Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп «прыглядаецца да ўвядзення санкцыяў супраць Масквы ўжо на гэтым тыдні». Пра гэта піша «The Wall Street Journal», спасылаючыся на крыніцы, «знаёмыя з думкамі Трампа». Гэтая пастанова, паводле выдання, выкліканая абурэннем прэзідэнта з нагоды працягу расейскіх атак на Украіну і маруднасці мірных перамоваў.
Паводле суразмоўцаў WSJ, новыя абмежаванні наўрад ці закрануць банкаўскі сектар, але разглядаюцца іншыя спосабы націску на Уладзіміра Пуціна, каб прымусіць яго пайсці на саступкі. У тым ліку абмяркоўваецца 30-дзённае спыненне агню.
У нядзелю Трамп публічна пацвердзіў, што санкцыі разглядаюцца сур’ёзным чынам. «Безумоўна», – адказаў ён на пытанне, ці можа іх увесці. «Ён забівае шмат людзей», – сказаў Трамп пра Пуціна. «Я не ведаю, што з ім не так. Што, чорт яго бяры, з ім здарылася?»
Разам з тым, паводле WSJ, у адміністрацыі Трампа не выключаюць і адваротнага сцэнара: што ён увогуле можа не ўводзіць новых санкцыяў або нават адмовіцца ад далейшага ўдзелу ЗША ў мірным працэсе.
,,«Трамп таксама стаміўся ад мірных перамоваў і разглядае магчымасць поўнага адмаўлення ад іх, калі апошняя спроба не спрацуе. Незразумела, што адбудзецца, калі ЗША адступяць ад мірнага працэсу, і ці будзе Трамп працягваць вайсковае падтрыманне Украіны», – піша WSJ.
На афіцыйным узроўні Вашынгтон пакуль устрымліваецца ад канкрэтных заяваў. «Прэзідэнт Трамп выразна заявіў, што хоча бачыць мірнае пагадненне шляхам перамоваў», – сказала прэс-сакратарка Белага дому Кэралайн Лэвіт. «Прэзідэнт Трамп таксама ўмела захаваў усе варыянты на стале».
Сітуацыя сведчыць пра новы этап пагаршэння стасункаў паміж ЗША і Расеяй, якія нават апошнім часам перажывалі як узлёты, гэтак і падзенні. Уступаючы на пасаду, Трамп думаў, што ягоныя асабістыя сувязі з Пуціным дапамогуць наладзіць дыялог. Аднак дамагчыся сур’ёзных саступак з боку расейскага лідара ў справе ўрэгулявання канфлікту ва Украіне яму не ўдалося. Наадварот – нядаўна Пуцін толькі ўзмацніў атакі. Ужо праз некалькі гадзінаў пасля выступу Трампа Расея правяла найбуйнейшую паветраную атаку на Украіну з выкарыстаннем дронаў і ракетаў.
WSJ адзначае, што дагэтуль Трамп устрымліваўся ад узмацнення ціску на Маскву з некалькіх прычынаў.
Па-першае, яму непрыемны прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, які, на думку Трампа, «падштурхоўвае да эскалацыі», настойваючы на санкцыях. У тую ж нядзелю, калі ён крытыкаваў Пуціна, Трамп таксама выказаўся ў сацыяльных сетках пра Зяленскага: украінскі лідар «не дапамагае сваёй краіне, гаворачы так, як ён гэта робіць». Нагадаем, тады Уладзімір Зяленскі выступіў з крытыкай амерыканскага боку за тое, што яны захоўваюць маўчанне пра такую маштабную атаку, здзейсненую на Украіну.
Па-другое, Трамп лічыў, што дадатковыя санкцыі не аслабяць магчымасць Расеі працягваць вайну, але сапсуюць перспектывы аднаўлення амерыканска-расейскіх эканамічных сувязяў.
Па-трэцяе, ён быў перакананы, што ведае Пуціна досыць добра, каб чакаць, што той скончыць вайну «ў якасці асабістай паслугі». Аднак нежаданне расейскага прэзідэнта саступаць змяніла стаўленне Трампа да яго.
У выніку, адзначае выданне, Трамп цяпер ідзе тым самым шляхам, што і іншыя прэзідэнты ЗША, якія спрабавалі наладзіць супрацу з Пуціным, але іхныя спробы сталіся марнымі.
Раман Шавель belsat.eu