Расейскі ваенны самалёт парушыў паветраную прастору Швецыі


Расейскі ваенны бамбардавальнік Су-24 на некаторы час парушыў паветраную прастору Швецыі. На яго перахоп былі адпраўленыя два знішчальнікі.

Бамбардавальнік Су-24.
Фота: neftegaz.ru

Інцыдэнт адбыўся 14 чэрвеня на ўсход ад вострава Готлянд у Балтыйскім моры, які за 300 кіламетраў ад расейскага Калінінграду.

Паводле заявы шведскіх УС, расейскі бамбардавальнік атрымаў папярэджанне, але не адрэагаваў на яго.

Адразу пасля гэтага ў неба былі паднятыя два знішчальнікі «JAS-39 Gripen», у суправаджэнні якіх расейскі самалёт пакінуў паветраную прастору Швецыі.

Пасля інцыдэнту кіраўнік шведскіх ПВС Ёнас Вікман адзначыў, што «дзеянні Расеі непрымальныя і сведчаць пра адсутнасць павагі да нашай тэрытарыяльнай цэласнасці».

«Мы сачылі за ўсім ланцужком падзеяў і былі гатовыя ўмяшацца», – дадаў Вікман.

Апошні раз расейскія самалёты парушалі паветраную прастору Швецыі ўвесну 2022 года. Гэта першы інцыдэнт пасля ўступлення краіны ў NATO (7 сакавіка 2024 года).

Нагадаем, што Швецыя бярэ ўдзел у Саміце міру, які праходзіць гэтымі днямі ў Швейцарыі.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў