«Уначы – мёртва». У чэргах на выезд з Беларусі налічылі 700 легкавікоў, час чакання ў «Беняконях» – 29 гадзінаў


Сітуацыя ў памежных пунктах на выездзе ў краіны ЕЗ не паляпшаецца. Паводле звестак Памежнага камітэту Беларусі на 8 раніцы, у чэргах – 700 легкавікоў. У чатах пішуць, што выезду ў Польшчу даводзіцца чакаць амаль содні.

Польскі памежны пункт «Тэрэспаль». 16 чэрвеня 2024 года.
Фота: granica_bypl / Telegram

«Уначы – мёртва. Амаль не рухаліся», – пішуць у Telegram-чатах падарожнікі, якія проста зараз стаяць у чарзе перад пунктам пропуску «Варшаўскі мост – Тэрэспаль».

Сёння мяжу мінулі тыя, хто стаў у чаргу яшчэ раніцай у суботу. Чакаць давялося амаль содні.

На аўтобусе – шпарчэй, але таксама доўга, не менш за 12 гадзінаў.

Паводле звестак Памежнага камітэту Беларусі на 8 раніцы, у чарзе ў Берасці – 400 легкавікоў і 2 аўтобусы.

Пры гэтым адзначаюцца сур’ёзныя затрымкі перад «Тэрэспалем» на заезд у Беларусь. На легкавых даводзіцца чакаць 16 гадзінаў.

«Чарга калом стаіць. Такое адчуванне, што нашыя на працу забілі».

Аўтобусам таксама не хутка: каля 8–10 гадзінаў.

Hавiны
У Беларусь не пусцілі замежніка з-за карцінак пра вайну і палітыкаў
2024.06.15 19:32

21 гадзіну даводзіцца чакаць і ў «Каменным Лозе» вы наезд у Літву. Цяпер там, паводле памежнага камітэту, 170 аўтаў. Аўтобусаў у чарзе нібыта няма, але яны захрасаюць перад літоўскім кантролем, там іх 8, паведамляюць відавочцы. У суботу ўвечары мінання мяжы чакалі каля 5 гадзінаў, а сённяшнім не пашчасціла: дагэтуль стаяць аўтобусы, якія прыехалі на пункту пропуску ўначы.

У «Беняконях», як пішуць у чатах, усё кепска. Падарожнікі сцвярджаюць, што на легкавіках давялося чакаць 28–29 гадзінаў. Літоўскія службоўцы ў сумежным пункце «Шальчынінкай» пільна даглядаюць рэчы і прымушаюць выкідаць запакаваныя харчы. Паводле памежнага камітэту Беларусі, там у чарзе зараз 100 аўтаў. Пры гэтым аўтобусы прапускаюць хутка, патрабуецца некалькі гадзінаў, хаця «усе сумкі ва ўсіх паглядзелі да дна». Зараз аўтобуснай чаргі ў «Беняконях» няма.

Выезду ў Латвію даводзіцца чакаць каля 7–8 гадзінаў. Зараз у «Грыгароўшчыне» 30 легкавікоў.

Агляд
Раяць планаваць на дарогу 20 гадзінаў. Якая сітуацыя на выездзе з Беларусі ў краіны ЕЗ
2024.06.15 12:44

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў