У чацвер, 5 чэрвеня, канцлер Нямеччыны Фрыдрых Мерц упершыню пасля свайго абрання наведае ЗША, дзе ў Вашынгтоне сустрэнецца з прэзідэнтам Дональдам Трампам.
Пра сустрэчу паведаміў прэс-сакратар нямецкага ўраду Штэфан Карнеліус, піша выданне ВВС.
Плануецца, што на парадку дня сустрэчы будзе расейская вайна супраць Украіны, становішча на Блізкім Усходзе і пытанні гандлёвай палітыкі.
Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман лічыць, што сустрэча адбудзецца ў стратэгічна важны момант.
,,«Мерц дамагаўся сустрэчы з Трампам і дамогся яе ў стратэгічна важны момант: яна адбудзецца пасля чарговага раўнда перамоваў у Стамбуле. Такім чынам Мерц атрымае шанец паўплываць на далейшыя крокі Трампа адносна Украіны і Расеі», – адзначыў Фрыдман.
Вядома, што Мерц выступае за больш рашучую падтрымку Кіева, чым ягоны папярэднік Оляф Шольц. Мерц нядаўна заявіў, што Нямеччына больш не будзе абмяжоўваць Украіну ў далёкасці ўдараў з нямецкай зброі.
Нямеччыеа цяпер займае другое месца пасля ЗША па аб’ёмах ваеннай дапамогі Украіне. Доналд Трамп, хоць раней выказваўся супраць удараў у глыб тэрыторыі Расеі, апошнім часам не каментаваў гэтае пытанне.
У той жа час варта нагадаць, што Фрыдрых Мерц адмовіўся пракаментаваць, ці будзе яго краіна перадаваць Украіне дальнабойныя крылатыя ракеты «TAURUS» з радыусам дзеяння да 500 км. Ягоны папярэднік Оляф Шольц упарта адмаўляўся ад гэтых паставак, а сам Мерц падчас перадвыбарчай кампаніі выказваўся ў іх падтрымку, хоць і з пэўнымі ўмовамі. Аднак ужо пасля прыходу да ўлады ён, падобна, змяніў сваю пазіцыю. Акрамя таго, нямецкі ўрад прыняў рашэнне ўвогуле не раскрываць публічна інфармацыю пра характар ваеннай дапамогі, якая накіроўваецца ва Украіну.
Раман Шавель belsat.eu