296-ы дзень пратэстаў. Сотні «замініраваных» школ, беларусаў не выпускаюць за мяжу


31 траўня мінае 296-ы дзень паслявыбарчых пратэстаў у Беларусі. «Белсат» падводзіць вынікі гэтага дня.

Святлана Ціханоўская з візітам у Эстоніі

Святлана Ціханоўская 31 траўня сустрэлася з прэзідэнткай Эстоніі Керсці Кальюлайд. Яны далі супольную прэс-канферэнцыю, на якой разважалі пра падтрыманне дэмакратычных сілаў Беларусі. Іх заявы перадае Эстонская грамадская тэлерадыёкампанія.

Прэзідэнтка Эстоніі Керсці Кальюлайд і Святлана Ціханоўская даюць супольную прэс-канферэнцыю. Таллін, Эстонія. 31 траўня 2021 года.
Фота: Святлана Ціханоўская / Telegram

Офіс Ціханоўскай адзначае, што прэзідэнтка Эстоніі ўшанавала хвілінай маўчання памерлага за кратамі палітвязня Вітольда Ашурка і ўсіх ахвяраў беларускага рэжыму. На сустрэчы яна таксама згадала крымінальную справу супраць парталу TUT.by і затрыманне журналіста Рамана Пратасевіча разам з яго сяброўкай Соф’яй Сапегай.

Ціханоўская падзякавала Эстоніі за «безальтэрнатыўную дэкларацыю падтрымкі беларусаў» – у тым ліку за спрыянне ў Радзе Еўразвязу і ініцыяванне дыскусіі пра Беларусь у Радзе бяспекі Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў (Эстонія стане старшынёй Рады бяспекі ААН з аўторка), а таксама за тэхнічную падтрымку свабоднай прэсы і беларускіх студэнтаў. Яна выказала ўпэўненасць у тым, што Эстонія «робіць усё, што ў яе сілах».

Hавiны
«Часам адчуваем сябе бяссільнымі». Прэзідэнтка Эстоніі – пра дапамогу Беларусі
2021.05.31 13:59

Апошнія словы фігурантаў «справы Ціханоўскага»

У судзе Кастрычніцкага раёну Горадні працягваецца разбор у «справе Ціханоўскага». На лаве падсудных – палітвязні Зміцер Фурманаў, Яўген Разнічэнка і Уладзімір Кніга, паведамляе «Вясна».

Уладзімір Кніга, Яўген Разнічэнка, Дзмітрый Фурманаў.
Фота: spring96.org

Іх абвінавачваюць у актыўным удзеле ў дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а Разнічэнку і Кнігу – яшчэ і ў гвалтоўных дзеяннях у дачыненні міліцыянтаў.

Палітзняволены Дзмітрый Фурманаў заявіў, што ў краіне, дзе чалавека караюць штрафамі і тэрмінамі зняволення, наступіў прававы дэфолт.

«Гэты антыграмадскі рэжым пераменіцца, і на яго месца прыйдуць файныя беларусы, якія пачнуць адраджаць нацыянальныя каштоўнасці, павышаць узровень жыцця грамадзянаў Рэспублікі Беларусь».

У сваім апошнім слове Яўген Разнічэнка падзякаваў тым, хто прыходзіў падтрымаць зняволеных падчас судовых паседжанняў, і заявіў, што абвінавачанні – гэта выдумка.

Уладзімір Кніга заявіў, што падзеі 29 траўня – загадзя спланаваная сілавымі ведамствамі правакацыя:

«Скажу коратка, што падзеі 29 траўня 2020 года – загадзя спланаваная сілавымі ведамствамі Рэспублікі Беларусь правакацыя. Усе факты вы самі прыводзілі ў матэрыялах справы, відэа. Удакладняць не буду, людзі самі зрабілі свае высновы, таму толькі ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!»

Hавiны
«Жыве Беларусь!» Фігуранты «справы Ціханоўскага» выступілі з апошнімі словамі
2021.05.31 17:20

Працаўнікі Дзяржаўнага памежнага камітэту нагадалі, што ва ўмовах каронавіруса для грамадзянаў Беларусі і іншаземцаў, якія маюць дазвол на пастаяннае або часовае пражыванне ў Беларусі, выезд часова абмежаваны.

«Таксама адзначым, што апошнім часам у Дзяржпамежкамітэт паступае мноства зваротаў, якія датычаць выезду з Беларусі паводле віду на жыхарства ў замежнай дзяржаве», – адзначана ў заяве.

Так, паводле афіцыйнай інфармацыі выязджаць з Беларусі могуць грамадзяне, якія маюць дакумент, што пацвярджае права на пастаяннае пражыванне ў замежнай дзяржаве.

Гэта азначае, што часовы від на жыхарства ў замежнай дзяржаве не з’яўляецца падставаю для выезду за мяжу Беларусі.

Пункт пропуску на літоўска-беларускай мяжы.
Фота: INTS KALNINS / Reuters / Forum

Масавае «мініраванне» школ у Беларусі

118 школаў у Менску і яшчэ 150 навучальных установаў у Магілёве, Бабруйску, на Гарадзеншчыне і ў іншых мясцовасцях сёння сталі ахвярамі фальшывага мініравання. Школы атрымалі электронны ліст дзіўнага зместу:

«Школы замініраваныя. Я супольнік Пратасевіча, калі прагрыміць выбух, неабходна вінаваціць толькі Пратасевіча. (…) Таксама выбух ніяк не звязаны з працай міліцыі ды іншых органаў Рэспублікі Беларусь».

Частку лістоў адправілі з адрасу артапеда з Омску, медыі выказваюць здагадку пра ўзлом электроннае пошты. Ніякай рэальнай небяспекі не знайшлі. Міністэрства ўнутраных справаў нагадала, што за хлуслівыя паведамленні аб мініраванні пагражае да 7 гадоў зняволення:

«Цяпер праводзяцца дадатковыя аператыўна-пошукавыя мерапрыемствы, накіраваныя на высвятленне асобаў, якія распаўсюдзілі дадзеную хлуслівую інфармацыю».

Аб’ектыў
268 школ «замініравалі». Што гэта было?
2021.05.31 22:28

На волі журналіст-фрылансер Алесь Сіліч

Журналіст-фрылансер Алесь Сіліч.
Фота: Белсат

Алеся Сіліча, журналіста-фрылансера затрымалі 21 траўня і пакаралі 10 соднямі арышту за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Нагодай для затрымання і пакарання стала налепка з гербам Пагоня на вокладцы пашпарта. Паводле пратаколу, ён нібыта размахваў пашпартам з «незарэгістраванай сімволікай».

Беларускія афіцыйныя асобы нон-грата ў штаб-кватэры NATO

Генсакратар NATO Енс Стольтэнбэрг заявіў, што ў штаб-кватэру альянсу абмежавалі доступ афіцыйным асобам Беларусі. Паводле яго словаў, такая захада абгрунтаваная «бяспекай».

Раней кіраўнік альянсу асудзіў прымусовую пасадкі ў Менску рэйса «Ryanair» Афіны – Вільня, падчас якой арыштавалі журналіста Рамана Пратасевіча і яго сяброўку Сафію Сапегу. Рада NATO заклікала афіцыйны Менск «неадкладна і безумоўна» вызваліць Пратасевіча і Сапегу.

Hавiны
NATO абмежавала беларускім дыпламатам доступ да сваёй штаб-кватэры
2021.05.31 18:39

СК belsat.eu

Стужка навінаў