Раяць планаваць на дарогу 20 гадзінаў. Якая сітуацыя на выездзе з Беларусі ў краіны ЕЗ


Сітуацыя з выездам з Беларусі ў краіны Еўрапейскага Звязу застаецца напружанай. Як для прыватных легкавых аўтамабіляў, гэтак і для рэйсавых аўтобусаў.

Чарга на польска-беларускай мяжы з легкавых аўтамабіляў і аўтобусаў каля пераходу «Тэрэспаль» («Берасце»). Тэрэспаль, Польшча. 14 траўня 2024 года.
Фота: Карына Пашко / Белсат

Паводле звестак беларускага Дзяржаўнага памежнага камітэту станам на 12:00 15 чэрвеня, на мяжы з Латвіяй у пункце пропуску «Грыгароўшчына» чарга легкавікоў складала 40 машын, з Літвой у «Каменным Логу» – 100 і ў «Беняконях» – 70. На беларуска-польскай мяжы ў «Берасці» выезду з Беларусі чакалі 200 легкавых аўтамабіляў. Што датычыць аўтобусаў, то толькі ў «Берасці» іх было два ў чарзе.

Пры гэтым названыя лічбы не адлюстроўваюць часу, колькі можа спатрэбіцца для праходжання мяжы. Гэтак, у тэматычных тэлеграм-чатах людзі паведамляюць, што каб прайсці беларуска-польскую мяжу з абеду 14 чэрвеня ў іх сыходзіла ад 5-9 да 19-22 гадзінаў. Назад можна было праехаць за 12,5 гадзінаў. Рэйсавым аўтобусам у два бакі трэба было прыкладна ад шасці да дзевяці гадзінаў.

На мяжы з Літвой людзі скардзяцца, што машыны прапускаюць нестабільна – то па тры машыны, то па адной за паўгадзіны. У выніку стаяць даводзіцца на выезд з Беларусі ад 4 да 12 гадзінаў. Рэйсавыя аўтобусы гэты шлях прахадзілі за 11-12 гадзінаў, а назад – за 5-7.

У Латвію можна ўехаць за пяць гадзінаў, а назад, як кажуць, можна прамарнаваць і 17.

У чатах людзі сварацца на тых, хто вязе ў Літву прадукты ці цыгарэты, што забаронена і ў выніку зацягвае рух чаргі. Скардзяцца і на тых, хто спрабуе ўехаць без чаргі. А таксама на літоўскія ўлады, якія ўвялі прадуктовыя абмежаванні на ўезд.

Агулам падарожным раяць закладаць на дарогу да 20 гадзін і ў выпадку перасадкі, напрыклад, на самалёт планаваць начоўку ў Вільні, каб не прапусціць рэйс.

Агляд
Сотні аўтаў і содні чакання. Выезд з Беларусі ў ЕЗ застаецца пакутлівы
2024.06.13 08:16

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў