Літва зацвердзіла закрыццё пунктаў пропуску «Шумскас» і «Твярачус» на мяжы з Беларуссю


Урад Літвы 16 жніўня прыняў анансаваную раней пастанову закрыць памежныя пераходы «Шумскас» (з беларускага боку – «Лоша») і «Твярачус» (з беларускага боку – «Відзы»), піша BNS. Пастанова набудзе моц 18 жніўня. Яе тлумачаць пагрозаю, што стварае прысутнасць у Беларусі баевікоў расейскай групы Вагнэра.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: State Border Guard Service / Lithuania / Twitter

Два памежныя пераходы пастанавілі закрыць з 18 жніўня 2023 года на нявызначаны тэрмін, а афіцэраў памежнага кантролю перанакіраваць на іншыя пункты.  Як сцвярджаюць літоўскія ўлады, чэргі на іншых пунктах пропуску пасля гэтага не мусяць павялічыцца.

Цяпер на беларуска-літоўскай мяжы застануцца адкрытымі чатыры пункты пропуску, асноўную нагрузку чакаюць на пераходзе «Мядзінінкай» (з беларускага боку – «Каменны Лог»).

Кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустамас Любаевас раней казаў, што закрыццё двух пунктаў «не вельмі моцна паўплывае на рух грузавога транспарту, бо праз названыя памежныя пункты праязджае або пусты грузавы транспарт, або грамадзяне». А дарадца літоўскага прэзідэнта ў справе нацыянальнай бяспекі Дарус Урбанас паведамляў, што Літва хоча закрыць гэтыя КПП, бо яны слабей абсталяваныя тэхнічна, праз іх могуць праходзіць кантрабандныя і падсанкцыйныя тавары.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што Літва, Латвія і Польшча могуць разам закрыць мяжу з Беларуссю, калі абвострыцца сітуацыя з бяспекаю праз баевікоў групы Вагнэра, якія цяпер у Беларусі. Пра гэта заяўляў і польскі бок.

Агляд
Пагроза закрыцця межаў не спыніла міграцыйны крызіс. Глядзім, колькі мігрантаў на якіх межах
2023.08.15 19:00

Цяпер межы Беларусі паўзакрытыя. Практычна цалкам закрытая мяжа з Украінай, у нападзе на якую Беларусь суўдзельнічала («Макраны – Даманава» адкрытыя для выезду з Беларусі грамадзянаў Украіны). Амаль цалкам закрытая мяжа з Польшчай у адказ на дзеі лукашэнкаўскіх уладаў (праехаць у Польшчу можна толькі праз «Берасце – Тэрэспаль»). Затое практычна няма памежнага кантролю на мяжы з Расеяй.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў