У расейскім Растове тэрарысты захапілі закладнікаў у СІЗА і заявілі, што здавацца жывымі не будуць


У следчым ізалятары ў Растове-на-Доне зняволеныя ўзялі ў закладнікі двух ахоўнікаў. Як паведаміла рэгіянальнае ўпраўленне Федэральнай службы выканання пакаранняў, цяпер ідуць перамовы. Паводле звестак Telegram-каналу «112», злачынцы запатрабавалі машыну, каб уцячы, і заявілі, што жывымі здавацца не будуць. Яны назвалі сябе чальцамі тэрарыстычнай арганізацыі ІГІЛ.

Тэрарыст з закладнікам на тэрыторыі СІЗА ў Растове-на-Доне, Расея. 16 чэрвеня 2024 года.
Скрыншот: ENews112 / Telegram

Захоп двух супрацоўнікаў растоўскага СІЗА пацвердзілі ў Федэральнай службе выканання пакаранняў.

«Ідуць перамовы аб вызваленні закладнікаў. Установа функцыянуе ў штатным рэжыме, абстаноўка кантралюецца», – запэўнівае ведамства.

Telegram-канал «112» апублікаваў некалькі відэа, што знялі самі захопнікі. Яны кажуць пра датычнасць да тэрарыстычнай арганізацыі ІГІЛ, паскардзіліся, што ў Растове «іх братоў саджаюць, даюць тэрміны», заявілі, што іх «падрыхтаваў сам Алах» і што жывымі яны здавацца не будуць. Злачынцы патрабуюць аўтамабіль і магчымасць уехаць.

Адзін з двух закладнікаў на відэа кажа:

«Людзі настроеныя сур’ёзна. Пачуйце іх».

Захопнікі ўзброеныя нажамі, сякерамі і дручкамі. Імаверна, яны спрабуюць знайсці сховішча агнястрэльнай зброі.

Паводле каналу «Baza», шасцёра зняволеных выбілі краты ў сваёй камеры і трапілі ў дзяжурную частку, дзе схапілі двух супрацоўнікаў.

Медыі таксама распаўсюдзілі дадзеныя пяцёх злачынцаў. Трое з іх у снежні летась былі асуджаныя на 18 гадоў і 18,5 года за ўдзел у «Ісламскай дзяржаве» і рыхтаванні да тэракту. Паводле версіі следства, яны планавалі ўзарваць будынак Вярхоўнага суда Карачаева-Чаркесіі.

Цэнтр Растова, дзе знаходзіцца СІЗА, перакрыты, туды сцягнутыя сілавікі.

Апошні напад у Расеі, за які ўзяла на сябе адказнасць тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава», адбыўся 22 сакавіка, калі баевікі (як сцвярджае следства, нарадзінцы Таджыкістану) атакавалі канцэртную залу «Крокус Сіці Хол» пад Масквою. Загінулі 145 асобаў, у тым ліку грамадзяне Беларусі. Расейскія ўлады нібыта знайшлі ў тым тэракце «украінскі след».

Hавiны
У дачыненні да працаўнікоў «Crocus City Hall» пасля тэракту пачалі справу за халатнасць
2024.04.07 14:24

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў