Украіна абвясціла пра эвакуацыю 11 паселішчаў у Сумскай вобласці ў звязку з небяспекаю маштабнага наступу расейскіх войскаў.
Паводле мясцовых уладаў, пастанова прынятая з улікам «пастаяннай пагрозы для жыцця мірных жыхароў», якія цярпяць ад абстрэлаў на мяжы.
Як заявіў яшчэ 28 траўня прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, Расея сцягнула ў рэгіён больш за 50 тысяч вайскоўцаў і рыхтуецца да новага ўдару.
Паводле нямецкага выдання «Bild», расейскія войскі за апошні тыдзень захапілі ва Украіне каля 18 населеных пунктаў – гэта каля 200 квадратных кіламетраў. Найбольш складаная сітуацыя, адзначаюць журналісты, менавіта ў Сумскай вобласці, дзе Расея спрабуе стварыць буферную зону.
Акрамя таго, войскі РФ перайшлі мяжу і ў Харкаўскай вобласці, дзе ўзялі пад кантроль адну з вёсак. Аднак самыя хуткія тэмпы наступу застаюцца на Данеччыне, дзе расейцы спрабуюць захапіць апошнія 30 % тэрыторыі. Перавага ў жывой сіле, як адзначае «Bild», пачынае відавочна адчувацца на полі бою.
Раман Шавель belsat.eu