навіны

«Ён будзе сыходзіць і вяртацца». Трамп развітаўся з Іланам Маскам

Ілан Маск
Ілан Маск падчас прэс-канферэнцыі ў Авальным кабінеце 30 траўня 2025 года. Фота: Kevin Dietsch / Getty Images
podpis źródła zdjęcia

У Авальным кабінеце Белага дому ў пятніцу, 30 траўня, адбылася прэс-канферэнцыя з нагоды сыходу Ілана Маска з пасады кіраўніка Дэпартаменту эфектыўнасці дзяржаўнага кіравання (DOGE). Доналд Трамп на развітанне ўручыў мультымільярдэру залаты ключык. Медыі звярнулі ўвагу, што Маск прыйшоў з сіняком пад вокам і паводзіўся дзіўна.

Паводле афіцыйнай версіі, Ілан Маск пакінуў пасаду кіраўніка DOGE ў сувязі з заканчэннем тэрміну кантракту і таму, што хоча сканцэнтравацца на сваім бізнесе – кампаніях «Tesla» і «SpaceX», а таксама на платформе Х (былы Twitter). Продажы «Tesla» ўпалі за першыя тры месяцы гэтага года на 13 %, што было найбуйнейшым падзеннем продажаў за ўсю гісторыю кампаніі. У красавіку Маск заявіў інвестарам, што ягоны час у DOGE «значна скароціцца» і ён «будзе прысвячаць "Tesla" значна больш свайго часу».


Аднак бізнесовец не разрывае сувязяў з Белым домам – ён працягне кансультаваць адміністрацыю прэзідэнта ЗША.

,,

«Ілан насамрэч не сыходзіць. Ён будзе сыходзіць і вяртацца», – сказаў Трамп, маючы на ўвазе, што Маск будзе кансультаваць яго пры патрэбе.


Доналд Трамп і Ілан Маск у Нью-Ёрку, ЗША.  16 лістапада 2024 года. Фота: Джэф Ботары/Zuffa LLC
Ілан Маск сыходзіць з Белага дому пасля крытыкі галоўнага законапраекту Доналда Трампа навіны

Трамп на развітанне пахваліў Маска за «каласальныя змяненні ў старых метадах вядзення бізнесу ў Вашынгтоне», а падарунак – залаты ключык у футляры з выяваю Белага дому – суправадзіў словамі, што такі сувенір «атрымліваюць толькі асаблівыя людзі».


На відэазапісах з прэс-канферэнцыі добра бачна, што ў Маска сіняк каля правага вока. Прадпрымальнік патлумачыў, што яго ўдарыў пяцігадовы сын – Маск сам нібыта папрасіў яго пра гэта.



Таксама звяртаюць на сябе ўвагу дзіўныя паводзіны Маска падчас канферэнцыі – ён закідваў галаву і круціў ёй у розныя бакі. Летась выданне «The Wall Street Journal» пісала, што прадпрымальнік злоўжывае пэўнымі лекамі. Сам Маск казаў, што прымае кетамін на прызначэнне лекара. А надоечы выданне «The New York Times» напісала, што падчас выбарчай кампаніі Трампа Маск ужываў наркотыкі ў істотна большай колькасці, чым раней. Паводле відавочцаў, паплечнік Трампа заўсёды насіў з сабой скрынку з таблеткамі.


Маск напісаў у Х пра свой сыход праз дзень пасля таго, як заявіў, што «расчараваны» законапраектам Доналда Трампа аб бюджэце. Гэты праект бюджэту быў адным з галоўных складнікаў палітычнай стратэгіі Трампа, што сведчыць пра адрыў Маска ад прэзідэнта ЗША, якому ён дапамог пераабрацца ў 2024 годзе.


«Вялікі, прыгожы» законапраект Трампа ўключае падатковыя льготы на некалькі трыльёнаў долараў і павелічэнне выдаткаў на абарону. На думку Ілана Маска, гэта падрывае працу, якую ён зрабіў для Трампа дзеля скарачэння выдаткаў. Маск спыніў фінансаванне замежнай дапамогі ЗША, а таксама скараціў каля 260 тыс. з 2,3 млн федэральных цывільных работнікаў. Пасля незадавальнення з боку грамадзянаў Маск заявіў, што «DOGE проста становіцца хлопчыкам для біцця за ўсё».


Маск, які меў прыватныя канфлікты з некаторымі чальцамі кабінету міністраў Трампа, спачатку абяцаў у рамках DOGE скараціць федэральны бюджэт «прынамсі на 2 трлн долараў», потым зменшыў гэтую мэту ўдвая, а ўрэшце – да 150 млрд долараў.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10