Візавае пытанне. Як свет адкрыўся для Украіны і закрываецца для Беларусі і Расеі


Жартуюць, што хутка Расея атрымае бязвізавы рэжым: грамадзянам Расеі проста перастануць выдаваць візы ў сувязі з нападам на Украіну. Беларусам гэты жарт нясмешны: атрымаць шэнгенскую візу стала надзвычай складана. Расказваем, што з візамі цяпер у Беларусі, Расеі і Украіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Шэнгенская віза.
Фота: Белсат

Што цяпер для беларусаў

Паводле Міністэрства замежных справаў Беларусі, цяпер са звычайным беларускім пашпартам можна трапіць без візы ў 46 краінаў свету, а ў Беларусь без візы могуць трапіць грамадзяне 24 краінаў.

Для грамадзянаў Беларусі візы не патрэбныя на кароткія тэрміны (звычайна – на 30 або 90 дзён) ў Азербайджан, Албанію, Арменію, Грузію, Ізраіль, Казахстан, Кыргызстан, Малдову, Расею, Сербію, Таджыкістан, Турэччыну, Украіну, Чарнагорыю, шэраг краінаў Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Ёсць яшчэ «ўмоўна бязвізавыя» краіны: напрыклад, у Егіпце беларусу без праблем дадуць візу, трэба толькі заплаціць 25 долараў, але для Шарм-эль-Шэйху і Сінайскага паўвострава візы бясплатныя.

Дзе грамадзянам Беларусі трэба віза – чырвоным колерам, дзе візу даюць па прыбыцці – сінім, дзе віза не патрэбная – зялёным. Зялёныя кропкі ў Еўропе – Албанія, Сербія, Чарнагорыя і Калінінградская вобласць Расеі. Скрыншот: passportindex.org

Мяжу між Беларуссю і Расеяй урачыста «ліквідавалі» яшчэ ў 1995 годзе. У Расеі для беларусаў практычна няма абмежаванняў, толькі трэба мець з сабой пашпарт – і можна вольна ездзіць туды на тэрмін да 90 дзён. Але для знаходжання ў Расеі цягам больш як 90 дзён трэба атрымаць від на жыхарства. Грамадзянам Расеі для прыбывання ў Беларусі звыш 90 дзён трэба атрымаць дазвол на пражыванне.

Пры бязвізавым рэжыме з Украінай беларусам туды няпроста трапіць: наземная мяжа з Украінай закрытая з 24 лютага (у той дзень расейскія войскі атакавалі Украіну ў тым ліку з беларускай тэрыторыі), самалёты туды не лётаюць, і нават пры ўездзе з іншых краінаў могуць развярнуць (як нядаўна здарылася з прадстаўніком Пераходнага кабінету Валерыем Кавалеўскім).

Аналітыка
Атрымаць шэнгенскую візу беларусам стала складана і дорага
2022.08.11 20:45

У краіны Шэнгенскай зоны патрэбныя візы. Фармальна яны не такія дарагія: ад 1 ліпеня 2020 года каштуюць усяго 35 еўра (столькі «шэнген» каштаваў для грамадзянаў Расеі з 2006 года, а для Беларусі да таго візы кароткі час каштавалі аж 80 еўра, раней за тое гадамі каштавалі 60 еўра). Але месцаў, дзе можна атрымаць візу, становіцца ўсё менш. І без платных «пасярэднікаў» запісацца ў чаргу ў амбасаду ці візавы цэнтр амаль немагчыма, а паслугі «пасярэднікаў» каштуюць сотні рублёў. А попыт на «шэнген» велізарны: за няпоўныя два гады з паслявыбарчых пратэстаў беларусам выдалі 650 тысячаў шэнгенскіх візаў.

Які пашпарт мацнейшы: беларускі, расейскі ці ўкраінскі?

Грамадзянаў Нямеччыны, Іспаніі, Францыі, Італіі, Швецыі, Фінляндыі і яшчэ шэрагу краінаў гатовыя прымаць без візаў у больш як сотні краінаў, яшчэ ў паўсотні краінаў – з візай па прылёце, калі верыць «Індэксу пашпартоў». Украіна ў тым рэйтынгу толькі на 20-м месцы (з 88, адно месца могуць займаць некалькі краінаў) са 144 краінамі без візаў або з візай па прылёце, Расея – на 35-м са 122 краінамі, Беларусь – на 51-м.

За сем гадоў, што вядзецца гэты рэйтынг, Беларусь толькі крыху палепшыла свае пазіцыі, тады як Украіна ўзляцела ў рэйтынгу – у 2017 годзе Украіна дамовілася з Еўразвязам на бязвізавы рэжым. Расея абганяе Беларусь за кошт «бязвізу» ў некаторыя краіны Азіі, Амерыкі і Афрыкі.

Беларусь, Расея і Украіна ў «Passport Index». Звесткі: passportindex.org. Выява: Белсат

Падобны рэйтынг вядзе таксама кампанія «Henley & Partners», але мае крыху іншыя крытэры: лічыць за «бязвіз» і цалкам бязвізавы рэжым, і візы па прылёце, і выпадкі, калі візу трэба загадзя замовіць праз інтэрнэт, але для атрыманні візы не трэба зацвяржэння з боку ўладаў краіны, якая выдае візу.

Гэты рэйтынг вядуць з 2006 года – і бачна, што Беларусь, Расея і Украіна стартавалі з прыблізна аднолькавых пазіцыяў, але Украіна адарвалася наперад з дамовай аб «бязвізе» з Еўразвязам – і працягвае павялічваць адрыў.

Беларусь, Расея і Украіна ў «Henley Passport Index». Звесткі:henleyglobal.com. Выява: Белсат

Як Беларусь зазывае да сябе

Ад 2016 года Беларусь пачынала вабіць турыстаў «бязвізам», але рабіла гэта вельмі стрымана: спачатку пускалі толькі ў Белавежскую пушчу на тры дні. У 2017 годзе Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога грамадзяне шэрагу краінаў змаглі наведваць Беларусь без візаў пры прылёце ў нацыянальны аэрапорт «Менск». Спачатку без візы можна было быць толькі пяць дзён, але ўжо ў 2018 годзе тэрмін вырас да 30 дзён. Да пачатку пандэміі каронавірусу Беларусь па «бязвізе» наведалі больш за 350 тысяч чалавек, сцвярджалі ўлады.

Цяпер без візаў праз аэрапорт пускаюць грамадзянаў 76 дзяржаваў. Спіс часам мяняюць – напрыклад, мінулай восенню выкраслілі ЗША і Албанію, дадалі Егіпет, Іран і Пакістан – у Літве гэта тлумачылі тым, што рэжым Лукашэнкі адкрываў шляхі для нелегальнай міграцыі ў Еўразвяз.

Hавiны
Узлёт і падзенне бязвізу ў Беларусі. Як змяніўся праект з 2016 года?
2022.04.14 20:49

Канешне, турыстаў у Беларусь пусцяць пры ўмове, што яны змогуць прыляцець. Пасля захопу Беларуссю самалёта «Ryanair» шмат краінаў Еўропы закрылі неба для беларускіх самалётаў і перасталі пускаць свае самалёты ў Беларусь. У Нацыянальны аэрапорт цяпер прылятаюць рэйсы толькі з Расеі, Азербайджану, Арменіі, Грузіі, Казахстану, Турэччыны, Узбекістану, Эміратаў. У канцы 2021 года 30 бязвізавых дзён даюць таксама пры прылёце ў абласныя аэрапорты – але ў іх лётае яшчэ менш рэйсаў, чым у менскі.

