Украіна правяла выпрабаванні першай уласнай балістычнай ракеты. Пра гэта 27 жніўня падчас прэс-канферэнцыі паведаміў прэзідэнт краіны Уладзімір Зяленскі.
«Якія яшчэ ёсць напрацоўкі Украіны? Ну, думаў, што рана пра гэта казаць, але было выпрабаванне, станоўча, першай балістычнай украінскай ракеты. Я з гэтым віншую наш ВПК», – паведаміў Уладзімір Зяленскі.
Іншых падрабязнасцяў украінскі прэзідэнт з гэтай нагоды не прывёў. Ён толькі адзначыў, што паведаміў гэты факт з мэтай, каб грамадства магло ацаніць «нашых людзей, якія 24 на 7 працуюць на абаронных прадпрыемствах».
Нагадаем, што Украіна вядзе распрацоўку аператыўна-тактычнага комплексу «Гром-2» (экспартная назва) або «Сапсан» з 2013 году. Заяўлены радыус дзеяння ракеты – каля 280 кіламетраў, агучвалася таксама магчымасць стварэння версіі з радыусам да 500 кіламетраў. Паводле заяваў украінскіх уладаў, распрацоўка гэтай ракеты ўсё яшчэ трывае. У той жа час Расея некалькі разоў заяўляла пра збіццё ўкраінскіх ракет «Гром-2».
Падчас адзначэння Дня незалежнасці Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў пра першае паспяховае прымяненне ракеты-дрона «Паляныця».
Раман Шавель belsat.eu