Сталі вядомыя падрабязнасці затрымання намесніка кіраўніка БЧ: у яго знайшлі $3 млн


Дзяржаўныя медыі Беларусі і сілавікі раскрылі падрабязнасці затрымання першага намесніка начальніка Беларускай чыгункі Пятра Дулуба. Пра яго затрыманне амаль два тыдні таму паведамляла незалежная «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі».

Першы намеснік кіраўніка Беларускай чыгункі Пётр Дулуб.
Фота: rw.by

У эфіры тэлеканала АНТ Пятра Дулуба назвалі найбуйнейшым хабарнікам у гісторыі Беларусі. Яго затрымалі на месцы пасля атрымання грошай ад камерсанта.

Затрыманы грошы хаваў у тайніках кватэры і загараднага дому цешчы. Хабары браў гадамі, але сам пры гэтым вёў аскетычны лад жыцця.

Пачатая крымінальная справа паводле ч.3 арт.430 КК за атрыманне хабару асобай, якая займае адказнае становішча, у асабліва буйным памеры. Дулуба вінавацяць у сістэмным хабарніцтве пры лабіяванні інтарэсаў камерцыйных структураў са сферы грузаперавозак. Агулам канфіскавана больш як $3 млн.

Hавiны
«Супольнасць чыгуначнікаў» паведаміла пра затрыманне за хабар намесніка кіраўніка БЧ
2024.06.03 18:17

Пра тое, што затрыманы першы намеснік кіраўніка Беларускай чыгункі, яшчэ на пачатку чэрвеня паведаміла «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі». Паводле яе, Дулуб цяпер знаходзіцца ў СІЗА ў Калядзічах. Топ-менеджара затрымалі пры атрыманні ім адмыслова пазначаных купюраў.

Разам з ім сілавікі схапілі намесніка гендырэктара дзяржаўнага транспартава-лагістычнага цэнтру Беларускай чыгункі «Белінтэртранс» Паўла Лушчая, таксама пры перадаванні яму пазначаных банкнотаў.

«Супольнасць чыгуначнікаў» пры гэтым адзначае, што кар’ера Дулуба «паспяхова развівалася пры непасрэдным удзеле [гаманца Аляксандра Лукашэнкі. – рэд. belsat.eu] Мікалая Вараб’я ў сувязі з найбуйнейшымі для краіны і вельмі важнымі для выжывальнасці нелегітымнай улады праектамі». Тут ідзецца пра будаўніцтва і працу марскіх тэрміналаў для экспарту ўгнаенняў.

Акрамя таго, неназваныя крыніцы звязваюць гэтую справу з затрыманнем кіраўніка і ўласніка прыватнай кампаніі «Сіфуд-Сэрвіс» Віталя Петрукевіча. Гэтая фірма прапануе транспартава-экспедыцыйныя паслугі ў галіне міжнародных грузаперавозаў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў