У Менску затрымалі расейца, дачка якога намалявала антываенны малюнак


Расейца з Тульскай вобласці Аляксея Маскалёва затрымалі ў Менску пасля вынясення прысуду за «дыскрэдытацыю» расейскай арміі праз антываенны малюнак ягонай дачкі Машы, паведамляе выданне «Сота». 

Аляксей Маскалёў. Крыніца: sotaproject / Telegram

Паводле інфармацыі выдання, 53-гадовы Аляксей Маскалёў, які выхоўвае 12-гадовую Марыю адзін, быў затрыманы ў кватэры ў Менску, куды збег з-пад хатняга арышту ў Расеі. Затрыманне мужчыны, як мяркуецца, адбылося праз уключэнне ў кватэры мабільнага тэлефона, праз які ўдалося яго вылічыць.

Адвакат Аляксея  Зміцер Захопаў паведаміў, што не мае сувязі са сваім падабаронным, але, хутчэй за ўсё, той затрыманы.

«Сувязі з Аляксеем у мяне цяпер няма. Тэлефон не адказвае. Пацвердзіць сапраўды не магу, але з ускосных дадзеных відаць, усё так і ёсць. Вельмі шкада», – сказаў ён.

У аўторак, 28 сакавіка, суд у Тульскай вобласці прысудзіў бацьку шасцікласніцы, якая намалявала антываенны малюнак, два гады калоніі агульнага рэжыму паводле крымінальнай справы аб «дыскрэдытацыі» расейскай арміі. Такі ж тэрмін запатрабаваў пракурор.

Пры гэтым на судовым паседжанні абвінавачваны не прысутнічаў. У судзе стала вядома, што мужчына ўцёк з-пад хатняга арышту раніцай таго ж дня.

Суд таксама пастанавіў перадаць дачку Маскалёва Марыю на апеку сацыяльных службаў.

Нагадаем, Маскалёў быў арыштаваны праз антываенны плакат, што намалявала ягоная дачка, шасцікласніца Марыя, у школе. На плакаце намаляваныя жанчына з дзіцем, сцягі Украіны і Расеі ды ракеты, што ляцяць ва ўкраінскі бок. Настаўніца пра гэта расказала дырэктарцы школы, тая звярнулася ў паліцыю. У кватэры ў Маскалёвых адбыўся ператрус.

Пасля гэтага Маскалёва аштрафавалі на 32 тысячы расейскіх рублёў за «публічныя дзеянні, скіраваныя на дыскрэдытацыю УС РФ». У снежні супраць яго распачалі крымінальную справу аб дыскрэдытацыі расейскага войска, у сакавіку ён быў затрыманы.

Маша Маскалёва са сваім антываенным малюнкам.
Фота: spektr.press

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў