Літва можа закрыць два КПП на мяжы з Беларуссю ўжо 15 жніўня


У Літве заявілі пра намер закрыць два кантрольна-прапускныя пункты на мяжы з Беларуссю, якія недастаткова абсталяваныя для правярання ладункаў. Закрыць іх плануюць 15 жніўня, паведамляе «Delfi».

Пункт пропуску ў Лошы (Шумскас) на беларуска-літоўскай мяжы.
Фота: Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі

Закрыць плануюць кантрольна-прапускныя пункты ў Шумскасе (з беларускага боку – Лоша) і Твярачусу (з беларускага боку – Відзы). Пра іх закрыццё паведамлялася і раней. Транспартавая плынь з іх скіруюць на КПП у Мядзінінкай (Каменны Лог з беларускага боку). Як адзначае Міністэрства транспарту Літвы, ён самы вялікі і тэхнічна абсталяваны, у тым ліку мае сістэму рэнтген-кантролю.

Кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустамас Любаевас зазначыў, што «закрыццё гэтых КПП не вельмі моцна паўплывае на рух грузавога транспарту, бо праз названыя памежныя пункты праязджае альбо пусты грузавы транспарт, альбо грамадзяне».

Дарадца літоўскага прэзідэнта ў справе нацыянальнай бяспекі Дарус Урбанас паведамляў, што Літва хоча закрыць гэтыя КПП, бо яны слабей абсталяваныя тэхнічна, праз іх могуць праходзіць кантрабандныя і падсанкцыйныя тавары:

«У гэтых пунктах нам не стае некаторага абсталявання, каб вельмі эфектыўна кантраляваць рух кантрабанды. Акрамя таго, калі гэтыя пункты будуць закрытыя, у літоўскага боку вызваляцца рэсурсы, якія можна будзе скіраваць у іншыя месцы на ўзмацненне абароны нашай мяжы».

Паводле намесніка кіраўніка Дзяржаўнай памежнай службы Літвы Саўлюса Некрашэвічуса, закрыццё часткі дзейных памежных пунктаў на мяжы з Беларуссю знізіць рызыку сутыкнення з пагрозамі.

Раней літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа заявіў, што Літва, Латвія і Польшча могуць разам закрыць мяжу з Беларуссю, калі абвострыцца сітуацыя з бяспекаю праз наймітаў ПВК Вагнэра, якія цяпер у Беларусі. Пра гэта заяўляў і польскі бок.

Hавiны
Літва, Латвія і Польшча выпрацавалі механізм поўнага закрыцця межаў з Беларуссю
2023.08.09 10:45

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў