У Вільні 3 жніўня адкрылася трэцяя канферэнцыя дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь». За два дні плануюць восем вялікіх дыскусіяў і сесіі адказаў на пытанні наведнікаў. «Белсат» пераказвае галоўнае.
На першы з двух дзён канферэнцыі «Новая Беларусь» запланавалі абмеркаваць адказы на ключавыя выклікі, праблемы беларусаў у эміграцыі, эканамічную сітуацыю ў Беларусі і нацыянальную ідэнтычнасць. Святлана Ціханоўская абяцае адказаць на пытанні слухачоў і карыстальнікаў праграмы «Новая Беларусь».
Жывую трансляцыю канферэнцыі вядуць на Youtube. Поўная праграма канферэнцыі тут.
Ціханоўская: не сварыцца, а працаваць разам і памятаць пра поспехі

Канферэнцыю пачалі з хвіліны маўчання па тых, хто аддаў жыццё «за нашую свабоду».
У вітальнай прамове выбраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская прызнала: цяжка і ёй, як цяжка людзям у Беларусі і беларусам у эміграцыі. Але выказала падзяку: за год атрымалася нямала, бо беларусы падтрымлівалі адно аднаго, рабілі працу супольна. Яна пахваліла вялікае мноства праектаў, ад кансультацыйнай службы Аб’яднанага пераходнага кабінету «Адно вакно» да тэлефоннага тролінгу чыноўнікаў і сілавікоў блогера Андрэя Павука.
Ціханоўская згадала нядаўні абмен зняволенымі між Захадам і Расеяй, у межах якога аддалі зняволенага ў Беларусі немца Рыка Крыгера. Выбраная прэзідэнтка прызнала: яна не ведала і не ўдзельнічала ў працэсе перамоваў, але сам факт такога абмену – важны прэцэдэнт, які яна папрабуе выкарыстаць для перамоваў па вызваленні беларусаў.
Місія – «вярнуць Беларусь беларусам», каб беларусы маглі вырашаць, дзе і як жыць, сказала Ціханоўская.
Задача на канферэнцыю – абмеркаваць стратэгію на 2025 год, «бязвыбары», вызваленне зняволеных і падтрымку рэпрэсаваных, разрыў між беларусамі на радзіме і ў эміграцыі, шляхі таго, каб «не зрабіць Беларусь суцяшальным прызам для Пуціна».
Ціханоўская нагадала: расчараванне і дэпрэсіўныя эпізоды – не назаўжды, а галоўнае – ісці далей поплеч. Адна з мэтаў рэжыму, нагадала яна, пасварыць беларусаў. І заклікала не казаць «а вось яна, а вось ён», а казаць «мы, толькі мы разам» і дзяліцца поспехамі з паплечнікамі, бо «нават самыя маленькія крокі маюць значэнне».
,,«Перамога не здараецца раптоўна, а без еднасці не бывае супольнай працы, – сказала Ціханоўская. – Толькі ад нас залежыць, у якой краіне нам жыць і ў якую краіну вяртацца».
Таксама вітальнае слова перадала старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла. Яна нагадала, што Беларусь за 30 гадоў рэжыму Лукашэнкі ператвораная ў плацдарм, з якога Еўропе пагражаюць ядравай вайной, а народ у Беларусі не можа выступіць супраць гэтага праз нечуваныя рэпрэсіі. Яна выказала салідарнасць з тымі, хто спрабуе захаваць годнасць у Беларусі, хто змагаецца з расейскай агрэсіяй ва Украіне і тым, хто ім дапамагае.

Што рабіць далей? «Шукаць балявыя кропкі»
Першая дыскусія канферэнцыі была прысвечаная адказам дэмакратычных сілаў на ключавыя выклікі. Аб стратэгіі на прэзідэнцкія выбары 2025 года не дамовіліся, нават паспрачаліся: байкот ці заклік галасаваць «супраць усіх».
Галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка канстатаваў, што адносна Беларусі «сітуацыя замарозілася», таксама і ва Украіне сітуацыя развіваецца «не дынамічна» – Украіна толькі стрымлівае напад Расеі. Аляксандра Лукашэнку такая сітуацыя, паводле Вячоркі, задавальняе: каб тое ж пытанне з палітвязнямі сышло з павесткі і не падымалася.
Галоўная задача зараз, паводле Франака Вячоркі, гэта захоўваць Беларусь у міжнародным парадку дня – «каб мы былі не на стале, а за сталом перамоваў». Але для гэтага патрэбныя сілы дыяспараў, ініцыятываў дапамогі, медыяў.
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік Народнага Антыкрызіснага Упраўлення Павел Латушка назваў цяперашнюю сітуацыю «дэматывацыяй» – нагадаў, што гэтая сітуацыя развіваецца ўжо чатыры гады. Ён прызнаў недахоп рэсурсаў і недахоп кадраў, праблему з замежнай падтрымкай – «шмат саюзнікаў, мала партнёраў».
Латушка заклікаў беларусаў хаця б прыходзіць на акцыі ў эміграцыі, а таксама заклікаў пераконваць замежных партнёраў карыстацца наяўнымі інструментамі ўплыву на сітуацыю ў Беларусі. Таксама ён заклікаў не даць Лукашэнку правесці ягоныя выбары спакойна: раскалоць ядро падтрымкі Лукашэнкі, дайсці з палітычнай павесткай да тых, хто раней не ўдзельнічаў у выбарах, і галасаваць «супраць усіх».

Спікерка Каардынацыйнай Рады Анжаліка Мельнікава назвала прыярытэтамі праграмы вызвалення палітвязняў, эвакуацыі і рэабілітацыі; лабіяванне палітыкі цывілізаванага свету для беларусаў – «не жалезнай заслоне»; вырашэнне праблемаў беларусаў за мяжой; праекты па нацыянальным адраджэнні і культуры.
Адказ на ўсе праблемы – ліквідаваць рэжым Лукашэнкі, але ні ў каго з удзельнікаў канферэнцыі няма досведу паспяховага зрынання дыктатураў.
Яна падкрэсліла: важна дзейнічаць не рэактыўна, а праактыўна. То бок «шукаць балявыя кропкі», ствараць выклікі рэжыму Лукашэнкі і працаваць на раскол элітаў, падтырмліваць тых, каго Лукашэнка лічыць пагрозай. Што да адсутнасці гучнага плану яна нагадала: у спарынгу не папярэджваюць апанента пра наступны ўдар.
Віцэ-спікерка Каардынацыйнай Рады Станіслава Гліннік нагадала пра пазаўчорашні абмен зняволенымі: у яго не трапілі не толькі беларускія палітвязні, але і палонныя беларускія добраахвотнікі. Таксама яна згадала, што ў дэмакратычных сілаў няма каго прапанаваць для абмену з Лукашэнкам, а ў Лукашэнкі няма ўмоваў для вызвалення палітвязняў – няма другога боку для перамоваў. Яна запрасіла зацікаўленых да працы ў камісіях па вызваленні палітвязняў у КР. Таксама яна заклікала «не стаць адзінымі, а захаваць адзінства» перад «бязвыбарамі» 2025 года.
Яшчэ адзін выклік – не даць стварыць «жалезную заслону» між Беларуссю і цывілізаваным светам, захаваць «гуманітарны калідор».
Над гэтым КР гатовая працаваць у групах «сяброў Беларусі» ў парламентах заходніх краінаў. Яшчэ адным выклікам яна назвала данясенне бачання будучыні, паабяцала правесці грамадскія слуханні ўжо створаных праектаў дэмакратычных сілаў.
Кіраўніца грамадскай арганізацыі «Сумленныя людзі» Алена Жываглод казала пра разрыў між людзьмі ў Беларусі і беларусамі ў эміграцыі. Разрыў між дэмакратычнымі сіламі і беларусамі расце, але гэта «нармальна і лагічна» ў цяперашняй сітуацыі. Каб не рос, трэба рабіць нешта карыснае для Беларусі і беларусаў, ад эвакуацыі рэпрэсаваных да дапамогі студэнтам за мяжой, ад развіцця культуры да падрыхтоўкі новых лідараў.
Паўплываць на жыццё ў Беларусі цяпер дэмакратычныя сілы не могуць, але могуць працаваць з грамадскай думкай; не могуць спыніць рэпрэсіі, але могуць спыніць нармалізацыю гэтага ў галовах людзей, не даць «перагарнуць старонку».

Сябра Каардынацыйнай рады, ейны мінулы спікер Андрэй Ягораў назваў сябе апазіцыяй у КР. Ён сказаў, што зменаў у кароткатэрміновай перспектыве не бачна, слоган «рабіць больш» не можа працаваць.
«Спадчына 2020 года» ў планах ужо не працуе, ад мэтаў 2020 года Беларусь толькі аддаляецца, прыхільнікаў пераменаў паменела, легітымнасць рэжыму Лукашэнкі расце, прызнання дэмакратычных сілаў у якасці альтэрнатыўнага ўраду не адбылося. Ён заклікаў «заняцца сабой», радыкальна мяняць стратэгічныя падыходы і думаць трэба на перспектыву на 10 і больш гадоў, а бягучым прыярытэтам зрабіць прыярытэтам вызваленне палітвязняў.
Андрэй Ягораў дапусціў частковае прызнанне легітымнасці Лукашэнкі, як то праз вяртанне амбасадараў, дзеля вызвалення палітвязняў.
«Змены ў сітуацыі рэакцыі звычайна не адбываюцца. Для таго, каб мы мелі шанцы на новыя змены, патрэбная сітуацыя адлігі, лібералізацыі, большай свабоды дзеянняў для субʼектаў грамадзянскай супольнасці і палітычных субʼектаў. Таму мы мусім арыентавацца на стварэнне гэтай сітуацыі. І нейкія формы дыялогу і прызнання яго субʼектнасці неабходныя для таго, каб рухацца для стварэння гэтай сітуацыі», – патлумачыў Ягораў сваю пазіцыю ў каментары карэспандэнту «Белсату».
Паводле яго, пра гэта кажуць і іншыя прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, як то Валер Сахашчык ці Полк Каліноўскага, не выключаючы дамоўленасцяў з рэжымам, калі ім не будзе кіраваць Лукашэнка.
«У гэтым сэнсе гэта не прызнанне паразы. Гэта прызнанне сітуацыі, як яна ёсць. І праца з ёю», – дадаў Ягораў.
Кіраўнік Рады культуры Сяргей Будкін выказаўся пра разрыў між беларусамі. Важна ўцягваць людзей у Беларусі ў праекты за мяжой і дапамагаць людзям у Беларусі; весці пастаянны дыялог і шукаць, што беларусаў яднае; ствараць новыя «цэнтры сілы», накіраваных на захаванне беларускай культуры за мяжой; не губляць час.
Журналістка Таццяна Каравянкова спытала, ці плануюць дэмакратычныя сілы пераглядаць стратэгію адносна замежных партнёраў і вызвалення палітвязняў. Яна адзначыла, што пытанне палітвязняў вынеслі на другі дзень канферэнцыі.
Латушка падкрэсліў, што пазаўчорашні абмен зняволенымі быў між краінамі Захаду і Расеяй, таму Беларусь не ўключылі ў гэты працэс – і гэта балюча як яму, так і палякам, якія чакаюць вызвалення Анджэя Пачобута, і амерыканцам, якія чакаюць вызвалення Юрыя Зянковіча. Але балець пра гэта павінна і тым, хто часта бывае ў Нямеччыне і «збірае ўсе ўзнагароды», але не дамогся ўдзелу Беларусі ў абмене.
Алесь Наваборскі belsat.eu