Літва, Латвія і Польшча распрацавалі адзіны механізм поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю ў выпадку крытычнай сітуацыі, паведаміла прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманіце.
Паводле распрацаванай стратэгіі, на міжведамасным узроўні будуць ацэньвацца канкрэтныя сітуацыяі. Адбывацца гэта будзе не абавязкова публічна, але ў выпадку прыняцца рашэння яно будзе растлумачана, распавяла Інгрыда Шыманіце. Міністарка не канкрэтызавала, што гэта могуць быць за сітуацыі, якія пацягнуць за сабой закрыццё межаў.
«Мы можам сядзець і разважаць пра бясконцую кучу здарэнняў. Інцыдэнтаў, якія тэарэтычна можна прыдумаць, бясконцае мноства, таму я не хачу пра іх казаць, бо гэта будзе выглядаць як ацэнка нейкіх рэальных пагрозаў», – сказала чыноўніца.
На дадзены момант Літва закрывае два пункты пропуску на мяжы з Беларуссю: «Шумскас – Лоша» і «Твярачус – Відзы». Інгрыда Шыманіце лічыць, што шэсць КПП на мяжы з нашай краінай – залішняя колькасць з геапалітычнага пункту гледжання, тым больш што ўрад Літвы ўжо даўно не рэкамендуе ўвогуле ехаць у Беларусь.
«Нягледзячы на гэта, ёсць пэўная колькасць людзей, якая не трымаюцца гэтай рэкамендацыі ці маюць для гэтага асаблівыя прычына. І гэтая інфраструктура цяпер, на наш погляд, проста залішняя для геапалітычнай ацэнкі. Дзяржаўнай памежнай службе спатрэбіцца менш рэсурсаў, каб працаваць у тых месцах, дзе большы рух фізічных асобаў або транспартавых сродкаў, якія не перавозяць грузаў. Пасля закрыцця пунктаў праца будзе проста засяроджаная ў тых пунктах, праз якія праходзіць частка камерцыйнага трафіку», – зазначыла прэм’ер-міністарка.
Інгрыда Шыманіце рэзюмавала каментар пра закрыццё межаў тым, што «факт прысутнасці Групы Вагнэра ў Беларусі ніякім чынам не дае расслабляцца» літоўскім службам.
Марыя Міхалевіч belsat.eu