Растоўскае СІЗА ўзялі штурмам. Усе шасцёра тэрарыстаў забітыя


Захоп закладнікаў у СІЗА Растова-на-Доне завяршыўся штурмам. Як паведаміла Федэральная служба выканання пакаранняў, «злачынцы ліквідаваныя», работнікі ізалятару «вызваленыя і не пацярпелі». Спачатку ведамства не ўдакладніла, ці ўсе шэсць тэрарыстаў забітыя, аднак пазней пацвердзіла гэтую інфармацыю, перадае прапагандысцкі канал RT.

Адзін з тэрарыстаў, якія ўзялі закладнікаў у СІЗА Растова-на-Доне, Расея. 16 чэрвеня 2024 года.
Скрыншот: chtddd / Telegram

Шасцёра зняволеных узялі ў закладнікі двух супрацоўнікаў СІЗА і патрабавалі машыну, каб можна было ўцячы. Улады паведамілі, што вядуць перамовы, і рыхтаваліся да штурму. Цэнтр Растова-на-Доне, дзе знаходзіцца следчы ізалятар, перакрылі, туды сцягнулі сілавікоў.

Спачатку на тэрыторыю СІЗА заехала машына хуткай дапамогі, следам за ёю – група спецназа. Неўзабаве прагучаў выбух і пачалася страляніна.

«Падчас спецыяльнай аперацыі ў вызваленні закладнікаў злачынцы ліквідаваныя, супрацоўнікі, якія былі ў закладніках, вызваленыя і не пацярпелі», – адсправаздачылася Федэральная служба выканання пакаранняў.

З гэтага паведамлення не было зразумела, ці ўсе злачынцы былі забітыя, аднак пазней у ведамстве пацвердзілі, што ўсе.

На відэа, што раней знялі самі баевікі, яны называлі сябе чальцамі тэрарыстычнай арганізацыі ІГІЛ. Як паведамлялася, трое з іх у снежні летась былі асуджаныя на 18 гадоў і 18,5 года за ўдзел у «Ісламскай дзяржаве» і рыхтаванні да тэракту. Паводле версіі следства, яны планавалі ўзарваць будынак Вярхоўнага суда Карачаева-Чаркесіі.

Медыі таксама звярнулі ўвагу, што менш чым за тыдзень да сённяшняга здарэння рэгіянальнае ўпраўленне Федэральнай службы выканання пакаранняў апублікавала рэпартаж з гэтага СІЗА, у матэрыяле адзначаецца, што ахова ў гэтай установе – найлепшая ў Растоўскай вобласці.

Паводле звестак каналу «Baza», зняволеныя выбілі краты ў сваёй камеры і трапілі ў дзяжурную частку, дзе схапілі двух супрацоўнікаў. Крыніца агенцтва ТАСС пры гэтым казала, што тэрарыстаў утрымлівалі ў розных камерах, але паміж імі была сувязь. Захоп закладнікаў нібыта рыхтаваўся некалькі месяцаў і мог каардынавацца звонку.

Hавiны
У расейскім Растове тэрарысты захапілі закладнікаў у СІЗА і заявілі, што здавацца жывымі не будуць
2024.06.16 10:45

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў