Новыя «тэрарысты» і фігуранты «карагоднай справы»


«Белсат» штодзённа збірае факты пераследу, які чыніць рэжым Аляксандра Лукашэнкі ў дачыненні да беларусаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: freepik.com

У Брэсце адбыўся суд над майстрам цеплавых сетак Аляксандрам Доўгалем. Яму пад’явілі абвінавачанне ў абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК) і абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК). Пракурор запрасіў для мужчыны паўтара года пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, але праваабаронцы не ведаюць, якім быў канчатковы вердыкт суда.

У Гомельскім абласным судзе сёння разглядалася справа 23-гадовага Марка Невара з Гомлі, якому ставяць у віну удзел у экстрэмісцкім фармаванні і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 і ч. 3 арт. 361-1 КК). Згодна з матэрыяламі справы, у 2022 годзе Марк зрабіў фота- і відэаздымку перамяшчэння ваеннай тэхнікі ў Гомлі, а пасля адправіў запісы ў боты Telegram-каналаў, прызнаных уладамі «экстрэмісцкімі».

У судзе Гародні працягваюць судзіць Сцяпана Задойку нібыта за 1200 каментароў. Мужчыну абвінавачваюць паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), арт. 370 (здзек з дзяржаўных сімвалаў), ч. 2 арт. 367 (паклёп у дачыненні да Лукашэнкі), ч. 2 арт. 366 (гвалт альбо пагроза гвалту ў дачыненні да службовай асобы альбо іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак).

Праваабаронцы паведамляюць, што для палітзняволенай Алены Лазарчык, актывісткі «Еўрапейскай Беларусі», асуджанай на 8 гадоў калоніі, не прымаюць перадачы. Паведамляецца, што апошні ліст ад Алены прыйшоў у пачатку верасня, і з таго часу больш лістоў ад жанчыны не было. А з моманту пераводу Лазарчык у калонію адміністрацыя не дала аніводнага дазволу на сустрэчу з адвакатам. Што зараз адбываецца з Аленай, у якім яна стане — невядома.

Праваабаронцу Насту Лойку КДБ унес у «спіс тэрарыстыў». Акрамя Насты у спісе з’явілася яшчэ сямёра чалавек: псіхолаг Андрэй Рускіх, айцішнік Аляксандр Леановіч, Сяргей Рудзянкоў, кандыдатка геаграфічных навук Ганна Скрыган, Аляксей Кавалёў, музыка Аляксей Кузьмін. На сённяшні дзень у «спісе тэрарыстаў» знаходзіцца 1120 чалавек, з іх 368 – беларусы.

Паводле звестак праваабаронцаў, у судзе Бярозы сёння, імаверна, мог адбывацца разгляд справы ў дачыненні да бацькі палітвязня Вадзіма ГовінаАляксандра Говіна. Мужчыну абвінавачваюць паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (абраза Лукашэнкі). Вядома, што яго ўжо судзілі па гэтым артыкуле паўгода таму, прызначыўшы ў выглядзе пакарання 1,5 года пазбаўлення волі.

19 кастрычніка ў судзе Старых Дарог распачнецца ўжо сёмы суд над 71-гадовым палітзняволеным Васілём Дземідовічам. Яго абвінавачваюць па арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады) і арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі). Усяго мужчыну асудзілі на 7 гадоў пазбаўлення волі, пры гэтым праваабаронцыам не вядомы вынік апошніх двух судоў. У зняволенні Дземідовіч знаходзіцца ўжо амаль год і чатыры месяцы. Таксама ён унесены ў так званы «спіс тэрарыстаў», а значыць, у турме яму нельга рабіць грашовыя пераводы.

50-гадовую жыхарку Брэста затрымалі па так званай «карагоднай справе». Яе ўдалося ідэнтыфікаваць па відэазапісах. Жанчыне прад’явілі абвінавачанне па арт. 342 КК. Жанчына ўзятая пад варту. Як вядома, па «карагоднай справе» ўлады асудзілі ўжо больш за 130 чалавек.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў