Намеснік старшыні Федэрацыі хакею Беларусі Сяргей Ганчароў, які вылучаў сваю кандыдатуру на пасаду прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі хакею (IIHF), заявіў, што сыходзіць з хакею.
«Сыходжу па асабістых прычынах. Сыходжу і з IIHF, і з хакею. Жыццё занадта кароткае, хочацца пажыць. Думаю, буду адпачываць бліжэйшыя паўгода-год», – сказаў Ганчароў, паведамляе «Трыбуна».
Нагадаем, што 25 верасня прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі хакею абралі прэзідэнта Федэрацыі хакею Францыі Люка Тардзіфа. На пасаду прэзідэнта IIHF прэтэндаваў таксама Сяргей Ганчароў. Пасля паразы ў прэзідэнцкіх выбарах ён адмовіўся вылучаць сваю кандыдатуру ў раду ІІХФ і на пасаду віцэ-прэзідэнта.
Таксама ў гэты дзень мелі выбраць новага старшыню і Федэрацыі хакею Беларусі, але паведамленняў пра вынікі пакуль няма. Старшыня ФХРБ Дзмітрый Баскаў пакінуў сваю пасаду 10 верасня, бо быў дыскваліфікаваны IIHF з прычыны падазрэнняў у датычнасці ў забойстве Рамана Бандарэнкі.
МГ belsat.eu