У цэнтры расейскага Белгараду былі моцныя выбухі – імаверна, ад удару ЗСУ. Ёсць загінулыя


Днём 30 снежня ў расейскім Белгарадзе, што блізу ўкраінскага Харкава, адбылася серыя выбухаў – ці не самых моцных з пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Паводле расейскіх уладаў, загінулі не менш за 10 чалавек, у тым ліку дзіця. 

Выбухі ў Белгарадзе сталі звыклай справай у час вайны ва Украіне – горад знаходзіцца блізка ад фронту, там размяшчаюцца вайсковыя аб’екты. Але выбухі 30 снежня, па словах відавочца, былі аднымі з наймайцнейшых з пачатку расейскага ўварвання ва Украіну. Яны здарыліся блізу ўнівермага, спартовага комплексу, жылых дамоў, універсітэту, а адзін са снарадаў упаў на коўзанку каля галоўнай ялінкі. Пашкоджаныя, паводле расейскага боку, каля 40 цывільных аб’ектаў, урадавы будынак.

На момант публікацыі розныя крыніцы паведамляюць пра 10–13 загінулых і 45–57 параненых. Аб здарэнні паведамілі кіраўніку Расеі Уладзіміру Пуціну, у Белгарад выправілі брыгаду Міністэрства аховы здароўя на чале з міністрам і групу ратавальнікаў.

Абноўлена. Паводле звестак Міністэрства надзвычайных сітуацыяў Расеі, загінулі 14 чалавек (сярод іх два дзіця), параненыя яшчэ 108 чалавек (сярод іх 15 дзяцей).

Імаверна, што ўдары нанеслі Збройныя сілы Украіны. Хоць украінскі бок не даваў афіцыйных каментароў, ананімная крыніца «Української правди» ў спецслужбах расказала, што ЗСУ наносілі ўдары па вайсковых аб’ектах у Белгародскай вобласці, але «праз непрафесійныя дзеянні і спланаваныя правакацыі» расейскай супрацьпаветранай абароны часткі снарадаў упалі ў цэнтры гораду. Аб тым жа кажа крыніца «РБК-Украіна».

Нягледзячы на нярэдкія абстрэлы ў Белгародскай вобласці, у тым ліку выбухі ў Белгарадзе днём раней, у час выбухаў 30 снежня прынамсі некаторыя ўкрыцці для насельніцтва ў Белгарадзе былі зачыненыя. Жыхарам гораду паведамілі пра абстрэл ужо пасля пачатку выбухаў.

Агляд
Баі па ўсім фронце і масіраваны ракетны ўдар. Што адбываецца ва Украіне?
2023.12.29 18:41

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў