На наступны саміт за мір для Украіны могуць паклікаць Расею


Агенцтва «Reuters» апублікавала праект камюніке, падрыхтаванага для ўдзельнікаў мірнага саміту ў Швейцарыі. У дакуменце ідзецца пра дэпартаваных украінскіх дзяцей, харчы, Запарожскую АЭС і ядравыя пагрозы. З заявы таксама вынікае, што на наступныя перамовы могуць запрасіць Расею. Колькі краінаў падпішуць камюніке, пакуль не вядома.

Удзельнікі саміту за мір для Украіны. Люцэрн, Швейцарыя. 15 чэрвеня 2024 года.
Фота: Moncloa / Zuma Press / Forum

«Вайна Расеі супраць Украіны працягвае прычыняць маштабныя чалавечыя пакуты і разбурэнні, ствараць рызыкі і крызісы з глабальнымі наступствамі для ўсяго свету. Мы сабраліся ў Швейцарыі 15–16 чэрвеня 2024 года, каб актывізаваць дыялог на высокім узроўні аб шляхах дасягнення ўсёабдымнага, справядлівага і трывалага міру для Украіны», – гэтак пачынаецца заява ўдзельнікаў саміту, праект якой апублікавала агенцтва «Reuters».

Краіны, якія падпішуць дакумент, заклічуць не ўжываць сілу «супраць тэрытарыяльнай цэласнасці і палітычнай незалежнасці любой дзяржавы», а таксама пацвердзяць прыхільнасць да суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці ўсіх дзяржаваў, у тым ліку Украіны, у міжнародна прызнаных межах. Усе супярэчнасці мусяць развязвацца мірнымі сродкамі.

Акрамя таго, падпісанты маюць пагадзіцца з наступным:

  • любое выкарыстанне ядравай энергіі мусіць быць бяспечным і надзейным, украінскія АЭС, у тым ліку Запарожская, павінны працаваць пад поўным кантролем Украіны ў адпаведнасці з прынцыпамі МАГАТЭ і пад назіраннем арганізацыі;
  • любыя пагрозы або ўжыванне ядравай зброі ў кантэксце вайны супраць Украіны недапушчальныя;
  • свабоднае, паўнавартаснае і бяспечнае суднаходства і доступ да партоў у Чорным і Азоўскім марах маюць вызначальнае значэнне дзеля глабальнай харчовай бяспекі, напады на судны, парты і партовую інфраструктуру недапушчальныя, харчовая бяспека не мусіць станавіцца зброяй, украінскія харчы маюць свабодна экспартавацца;
  • усе ваеннапалонныя мусяць быць вызваленыя шляхам абмену;
  • усе дэпартаваныя і незаконна перавезеныя ўкраінскія дзеці, а таксама іншыя грамадзяне, якія былі незаконна затрыманыя, павінны быць вернутыя ва Украіну.

Таксама з праекту камюніке вынікае, што на мірныя перамовы могуць запрасіць Расею:

«Мяркуем, што дасягненне міру патрабуе ўдзелу і дыялогу паміж усімі бакамі. Таму мы пастанавілі зрабіць канкрэтныя крокі ў вышэйзгаданых вобласцях з далейшым прыцягненнем прадстаўнікоў усіх бакоў».

Удзел у саміце ў Швейцарыі пацвердзілі 100 дэлегацыяў, з якіх 92 – гэта прадстаўнікі розных краін і 8 – арганізацыі. Хто з іх падпіша дэкларацыю, а хто – не, пакуль не вядома. Медыі паведамлялі, што паміж дэлегацыямі ўзніклі спрэчкі, рознагалоссі выклікаюць нават асобныя словы.

На гэты саміт ані Расею, ані Беларусь як суўдзельніцу вайны не запрасілі.

Аналітыка
Першыя крокі. Хто паедзе на саміт міру ў Швейцарыі і навошта ён патрэбны Украіне
2024.06.06 14:00

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў