У Швейцарыі пачаўся саміт міру


15 чэрвеня ў Швейцарыі пачаўся Глабальны саміт міру, на якім абмяркоўвацца шляхі мірнага ўрэгулявання сітуацыі ва Украіне. Удзел у мерапрыемстве пацвердзілі 100 дэлегацыяў, з якіх 92 – гэта прадстаўнікі розных краін і 8 – арганізацыі. Але пакуль незразумела, якім будзе ягоны вынік, бо невядома, ці пагодзяцца ўсе ўдзельнікі з канчатковай дэкларацыяй. 

Выступ Уладзіміра Зяленскага на саміце міру. 15 чэрвеня, Швейцарыя.
Фота: Zelenskiy / Official / Telegram / скрыншот з відэа

Напярэдадні свой удзел у саміце таксама пацвердзілі 57 прэзідэнтаў краін. Пры гэтым прадстаўнікі Расеі не былі запрошаныя на мерапрыемства, не прысутнічаюць на ім і лідары Кітая, Бразіліі і Глабальнага Поўдня, якія настойвалі на ўдзеле Расеі ў саміце.

Адкрываючы саміт, прэзідэнтка Швейцарыі Віёла Амерд адзначыла, што ўжо існуюць планы на правядзенне будучых самітаў, на якіх могуць прысутнічаць і прадстаўнікі Расеі. Яна падкрэсліла, што на палях саміту можна падрыхтаваць «глебу для прамых перамоваў паміж ваюючымі бакамі: для гэтага мы тут».

У сваю чаргу, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, падчас свайго выступу выказаў надзею, што сустрэча дапаможа дамагчыся справядлівага спынення вайны ва Украіне.

«Я веру, што мы станем сведкамі таго, як тут, на саміце, творыцца гісторыя, – сказаў Зяленскі. – Няхай як мага хутчэй усталюецца справядлівы мір», – дадаў ён.

Пры гэтым Уладзімір Зяленскі заявіў пра з’яўленне «формулы міру» і адзначыў, што шмат краінаў, якія не прысутнічаюць на саміце, таксама падтрымліваюць яе.

«Але ў любым выпадку свет мацнейшы. Менавіта таму нарадзілася формула свету, формула яднання сусветнай большасці дзеля міру для эфектыўнасці мэт, прынцыпаў і статутаў ААН, міжнароднага права, а значыць – і глабальнай бяспекі», – сказаў Зяленскі.

Што да выніковай дэкларацыі, то, паводле паведамленняў СМІ, паміж дэлегацыямі ўсё яшчэ застаецца некалькі спрэчных момантаў. Часам спрэчкі выклікаюць нават асобныя словы. На дадзены момант незразумела, ці будзе ўвогуле прынятая выніковая дэкларацыя ўсімі дзяржавамі.

Ёсць меркаванне, што дэкларацыя можа быць прынятая ўвогуле без кансэнсусу, і кожная дзяржава зможа ўказаць, прымае яна яе ці не. Паводле прагнозаў, перамовы па дэкларацыі могуць працягнуцца да апошніх хвілінаў работы саміту, які заканчваецца ў нядзелю, 16 чэрвеня.

Нагадаем, што за дзень да мірнага саміту ў Швейцарыі Уладзімір Пуцін агучыў свае ўмовы для пачатку мірных перамоваў з Украінаю. Ён заявіў, што для гэтага ўкраінскія войскі павінны быць выведзеныя з усёй тэрыторыі Данецкай, Луганскай, Запарожскай ды Херсонскай абласцей. Таксама запатрабаваў «нейтральны, пазаблокавы, бяз’ядравы статус Украіны», яе «дэмілітарызацыю і дэнацыфікацыю», скасавання ўсіх заходніх санкцыяў супраць Расеі.

Ва Украіне адрэагавалі на такую прапанову, адзначыўшы, што насамрэч ніякіх новых «мірных прапановаў» Расеі не існуе, а Пуцін проста агучыў «стандартны набор агрэсара».

Аналітыка
Першыя крокі. Хто паедзе на саміт міру ў Швейцарыі і навошта ён патрэбны Украіне
2024.06.06 14:00

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў