З 2 да 8 чэрвеня 2025 года ў Беларусі пройдзе IV Рэспубліканская акцыя «Вандруй. Адчуй. Натхняйся». У яе рамках можна будзе наведаць дзясяткі бясплатных экскурсіяў ува ўсіх рэгіёнах нашай краіны.
Мэта акцыі – папулярызаваць унутраны турызм і адкрыць беларусам і гасцям краіны ўсю разнастайнасць турыстычных магчымасцяў.
Арганізатары – Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнае агенцтва турызму.
У 2025 годзе да ініцыятывы далучыліся 1400 аб’ектаў турыстычнай сферы з усіх вобласцяў нашай краіны: аграэкасядзібы, установы культуры, адукацыі, аб’екты харчавання і пражывання, санаторна-курортныя ўстановы, турыстычныя комплексы, экапаркі, заказнікі, мастацкія і карцінныя галерэі, вытворчыя прадпрыемствы, музеі, спартовыя ўстановы, а таксама фізічныя асобы.
У перыяд акцыі аб’екты прапаноўваюць наведвальнікам:
• бясплатныя экскурсіі і кўэсты;
• дні адкрытых дзвярэй;
• майстар-класы;
• дэгустацыі страваў нацыянальнай кухні;
• прэзентацыі паслугаў і спецыяльныя прапановы.
У першы тыдзень чэрвеня можна будзе бясплатна наведаць, напрыклад, Крэўскі, Мірскі, Гальшанскі замкі, Музей лідскага бровару ААТ «Лідскае піва», Музей чыгункі ў Баранавічах, пабываць на экскурсіі па Наваградку, навучыцца веславаць на байдарках у заказніку «Сарачанскія азёры» і пабываць у сотнях цікавых мясцінаў.
Поўны спіс аб’ектаў, якія ўдзельнічаюць у акцыі, сабраны пад спасылкаю. Ён можа яшчэ абнаўляцца. Каб трапіць на экскурсіі, дэгустацыі, скарыстацца зніжкамі, трэба папярэдне запісацца. Кантакты для запісу ў кожнае месца пазначаныя ў табліцы са спісам аб’ектаў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu