Уладзімір Патокаў: Гэта яшчэ не грамадзянская вайна, але Прыгожын адчыніў скрыню Пандоры


Аўтар кнігі  «Рождение героев» і заснавальнік расейскага культурніцкага цэнтрe ў Маскве і Самарскай вобласці Уладзімір Патокаў пракаментаваў «Белсату» падзеі, звязаныя з мяцяжом Прыгожына. Патокаў лічыць, што гэтыя падзеі пакуль яшчэ рана называць пачаткам грамадзянскай вайны ў Расеі. На яго погляд, гэта «разборкі сілавых груповак», і Прыгожын у іх «ужо прайграў».

Байцы ПВК Вагнэра на танку ля будынку Паўднёвай вайсковай акругі. Растоў-на-Доне, Расея.
Фота: Karbinov Anatoly / Russian Look / Forum

«Так, жарсці цяпер кіпяць, і многія напалоханыя. Але гэта не грамадзянская вайна ў такім выглядзе, як з падручнікаў па гісторыі стогадовай даўніны. Аднак Яўгеній Прыгожын адчыніў фактычна скрыню Пандоры. Таму што калі да гэтага ўсе сур’ёзныя пытанні паміж крамлёўскімі групоўкамі вырашаліся кулуарна, то цяпер яны  пачалі фізічна адзін аднаго знішчаць», – сказаў Уладзімір Патокаў.

Паводле яго, Прыгожын ужо прайграў, бо не заручыўся падтрыманнем насельніцтва.

«Яму патрэбная падтрымка народу. Калі б ён заняў Растоўскую і Варонежскую вобласці, як цяпер, і прыцягнуў цывільных да абароны, заснаваў бы новую дзяржаву, а потым абвясціў ўсеагульны паход на Маскву – тады б у яго ўсё атрымалася. Але Прыгожын застаўся верны сваім ідэям па «паняццях»: ён проста забіў стрэлку з Шайгу, які падарваў яго людзей. Вось ведаеце, серыял «Бандыцкі Пецярбург» раней паказвалі, дык гэта вось тое ж самае, толькі ўжо на ўзроўні вялікіх воінскіх злучэнняў. Нічым не адрозніваецца», – лічыць Уладзімір Патокаў.

Уладзімір Патокаў кажа, што здацца – не па «паняццях» Прыгожына, цяпер ён будзе біцца да канца. Таму цягам некалькіх дзён усе будуць назіраць узброеныя сутыкненні, якія ўжо пачаліся.

«Так што пра грамадзянскую вайну не будзем казаць. У грамадзянскай вайне ўдзельнічае народ. А народ цяпер пасіўна глядзіць збоку», – падсумаваў Уладзімір.

Ён таксама дапускае, што ў сувязі з сітуацыяй, якая склалася, расейскі фронт ва Украіне пачне развальвацца, будзе назірацца масавае дэзерцірства, а Крэмль абвесціць другую мабілізацыю і пачне яшчэ больш закручваць гайкі.

Каментар
«Уявіце сабе, як бурыцца ўтульны свет дыктатара». Як мяцеж Прыгожына ўплывае на Лукашэнку
2023.06.24 14:26

«Але я таксама не выключаю, што камусьці з гэтых вар’ятаў прыйдзе ў галаву апошні довад – выкарыстоўваць ядравую зброю. Таму што калі фронт пасыплецца і зʼявіцца пагроза, што ўкраінскія войскі пачнуць вызваляць Крым, то я не выключаю самага дрэннага сцэнара, на жаль», – сказаў Уладзімір Патокаў.

Заснавальнік ПВК Вагнэра Яўген Прыгожын спрабуе здзейсніць вайсковы пераварот, каб «аднавіць справядлівасць ва ўсёй Расеі». Атрады наймітаў, імаверна, блакавалі Растоў і хочуць рухацца да Масквы. Праваахоўныя органы РФ распачалі ў дачыненні бізнесоўца крымінальную справу за «заклікі да ўзброенага мяцяжу».

Абнаўляецца
Мяцеж у Расеі: Прыгожын наступае, Пуцін кажа пра здраду. Што вядома – у спецвыданні
2023.06.24 15:55

Зміцер Міраш / Авер belsat.eu

Стужка навінаў