Што адбываецца на беларуска-ўкраінскай мяжы і ці можа развязацца вайна? Ці можа быць вызваленая Беларусь шляхам вайсковай аперацыі, падобнай да ўкраінскай аперацыі ў Курскай вобласці Расеі? «Белсат» спытаў пра гэта прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету па абароне Вадзіма Кабанчука – і атрымаў нечаканы сцэнар «супрацы» з Аляксандрам Лукашэнкам.
Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінету па абароне і нацыянальнай бяспецы, намеснік камандзіра палка Каліноўскага Вадзім Кабанчук 27 жніўня выступіў у перадачы «Белсат Zoom». Кабанчук лічыць, што ў палку ён рэзерве, а ў Кабінеце займае цывільную пасаду, у нечым падобную да міністра абароны. Да азначэння сваёй працы ў Кабінеце як пасады «міністра» ён ставіцца іранічна, але падкрэслівае: задачу будаваць уласныя сілавыя структуры ніхто не адмяняў. З ім гутарыў Сяргей Падсасонны – глядзіце размову на Youtube-канале «Belsat News» і ў тэлеэфіры «Белсату».
Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны лічыць, што беларускія войскі, нягледзячы на актыўнасць блізу мяжы з Украінай і пагрозлівыя заявы Аляксандра Лукашэнкі, наўрад ці ўварвуцца ва Украіну.
Вадзім Кабанчук кажа, што на сёння не бачыць групоўкі Узброеных сілаў Беларусі, прыдатнай да ўварвання ва Украіну:
,,«Тыя сілы, якія яны падвялі да мяжу, абсалютна недастатковыя для такой задачы».
Украінскі бок, працягвае ён, дакладна разумее ўзровень небяспекі з боку Беларусі: ніхто не расслабляецца, але і не перабольшвае.
Што да баевікоў расейскай «групы Вагнэра», якія застаюцца ў Беларусі, Кабанчук адзначае: «вагнэраўцаў» як адзінай групоўкі ўжо не існуе, яны засталіся на сёння хіба «пудзілам». Па смерці кіраўніка групоўкі Яўгенія Прыгожына засталіся толькі баевікі, «расцярушаныя» па больш дробных групоўках. Некаторыя з тых баевікоў працуюць інструктарамі ў Беларусі, але Кабанчук не лічыць вартым вылучаць іх у нейкую асобную ўдарную адзінку.
Праз Беларусь у ноч на 27 жніўня зноў заляцелі ва Украіну расейскія беспілотнікі. Што гэта было: спробы абысці ўкраінскую супрацьпаветраную абарону ці нейкая правакацыя? Кабанчук не ведае, але дапускае: можа быць і тое, і тое. А можа, разважае ён, гэта Уладзімір Пуцін нагадвае Лукашэнку, што кіраўнік Беларусі не кіруе падзеямі ў рэгіёне, мае на іх абмежаваны ўплыў.
Калі Лукашэнка адважыцца на нейкі крок супраць Украіны, адказ можа быць жорсткі і прыцэльны. Кабанчук падкрэслівае, што на сёння ўкраінская армія якасна іншая, чым была ў 2022 годзе, і дэманструе гэта штотыдня. Нядаўна прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паказаў новыя распрацоўкі ўкраінскага ваенпраму, у тым ліку далёкабойныя сродкі, якія могуць ляцець сотні кіламетраў. То бок тэрыторыя Беларусі «прастрэльваецца» ў разе патрэбы, а легітымныя цэлі ёсць. Кабанчук упэўнены:
,,«Проста добрая воля ўкраінцаў і іхная стрыманая пазіцыя ўратавалі Беларусь ад адказу яшчэ ў 2022 годзе».
Што з ідэяй вызвалення Беларусі вайсковым шляхам?
Ад 6 жніўня ўкраінскія вайскоўцы вядуць поўнамаштабны наступ у Курскай вобласці Расеі, утрымліваюць дзясяткі населеных пунктаў. Ці не разглядаецца нейкі падобны сцэнар адносна Беларусі?
Кабанчук кажа, што не валодае такой інфармацыяй пра планы Генштабу Збройных сілаў Украіны. Але сумняецца, што Украіне патрэбны нейкі дадатковы «ўчастак напружання». Беларуска-ўкраінскую мяжу можна назваць «замарожаным фронтам», але лепш «замарожаны», чым «гарачыя» 1000 км мяжы.
,,«Іншая справа, што могуць быць дзеянні ў адказ на правакацыю», – падкрэслівае Кабанчук.
А што думаюць беларускія ваяры? Яны якраз разважаюць пра вызваленне Беларусі, пераконвае Кабанчук, ім уласціва пра такое размаўляць. Але вызваленне Беларусі можа ісці рознымі шляхамі – і па Аўдзееўцы ці Бахмуце бачна, што было б добра, каб вызваленне ішло не вайсковым шляхам, працягвае ён.
Стратэгія вызвалення Беларусі будуецца, паводле Кабанчука, вакол базавага элементу: аслаблення Расеі настолькі, каб Расея не змагла аказваць Лукашэнку падтрымку вайсковым шляхам. Кабанчук нагадвае, што ў 2020 годзе Расея падводзіла рэзерв Расгвардыі пад межы Беларусі, калі Лукашэнка быў у хісткім становішчы.
Падзеі ў Курскай вобласці ўжо паказваюць, па словах Кабанчука, што Расея не гатовая належным чынам бараніць уласную тэрыторыю. З кожным тыдням, працягвае ён, моц расейскай арміі змяншаецца – а значыць, для Беларусі ствараюцца ўмовы да вызвалення.
А калі наадварот? Аляксандр Лукашэнка на «педагагічным савеце» 27 жніўня распавядаў, што яму хтосьці неназваны з «шалёнага Захаду» прапануе ваяваць супраць Расеі разам з Украінай. Лукашэнка заявіў, што такога «мы прыняць не можам на 99 %». А калі прыме 1 % і стане ваяваць супраць Расеі? Пра што сведчаць такія заявы?
,,«Гэта сведчыць толькі пра тое, што на сённяшні дзень ён баіцца Расеі больш, чым Захаду», – кажа Кабанчук пра словы Лукашэнкі.
Стаўленне Лукашэнкі да Расеі сапраўды можа змяніцца, бо Лукашэнка можа кіравацца прынцыпам «своечасова здрадзіць – значыць, прадбачыць», лічыць Кабанчук. Ён працягвае: і правільна, што Лукашэнка так разважае, бо калі хоча ўратаваць сваё жыццё і свой клан, давядзецца або выходзіць з вайны ва Украіне, або пераходзіць на бок антырасейскай кааліцыі.
А ці гатовы Кабанчук супрацоўнічаць з Лукашэнкам у такой антырасейскай кааліцыі? Ён адказвае:
,,«Пад гарантыі таго, што ў Беларусі не будзе грамадзянскай вайны, не будуць разбураныя гарады і тысяч ахвяраў, можна было б разглядзець пытанні, скажам, па пэўных гарантыях для ягонай асобы».
Кабанчук падкрэсліў: гэта ягонае прыватнае меркаванне, а не пазіцыя Кабінету ці беларускіх добраахвотнікаў. І падкрэсліў яшчэ раз: гэта дапушчальна пры пэўных умовах, бо жыццё Лукашэнкі не вартае тысяч ахвяраў. Можна даць яму магчымасць уцячы ў Кітай, Паўночную Карэю ці Кубу, каб пазбегнуць тых ахвяраў.
Сяргей Падсасонны, Алесь Наваборскі belsat.eu