На польска-беларускай мяжы чарга легкавых аўтаў расцягнулася на 2,5 кіламетры. Каб дабрацца з Польшчы ў Беларусь, людзі вымушаныя стаяць па 20 гадзін. Але з заездам у Польшчу – не лепш...
На беларуска-польскай мяжы з абодвух бакоў утварыліся вялікія чэргі. Людзі стаяць у чаканні, якое трывае часам больш за содні.
Паводле беларускага памежнага камітэту 31 траўня станам на 18:00 на прапускным пункце «Берасце» было 620 легкавых аўтамабіляў і 5 аўтобусаў.
У памежных чатах кіроўцы паведамляюць, што стаяць прыходзіцца ад 20 гадзін да содняў і болей.

У той жа час з выездам з Польшчы ў Беларусь сітуацыя не лепшая.
Польская памежная служба станам на 17 гадзін па беларускім часе фіксавала час праходжання памежнага пераходу ў Тэрэспалі для легкавых аўтаў – 5 гадзін, для аўтобусаў – 1 гадзіну.
Але рэальнасць крыху адрозніваецца ад афіцыйных лічбаў.
Аўтамабілісты пішуць пра тое, што чаканне займае ад 18 гадзін. А чарга да заезду ў пункт пропуску расцягнулася на 2,5 кіламетры.
Аднаму з кіроўцаў удалося зняць чаргу, якая ўтварылася з польскага боку на пераходзе «Тэрэспаль».
Адна з праблем – гэта кіроўцы, якія спрабуюць улезці па-за чаргой. Яны выкарыстоўваюць даўно апрацаваную схему, якую добра апісаў адзін з удзелькаў чату.
«Старая схема. Спачатку нахабна ўлазіць, але адразу прыціскаецца да абочыны і такі: «Не-не, я не еду! Я тут каля абочыны пастаю, аб’язджайце, калі ласка!», прапускае пару машын з чаргі і такі: «Хлопцы, я стаяў! Проста нешта з машынай здарылася, давялося на абочыну з’ехаць і чаргу прапускаць! Я зараз у чаргу перад вамі вярнуся, добра?». Асабліва нахабныя пасля сябе яшчэ з дзясятак машын могуць прапусціць», – расказвае ўдзельнік чату.
Пакуль незразумела, у чым прычына ўтварэння вялікіх чэргаў.
Адметна, што на літоўскім кірунку таксама назіраюцца затрымкі, часцей на ўезд у Беларусь. Але з паведамленняў вынікае, што тут сітуацыя ўсё ж не такая крытычная, як на польска-беларускім памежным пераходзе.
Раман Шавель belsat.eu