Народныя дэпутаты Украіны дамагаюцца прызнання Беларусі краінай-агрэсарам


Група народных дэпутатаў Украіны зарэгістравала ў Вярхоўнай Радзе праект пастановы аб прызнанні Беларусі краінай-агрэсарам, а таксама заклікала разарваць з Беларуссю дыпламатычныя зносіны, паведаміў у сваім тэлеграм-канале народны дэпутат Яраслаў Юрчышын.

Аляксандр Лукашэнка.
Фота: president.gov.by

Паводле Юрчышына, Беларусь павінна адказваць за поўнамаштабную вайну, паколькі прадставіла сваю тэрыторыю для здзяйснення агрэсіі супраць Украіны. Дэпутат нагадаў, што валанцёры неаднаразова заклікалі ўкраінскі парламент прызнаць Беларусь краінай-агрэсарам. Гэты крок у тым ліку патрэбны для будучага прыцягнення беларускага рэжыму да адказнасці і выплаты Беларуссю рэпарацыяў Украіне.

«Мы памятаем пра дапамогу беларусаў у вайне супраць расейскай навалы і ўдзячныя байцам Палка Каліноўскага. Аднак Беларусь як краіна павінна несці юрыдычную адказнасць за злачынствы, учыненыя на нашай тэрыторыі. Зрэшты, у свядомасці грамадства Беларусь Лукашэнкі ўжо даўно агрэсар. Трэба даказаць гэта і ў прававым полі. Каб свет не сумняваўся, уводзячы санкцыі», – зазначыў Юрчышын.

Праект пастановы быў зарэгістраваны ў Вярхоўнай Радзе 16 чэрвеня. У паясняльнай запісцы да яго гаворыцца, што ўкраінскі парламент прызнае Беларусь дзяржавай-агрэсарам і заклікае ўрады іншых краін і міжнародныя арганізацыі зрабіць тое ж самае.

Акрамя таго, Рада будзе заклікаць урад «неадкладна апрацаваць пытанні разрыву дыпламатычных зносінаў паміж Украінай і Рэспублікай Беларусь», а таксама звернецца да міжнароднай супольнасці з заклікам узмацнення санкцыйнага ціску на Менск і прыцягнення да адказнасці ваенных злачынцаў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў