных дзеянняў. 30 траўня амерыканскія сенатары прыбылі ў Кіеў, дзе сустрэліся з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім і заявілі, што ўжо на гэтым тыдні абедзве палаты Кангрэсу ЗША гатовыя пачаць разгляд праекту закону пра санкцыі супраць Расеі.
«Мы збіраемся змяніць гэтую гульню для Расеі. Гульня, у якую гуляе Пуцін, хутка зменіцца. Злучаныя Штаты ўдараць па ім і ўдараць вельмі моцна, калі справа дойдзе да санкцыяў. Кітай, гульня, у якую вы гуляеце з Расеяй, хутка зменіцца. Калі вы будзеце купляць танную расейскую нафту, паліва пуцінскай ваеннай машыны, то на ўсе вашыя тавары, якія паступаюць у ЗША, будуць накладзеныя 500 % мыта», – падкрэсліў Грэям.

З Кіева сенатары скіраваліся ў Парыж, анансаваўшы перад гэтым каардынацыю санкцыйнай палітыкі з Еўразвязам. У Францыі яны сустрэліся з прэзідэнтам Эманюэлем Макронам, які, з іх словаў, «на 100 % згодны» з імі ў пытанні вайны. І, як піша «Le Monde», міністр фінансаў і міністр замежных справаў Францыі 31 траўня пасля сустрэчаў з амерыканскімі сенатарамі пацвердзілі «неабходную каардынацыю» паміж Злучанымі Штатамі і Еўропай для спынення канфлікту ва Украіне.
2 чэрвеня сенатары былі ў Берліне, дзе абмяркоўвалі новыя санкцыі з кіраўніцтвам Еўразвязу і Нямеччыны. Старшыня Еўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен пасля перамоваў з амерыканцамі сказала журналістам, што спадзяецца ўжо «вельмі хутка» паведаміць, «што было ўзгоднена датычна санкцыяў і супрацы з ЗША ў гэтым пытанні».
У Еўракамісіі таксама паведамілі, што Еўразвяз рыхтуе 18-ы пакет жорсткіх санкцыяў, накіраваных на даходы Расеі ад паставак энерганосьбітаў, улучна з інфраструктурай «Паўночнай плыні», на банкаўскі сектар РФ і зніжэнне гранічнага ўзроўню цэнаў на сырую нафту. Паводле фон дэр Ляен, «гэтыя крокі, прынятыя разам з захадамі ЗША, рэзка павялічаць агульнае ўздзеянне нашых санкцыяў». Пагадзіўся з Грэямам наконт неабходнасці ўзмацніць санкцыі і кіраўнік нямецкага МЗС Ёган Вадэфуль, дадаўшы, што «Пуцін мусіць нарэшце пагадзіцца на неадкладнае і безумоўнае спыненне агню і сесці за стол перамоваў».

У інтэрв'ю нямецкаму тэлеканалу ARD Грэям заявіў, што «прыйшоў час пакараць» Пуціна, каб «гарантаваць, што новай вайны не будзе». Паводле яго, «пернік тут не спрацуе» і вайна ва Украіне не скончыцца, «пакуль Кітай не заплаціць сваёй цаны за тое, што дапамагае Пуціну».
2 чэрвеня прэзідэнт Украіны Зяленскі, адказваючы на пытанні журналістаў па сканчэнні сустрэчы дэлегацыяў Украіны і РФ у Стамбуле, заклікаў амерыканскага прэзідэнта Доналда Трампа ўхваліць новыя санкцыі супраць Расеі, каб «падштурхнуць» яе да поўнага спынення агню пасля чарговай адмовы Масквы выканаць гэтае патрабаванне. «Інакш яны пакуль не разумеюць. І мы лічым, што гэта справядліва», – заявіў Зяленскі.
Ён нагадаў, што больш як чатыры месяцы таму «Злучаныя Штаты Амерыкі сказалі пра свой сігнал адносна поўнага спынення агню» і Кіеў іх падтрымаў. Зяленскі выказаў спадзеў, што найбліжэйшым часам новы пакет санкцыяў ухваліць Сенат ЗША.
Абмяркоўвае новыя санкцыі і законапраект Грэяма – Блумэнтала падчас бягучага візіту ў ЗША і ўкраінская дэлегацыя пад кіраўніцтвам першай віцэ-прэмʼеркі Юліі Свырыдэнкі, якая 3 чэрвеня прыбыла ў Вашынгтон, паведаміў кіраўнік офісу прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак.
Еўразвяз можа не паспець, а Трамп – не пагадзіцца
Амерыканскія сенатары казалі, што хацелі б увесці санкцыі супраць Расеі разам з Еўразвязам напярэдадні саміту «Вялікай сямёркі», што пройдзе 16 чэрвеня. Аднак чатыры дыпламаты ЕЗ у інтэрв'ю «EUobserver» 2 чэрвеня заявілі, што наступны раўнд санкцыяў ЕЗ супраць Расеі наўрад ці будзе гатовы да саміту G7. Паводле іх, еўрапейскі закон аб санкцыях можа быць прыняты, хутчэй за ўсё, толькі пад канец чэрвеня.
«Мы нават не атрымалі юрыдычных тэкстаў для 18-га пакету, таму пагадненне за два тыдні [да G7] здаецца вельмі амбіцыйным», – сказаў адзін дыпламат ЕЗ.
Планы Еўразвязу наконт санкцыяў супраць расейскіх энерганосьбітаў могуць сутыкнуцца таксама з супрацьстаяннем Вугоршчыны і Славаччыны, што актыўна купляюць расейскі газ. Апроч таго, амерыканскія мыты памерам 500 % за куплю газу, нафты і ядравага паліва з Расеі могуць ударыць і па ЕЗ. Гэта ўжо можа закрануць не толькі Вугоршчыну і Славаччыну, але і Балгарыю, Бельгію, Грэцыю, Іспанію, Італію, Нідэрланды, Партугалію, Францыю, Фінляндыю і Чэхію.
У ЗША ж галоўным слабым звяном у ланцугу ўвядзення жорсткіх антырасейскіх санкцыяў пакуль выглядае прэзідэнт. 28 траўня, нягледзячы на правал перамоваў, Трамп сказаў, што ЗША не ўводзяць новых санкцыяў супраць Расеі, каб не нашкодзіць перамоўнаму працэсу. Пры гэтым Трамп заявіў, што паспрабуе цягам двух тыдняў высветліць, ці хоча Пуцін міру: «Мы высветлім, падманвае ён нас ці не, і калі так, то мы адрэагуем крыху па-іншаму, але на гэта сыдзе ад паўтара да двух тыдняў».
Пры гэтым прэзідэнт Злучаных Штатаў усё больш расчароўваецца ў сваім крамлёўскім візаві. 26 траўня Трамп заявіў, што Пуцін «зусім звар’яцеў», «дарма забівае мноства людзей», а «ракеты і беспілотнікі скідваюцца на гарады Украіны без усялякай прычыны». Таксама Трамп казаў, што яму не падабаецца, як Пуцін «запускае ракеты па гарадах і забівае людзей», і ён «несумненна» разглядае ўзмацненне санкцыяў адносна Расеі.
«The Wall Street Journal», спасылаючыся на крыніцы, «знаёмыя з думкамі Трампа», пісала, што прэзідэнт ЗША ўсё ж «прыглядаецца да ўвядзення санкцыяў супраць Масквы». Разам з тым, паводле WSJ, у адміністрацыі Трампа не выключаюць таго, што ён можа не ўвесці новых санкцыяў і нават зусім выйсці з працэсу, бо «стаміўся ад мірных перамоваў».