Але Беларусь з сярэдзіны бягучага года і прынамсі да канца года адкрыла бязвізавы ўезд для грамадзянаў Літвы і Латвіі, «неграмадзянаў» Латвіі, грамадзянаў Польшчы. Пускаюць не больш як на 90 дзён на год. Ды Польшча засцерагае сваіх грамадзянаў ад бязвізавых паездак у Беларусь, а Латвія ўзмацніла правілы ўвозу тавараў з Расеі і Беларусі, каб «адбіць ахвоту ездзіць у Беларусь».

Парады
Як атрымаць замежнае грамадзянства. На выпадак, калі пазбавяць беларускага
2022.07.29 08:30

Дзверы зачыняюцца?

Ранейшыя войны, што пачынала Расея, не псавалі для яе сітуацыю з візамі, але цяперашняя поўнамаштабная вайна супраць Украіны можа гэта змяніць. У Еўропе гучыць усё больш галасоў за тое, каб скасаваць выдачу візаў грамадзянам Расеі.

Беларусаў гэта пакуль закранула толькі ў асобных краінах – а офіс Святланы Ціханоўскай неаднаразова вёў перамовы аб тым, каб абмежаванні ў сувязі з вайной ва Украіне не зачапілі беларусаў.

Ды візы беларусам перастала выдаваць Чэхія (але працягне прымаць уцекачоў з Беларусі), а Эстонія спыніла выдачу беларусам часовых відаў на жыхарства (за выключэннем асаблівых выпадкаў) і турыстычных візаў. Сейм Латвіі заклікаў краіны Еўразвязу неадкладна прыпыніць дзеянне турыстычных візаў і абмежаваць выдачу ўязных дакументаў для грамадзянаў Беларусі і Расеі. У Грузіі прапануюць увесці візавы рэжым з Беларуссю.

Hавiны
​Аб’яднаны пераходны кабінет выступае супраць забароны шэнгенскіх візаў для беларусаў
2022.08.11 21:21

Але разам з тым шмат краінаў Еўропы прымае беларускіх палітычных уцекачоў. Польшча нядаўна спрасціла атрыманне віду на жыхарства для беларусаў з гуманітарнымі візамі і неўзабаве пачне выдаваць нацыянальныя гуманітарныя візы беларусам проста на тэрыторыі Польшчы (для тых, хто трапіў у краіну без візы, бо ўцякаў з Украіны).

Расейскіх турыстаў ужо не хочуць пускаць Чэхія, Літва, Латвія і Эстонія; Данія спыніла выдачу візаў грамадзянам Расеі, а Славакія выдае ім візы толькі ў «выпадках крайняй неабходнасці»; абмежавалі выдачу кароткатэрміновых візаў для расейцаў таксама Бельгія, Мальта і Нідэрланды. Эстонія спыняе не толькі выдачу візаў, але і не будзе ўпускаць расейцаў з шэнгенскімі візамі, якія былі выдадзены Эстоніяй, з 18 жніўня. Польшча ўжо працуе над скасаваннем выдачы візаў расейцам.

Ды агульнай стратэгіі па спыненні выдачы візаў Расейцам Еўразвяз яшчэ не мае. І асаблівасць шэнгенскай зоны ў тым, што калі, напрыклад, Літва спыніць выдачу візаў расейцам, а суседняя Латвія не спыніць, то Літва будзе абавязаная пускаць расейцаў з візамі, выдадзенымі Латвіяй.

Без акрэдытацыі
Закладнікі пашпартоў. Ці спыніць вайну забарона выдаваць візы расейцам і беларусам?
2022.08.12 17:34

Для ўкраінскіх уцекачоў тым часам адчыненыя ўсе дзверы. Хоць Украіна не выпускае мужчынаў прызыўнога ўзросту, з Украіны з пачатку поўнамаштабнай вайны выехалі мільёны жанчын, дзяцей і людзей сталага веку. Большая частка паехала ў Польшчу, некаторыя добраахвотна паехалі ці былі прымусова вывезеныя ў Расею, але ў Беларусь едзе зусім нязначная частка ўкраінскіх уцекачоў.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў