Рух расейцаў і лакальныя поспехі ЗСУ. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 843-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 15 чэрвеня чытайце ў нашым аглядзе.

Украінскія вайскоўцы 28-й асобнай механізаванай брыгады «Рыцары зімовай кампаніі», 36-гадовы Мікалай з пазыўным «Шэва» і 38-гадовы Аляксей з пазыўным «Марыупаль», рыхтуюцца кіраваць баявой машынай пяхоты БМП-2 паблізу лініі фронту падчас нападу Расеі на Украіну, у Данецкай вобласці, Украіна, 14 чэрвеня 2024 г.
Фота: Alina Smutko / Reuters / Forum

Сумскі і харкаўскі кірунак (лінія фронту ў памежных раёнах аднайменных вобласцяў)

На поўначы Харкаўскай вобласці асноўныя баявыя дзеянні па-ранейшаму лакалізуюцца на двух участках фронту – з поўначы ад буйнога сяла Ліпцы і на тэрыторыі гораду Ваўчанск і ягоных ваколіцаў (у Харкаўскім і Чугуеўскім раёнах адпаведна).

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» піша, што пад Ліпцамі войскі РФ ціснуць цягам усіх содняў, адначасова з гэтым ідзе назапашванне жывой сілы ў прылеглых да сяла лясных масівах. Пакуль Сілам абароны Украіны ўдаецца з дапамогай артылерыі і FPV-дронаў загадзя знішчаць штурмавыя групы праціўніка.

Тым часам у Ваўчанску, паводле крыніцы, у складаным становішчы аказаліся расейскія вайскоўцы на тэрыторыі Агрэгатнага заводу: украінцы атачылі праціўніка, перарэзаўшы адзіную дарогу да прадпрыемства, і цяпер Узброеныя сілы РФ вымушаныя забяспечваць сваіх байцоў скідамі з БпЛА боекамплекту і прыпасаў.

Між тым прарасейскі канал «Фронтовая птичка» адмаўляе інфармацыю пра атачэнне.

Купянскі і ліманскі кірункі (усходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

У Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны паведамілі, што на купянскім і ліманскім кірунках цягам апошніх содняў Сілы абароны краіны адбілі шэраг атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Петрапаўлаўка, Андрэеўка, Грэкаўка, Неўскае і Макееўка. Баі на гэтых участках фронту працягваюцца.

Тым часам аналітыкі праекту Deepstate пішуць, што самыя ЗСУ выбілі праціўніка з часткі пазіцыяў на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва ў Луганскай вобласці.

Сівэрскі, краматорскі і тарэцкі кірункі (лінія фронту ў Данецкай і Луганскай вобласцях з поўдня ад ракі Сівэрскі Данец)

На паўднёвым фланзе сівэрскага кірунку Узброеныя сілы РФ ціснуць у ваколіцах сяла Раздолаўка, але, паводле ўкраінскага камандавання, поспеху не маюць.

Між тым прарасейскі тэлеграм-канал «Два майора» сцвярджае, што войскі РФ прасунуліся побач з Раздолаўкай на адлегласць да аднаго кіламетра на ўчастку фронту шырынёй каля двух.

На краматорскім кірунку асноўнай гарачай кропкай застаюцца ваколіцы Часавага Яру.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што за апошнія дні УС РФ значна прасунуліся ва ўсходняй частцы гораду і ўсталявалі кантроль над большай часткай прамысловай зоны.

Адначасова з гэтым войскі РФ ціснуць на флангах: на поўначы яны зачысцілі дзве шырокія лесапаласы абапал чыгуначнай лініі, а таксама занялі лес з поўдня ад сяла Багданаўка.

На паўднёвым фланзе, па словах крыніцы, расейцы прасунуліся ад сяла Іванаўскае ў бок Клішчыеўкі.

Тым часам у самім населеным пункце, паводле Deepstate, войскі РФ адышлі з часткі раней займаных пазіцыяў.

Праўкраінскі канал «Офіцер» адзначае, што ў Іванаўскім і Клішчыеўцы ЗСУ маюць цяжкасці з забеспячэннем сваіх вайскоўцаў.

Пакроўскі і курахаўскі кірункі (на поўначы, захадзе і паўднёвым захадзе ад Данецку)

Ініцыятыва Узброеных сілаў РФ захоўваецца і на пакроўскім кірунку, дзе яны наступаюць шырокім фронтам з захаду ад раней занятага гораду Аўдзееўка.

У Deepstate фіксуюць прасоўванні расейцаў каля сёлаў Новапакроўскае і Яснабродаўка.

Канал «Два майора» піша, што цяпер войскі РФ намагаюцца атачыць праціўніка на выступе па фронце паміж Новапакроўскім і Уманскім.

На курахаўскім кірунку працягваюцца гарадскія баі ў Краснагораўцы – «Рыбарь» паведамляе пра паступовае выцісканне ЗСУ з населенага пункту.

Ніжэй па фронце прарасейскія крыніцы адзначаюць істотныя прасоўванні УС РФ у Георгіеўцы або поўны захоп сяла.

Між тым канал «Офіцер» сцвярджае, што пад кантролем ЗСУ ўсё яшчэ застаецца каля 30-50% населенага пункту: напачатку расейцы сапраўды змаглі праехаць на цяжкай тэхніцы цераз усю Георгіеўку да суседняй Максімільянаўкі, але пазней яны былі разбітыя і адкінутыя назад.

На поўдні кірунку войскі РФ атакуюць каля сёлаў Парасковіеўка і Канстанцінаўка, але істотных поспехаў не маюць.

Урэмаўскі, арэхаўскі і прыдняпроўскі кірункі (захад Данецкай, а таксама Запарожская і Херсонская вобласці)

На поўдні Данецкай вобласці працягваюцца баі на так званым урэмаўскім выступе ў ваколіцах населеных пунктаў Ураджайнае і Старамаёрскае, але пакуль ЗСУ ўдаецца стрымліваць штурмавыя групы праціўніка.

У Запарожскай вобласці, паводле каналу «Два майора», войскі РФ прасунуліся каля сяла Загорнае (на поўдні ад Гуляйполя), узяўшы пад кантроль дарогу да суседняга сяла Мірнае.

Далей на захад расейцы ціснуць на выступе па фронце каля гораду Арэхаў, але лінія сутыкнення застаецца нязменнай.

У Херсонскай вобласці Узброеныя сілы РФ безвынікова атакавалі на левым беразе Дняпра каля сяла Крынкі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

 

Стужка навінаў