WSJ адзначала, што дагэтуль Трамп устрымліваўся ад узмацнення ціску на Маскву з некалькіх прычынаў. Па-першае, яму непрыемны прэзідэнт Украіны, які, на думку Трампа, «падштурхоўвае да эскалацыі», настойваючы на санкцыях. Па-другое, Трамп лічыў, што дадатковыя санкцыі не аслабяць здольнасці Расеі працягваць вайну, але сапсуюць перспектывы аднаўлення амерыканска-расейскіх эканамічных сувязяў. Па-трэцяе, Трамп быў перакананы, што ведае Пуціна досыць добра, каб чакаць, што той скончыць вайну «ў якасці асабістай паслугі». Аднак нежаданне расейскага лідара саступаць змяніла стаўленне да яго прэзідэнта ЗША.
У выніку, піша выданне, Трамп цяпер ідзе тым самым шляхам, што і іншыя прэзідэнты ЗША, якія спрабавалі наладзіць супрацу з Пуціным, але марна.
Больш за тое, цяпер увядзенне санкцыяў падтрымліваюць не толькі ў Сенаце, але і ў іншых галінах амерыканскай улады. Гэтак, 29 траўня выканальнік абавязкаў намесніка сталага прадстаўніка ЗША пры Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Джон Келі заявіў у ААН, што Расею чакаюць наступствы за адмову ад мірнага ўрэгулявання і ўся адказнасць будзе ляжаць на ёй, бо «Украіна безумоўна прыняла прапанову [ЗША аб спыненні агню. – Рэд. belsat.eu], чакаючы ад Расеі таго ж самага».
А 2 чэрвеня, пасля правальнай сустрэчы ў Стамбуле, і старшыня Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Майк Джонсан выказаўся за ўвядзенне больш жорсткіх санкцыяў, дадаўшы, што «шмат якія чальцы Кангрэсу хочуць, каб мы ўвялі максімальна жорсткія санкцыі».
Джонсан – самы высокапастаўлены рэспубліканец, які адкрыта падтрымлівае ідэю дадатковых санкцыяў. Лідар рэспубліканцаў у Сенаце Джон Тун таксама заявіў, што Сенат «гатовы даць прэзідэнту Трампу ўсе інструменты, каб прымусіць Расею сурʼёзна падысці да перамоваў». Паводле яго, законапраект Грэяма – Блумэнтала можа быць разгледжаны ўжо на гэтым тыдні. Праўда, Рэспубліканская партыя ўсё яшчэ чакае сігналу ад Белага дому.

Да ўзмацнення санкцыяў заклікалі і лідары дэмакратаў у Сенаце ЗША, патрабуючы ад Трампа цвёрдасці і прынцыповасці. Яны таксама адзначылі, што рэспубліканцы гатовыя да новых санкцыяў, але з Белага дому паступаюць сігналы з заклікам пачакаць.
Аўтар тэлеграм-каналу «Быть Или» называе падтрыманне законапраекту Джонсанам новым паваротам. Ды падкрэслівае, што менавіта спікер выносіць дакумент на галасаванне ў Палаце прадстаўнікоў, а без гэтага ўзровень яго падтрымання ў Сенаце не мае значэння. Пры гэтым аўтар адзначае, што тэарэтычна Палата прадстаўнікоў можа і сама абысці патэнцыйнае вета законапраекту з боку Трампа, калі набярэ супербольшасць памерам 67 % галасоў, або 290 з 435 кангрэсменаў. У Сенаце такая супербольшасць ужо ёсць.
Як паведаміў PAP дыпламат з адной з краінаў NATO, які знаходзіцца на сувязі з сенатарам Грэямам, Трамп, імаверна, не хоча пагаршаць стасункаў з Пуціным, але найбліжэйшым часам можа быць вымушаны гэта зрабіць пад ціскам абставінаў і палітыкі. Паводле дыпламата, «у нейкі момант паўстане крытычная маса, і ён проста не зможа больш адкладаць. Урэшце, ён толькі губляе ад гэтага палітычна».
Макар Мыш belsat.eu