Гандляваць на «Камароўцы» з любога пункту свету. Бабруец стварае першы беларускі маркетплэйс


Прадпрымальнік Зміцер Завадскі, нарадзінец Бабруйску, які ўжо 2,5 года жыве ў Нямеччыне, стварае першы беларускі маркетплэйс, на якім можна будзе купіць тавары вытворцаў-беларусаў па ўсім свеце. Назва пляцоўкі вяртае ў Менск, у вядомы раён, дзе здаўна развіваўся гандаль, – Камароўку. Пагутарылі са Змітром аб працы над амбітным праектам, калі чакаць запуску, а таксама крыху пра жыццё ў Нямеччыне і месца сілы ў Беларусі.

Зміцер Завадскі.
Фота: асабісты архіў Змітра Завадскага

Беларускі аналаг «Amazon»

– Змітру, вы ствараеце маркетплэйс «Камароўка». Апавядзіце, калі ласка, у чым яго сутнасць.

– Калі коратка, гэта пляцоўка кшталту сусветна вядомых «E-bay», «Amazon», польскага «Allegro», але наш маркетплэйс скіраваны ў першую чаргу на беларускую аўдыторыю і створаны для беларускіх тавараў. Мы будзем збіраць тавары ўсіх беларускіх прадпрымальнікаў, зарэгістраваных як у Беларусі, гэтак і за яе межамі, на адной платформе.

Пачнём з Еўропы і будзем паступова пашырацца на ЗША ды іншыя рэгіёны. Пры гэтым, акрамя ўласна беларускіх тавараў, у нас можна будзе размяшчаць любыя з беларускай мовай і сэнсамі. Напрыклад, калі нейкая кніжка беларускага аўтара выходзіць на нямецкай мове, мы будзем яе прадаваць. Ці калі гэта проста кніга пра Беларусь, выдадзеная замежным аўтарам. Адначасова калі нейкая тэхніка, напрыклад, смартфон «Samsung», перакладаецца на беларускую мову, то ў нас ёю таксама можна будзе гандляваць.

– Што вас падштурхнула да гэтай ідэі? Чаму вы палічылі важным стварыць такі праект?

– Штуршком стаўся мой першы месяц у эміграцыі. Я хацеў набыць беларускія кнігі і зразумеў, што гэта даволі няпроста – не было інтэрнэт-крамаў. Гэта цяпер ужо і незалежныя выдавецтвы праз рэпрэсіі вымушаныя працягваць працу за мяжой, і онлайн-гандаль развіваецца, а тады было яшчэ ціха. Калі я думаў пра інтэрнэт-краму, то разумеў, што яе могуць прызнаць экстрэмісцкай, як і некаторыя папярэднія мае справы.

Тады з’явілася ідэя маркетплэйсу – платформы, дзе будуць гандляваць розныя прадпрымальнікі і выдавецтвы. Такім чынам я хацеў зрабіць не адзін, а шмат пунктаў уваходу і выхаду беларускіх кніг, каб пераадолець магчымыя абмежаванні з боку рэжыму. А потым ужо прыйшло разуменне, што можна зрабіць такую платформу ўніверсальнаю, для беларускіх тавараў увогуле, а не толькі для кніг.

«Стацца мостам паміж беларусамі-вытворцамі і пакупнікамі»

– Ці арыентаваліся вы на нейкія аналагі ў свеце – маркетплэйсы, якія былі б сканцэнтраваныя на адной краіне і мове, ці гэта будзе ўнікальны праект?

– Асабіста я бачыў толькі адзін такі праект – украінскі маркетплэйс «Brave». Яго зрабілі пасля пачатку вайны пры спрыянні Офісу Зяленскага, каб падтрымаць украінскіх вытворцаў. Але, на жаль, нядаўна я ўбачыў, што яны спынілі сваё існаванне. Наколькі я зразумеў, прычына ў тым, што яны ствараліся на аснове грантавага падтрымання, не былі камерцыйным праектам і, адпаведна, не здолелі быць устойлівымі. Іншых прыкладаў я пакуль не бачыў.

– А ці не дастаткова агульнавядомых, ужо раскручаных пляцовак? Магчыма, беларусы маглі б гандляваць там. Ці абавязкова патрэбнае штосьці сваё?

– Па-першае, няма пляцоўкі з шырокім выбарам беларускіх тавараў. Буйныя маркетплэйсы не арыентуюцца на такія вузкія аўдыторыі, адпаведна яны не надта прывабныя для беларускіх прадаўцоў. Таму беларусам даводзіцца гандляваць праз Instagram, ствараць свае сайты і гэтак далей. Па-другое, буйныя маркетплэйсы не арыентуюцца і на беларускага пакупніка: немагчыма адфільтраваць беларускія тавары ці тавары з беларускаю моваю. Хоць польскі «Allegro» зрабіў магчымасць выбраць беларускія кнігі, але ж сайт польскамоўны, таму назвы кнігі ты не можаш пісаць па-беларуску. На вялікіх еўрапейскіх маркетплэйсах няма не тое што беларускай мовы, але нават расейскай.

Таму беларускім прадпрымальнікам цяжка знаходзіць сваіх кліентаў, якія цяпер раскіданыя па ўсім свеце, складана прасоўваць сваю прадукцыю, некаторыя вымушаныя змяняць сферы дзейнасці, адыходзіць ад беларускай тэмы. Пакупнікам таксама няпроста шукаць беларускае. Адсюль уласна і вынікае сэнс нашага праекту: усіх падтрымаць, стаўшыся мостам, які злучае нашых вытворцаў, гандляроў і пакупнікоў па ўсім свеце.

Як дапамагчы праекту

Зміцер Завадскі.
Фота: асабісты архіў Змітра Завадскага

– На якім этапе цяпер праект? Калі чакаць запуску?

– Калі я пачынаў, то думаў, што ўсё можна зрабіць вельмі хутка, ледзь не за некалькі месяцаў. Напэўна, мне не хапіла досведу, бо, хоць я і быў шмат гадоў прадпрымальнікам у Беларусі, але ў зусім іншай сферы – будаўнічай. Да таго ж, у нас няма фінансавага падтрымання – усё робіцца пераважна сіламі валанцёраў. З гэтай прычыны даволі складана спрагназаваць канкрэтны тэрмін. Разлікі паказваюць, што калі б у нас было фінансаванне, то змаглі б запусціцца ўжо праз 3-4 месяцы. З цяперашняй хуткасцю – праз 8 месяцаў, але ўсё адно пэўныя фінансы спатрэбяцца.

Інтэрв’ю
«Тут ты спакойны: адсюль не рыпнешся!» Размова з прадпрымальнікам і журналістам Сяргеем Скулаўцом, які зʼехаў у Амерыку
2024.05.26 07:06

– Якая дапамога вам патрэбная?

– Мы ўвесь час адкрытыя да валанцёрскага падтрымання. Ўэб-майстар «WordPress», рэдактар сайту, онлайн-маркетолаг, юрысты: адмысловец у міжнародным гандлі і ахове прыватных звестак. Будзем радыя і дасведчанаму журналісту для некалькіх артыкулаў, і адмыслоўцу, які дасць некалькі падатковых кансультацыяў у Нямеччыне. Таксама ўвесь час патрэбныя перакладнікі і рэдактар перакладаў паміж беларускай, расейскай і англійскай мовамі.

Мы робім не толькі наш сайт беларускамоўным, але перакладаем на беларускую некаторыя ўбудовы «WordPress» і выкладаем у адкрыты доступ. Некалькі дзён таму мы скончылі пераклад праграмы «Complianz», якая забяспечвае адпаведнасць сайтаў міжнародным стандартам аховы звестак, аўтаматычна генеруе юрыдычныя дакументы, кіруе згодамі на выкарыстанне файлаў «cookie» ды іншае. Цяпер амаль палова ўсіх сайтаў у свеце можа мець гэты функцыянал па-беларуску, а кожны беларус – бачыць важныя дакументы на сваёй роднай мове. Больш за год працы каманды валанцёраў.

Карыстаючыся момантам, хачу сказаць дзякуй усім хто дапамагаў і дапамагае ў рэалізацыі маркетплэйсу! Мы пачалі збор сродкаў на аплату хостынгу, убудоваў ды іншыя крытычна важныя выдаткі, таму будзем вельмі ўдзячныя і за фінансавае падтрыманне.

«У нашай місіі і каштоўнасцях на першым месцы – незалежнасць Беларусі»

–  Ці будуць нейкія бонусы для тых, хто ахвяруе грошы?

– Так, для патэнцыйных пакупнікоў, якія падтрымаюць нас на суму большую за 150 еўраў, мы прапаноўваем гадавую зніжку 10 % на ўсе пакупкі, а з прадаўцоў з сумаю пераводаў, большаю за 700 еўраў, маркетплэйс не будзе браць у першы год ніякіх камісіяў.

– Ці звязваліся вы з беларускімі дэмакратычнымі сіламі з просьбаю падтрымаць?

– Мы напісалі пару заявак на фінансаванне ў фонды, якія пасавалі паводле ўмоваў і крытэраў, але не прайшлі адбору. Было і некалькі размоваў з палітыкамі, але гэта не перарасло ў нейкі практычны бок. Мы адкрытыя і радыя падтрыманню, але імкнёмся быць незалежнымі ад палітычных групаў. Нашая платформа адкрытая для шырокага кола беларусаў усіх палітычных поглядаў.

Зміцер Завадскі.
Фота: асабісты архіў Змітра Завадскага

– Вы кажаце пра адкрытасць на ўсе погляды. Калі б, напрыклад, хтосьці захацеў прадаваць ручныя вырабы з чырвона-зялёнаю сімволікаю, гэта было б дазволена?

– Палітычныя погляды – гэта адно, а незалежнасць Беларусі – святое. Таму наўрад ці ўдасца супраца з тым, хто выступае супраць незалежнасці, за саюз з Расеяй, якіх бы палітычных поглядаў ні прытрымліваўся – правых ці левых. Чырвона-зялёны сцяг – сімвал залежнасці ад Расеі, і я, безумоўна, не думаю, што на маркетплэйсе ён знойдзе сабе месца. З іншага боку, на сайце могуць быць размешчаныя тавары і беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў, калі там ёсць беларуская мова і прадпрыемства не пад санкцыямі.

Такім чынам мы хочам пашыраць прастору выкарыстання беларускай мовы. Адпаведна, я магу дапусціць, што, умоўна, на кніжцы якога-небудзь дзяржаўнага выдавецтва яны намалююць чырвона-зялёны сцяжок ці на сырках – чырвона-зялёную стужку. Будзем глядзець паводле сітуацыі, абмяркуем камандай, але асабіста я думаю, што мова важнейшая. Калі захаваем мову, то перажывём і чырвоную зелень.

У любым выпадку чырвона-зялёная сімволіка настолькі зніжае вартасць і попыт на тавар, што нікому гэта проста не выгадна, не мэтазгодна. Не толькі на маркетплэйсе, але і ў Беларусі. Так што нават калі б мы дазволілі што-небудзь такое, крама і тавар мае вялікія шанцы атрымаць негатыўныя водгукі пакупнікоў ды праз гэта будуць заблакаваныя.

Інтэрв’ю
Спартоўка Марына Зялёная ўцякла ад пераследу ў Грузію і марыць развіваць бокс для людзей з інваліднасцю
2024.04.05 06:00

«Камароўка» – цёплая назва, якая вяртае ў Беларусь, у Менск

– Ці будзе беларусам бяспечна гандляваць на вашым маркетплэйсе?

– Я думаю, гэта будзе адбывацца праз пасярэднікаў. На жаль, пакуль няма неабходных рэсурсаў нават для арганізацыі бяспечных пакупак з тэрыторыі Беларусі, не кажучы ўжо пра гандаль з Беларусі. Таму пачынаем мы працу з Еўропы, але як толькі ўмацуемся, то будзем працаваць і над гэтым пытаннем. Будзем шукаць шляхі.

– Чаму назва – менавіта«Камароўка»?

– Яна ў гонар раёну Менску, які з даваеннага часу асацыюецца з гандлем. Насамрэч у нас быў спіс з 40 розных варыянтаў, і мы зрабілі апытанне. «Камароўка» перамагла са значнаю перавагаю. Гэта вельмі цёплая назва, якая вяртае ў Беларусь. Такія водгукі мы ўвесь час чуем.

– Наколькі проста пачынаць прадпрымальніцкую дзейнасць у Нямеччыне?

– Зарэгістравацца проста, але ж нашая праблема фінансавая. Я тут на гуманітарным дазволе на жыхарства, які мне далі як палітычнаму актывісту. Дзяржава дапамагае з курсамі нямецкай мовы, забяспечвае жытлом і мінімальнымі сродкамі, якіх хоць і хапае толькі на самае неабходнае, але яны дазваляюць мне працаваць над маркетплэйсам. Два гады таму, калі я пачынаў праект, супрацоўнікі цэнтру занятасці паверылі і ў важнасць гэтай справы, і ў тое, што ўсё атрымаецца, таму да сёння іхнае падтрыманне не спыняецца. Яны аплацілі мне бізнес-кансультанта, які цягам двух месяцаў кожны дзень па некалькі гадзінаў дапамагаў з бізнес-планам, фінансавым планам, асновамі вядзення бізнесу ў Нямеччыне ды іншымі пытаннямі.

Нядаўна яны прапанавалі паспрабаваць атрымаць фінансаванне ў спецыяльным аддзеле для стартапаў, але ў выніку мне там адмовілі. Сказалі, што ў найлепшым выпадку маглі б дапамагчы набыць матэрыяльныя рэчы, напрыклад камп’ютар, стол, але ж заробкі супрацоўнікам, аплату паслуг яны фінансаваць не могуць, а паслугі ў нашым праекце – гэта 95 % неабходных выдаткаў. Тое ж і з фондамі, грантамі, якія вельмі неахвотна падтрымліваюць такія ініцыятывы. Параілі пакуль працягнуць вывучэнне нямецкай мовы, каб я мог весці індывідуальныя перамовы з пэўнымі людзьмі і арганізацыямі.

У прынцыпе, гэта ўсё, наколькі разумею, стандартны сцэнар падтрымання ў Нямеччыне для больш-менш перспектыўных праектаў. Вядома, калі б я пачаў будаўнічую справу, ужо б даўно жыў значна лепш матэрыяльна забяспечаным, але ж моцная любоў да Беларусі акрэсліла мой шлях. Пра які я, безумоўна, ні кроплі не шкадую.

«Адзінае месца, дзе я хацеў бы жыць, – Беларусь»

Зміцер Завадскі.
Фота: асабісты архіў Змітра Завадскага

– Якая ў вас была сітуацыя ў Беларусі, калі вы з’язджалі?

– У падзеях 2020 года я вядомы як адміністратар каналу «Лебяжий 97 %». Але рабілі мы не толькі гэта і, безумоўна, я нікуды не хацеў выязджаць, пакуль у сярэдзіне 2021-га пасля суда над Міколам Дзядком, на які я прыйшоў яго падтрымаць, ГУБАЗіК не выклаў ліставання з нашага з ім агульнага чату. Не ведаю, чаму мяне адразу не арыштавалі. Напэўна, не ствараў уражання сур’ёзнага экстрэміста. А перад гэтым яны выпусцілі мяне пасля 15 содняў арышту, але ў гэтым ужо заслуга былой дзяўчыны, паплечніцы, якая зрабіла немагчымае, каб мяне не раскрылі.

Гэтым разам я вырашыў так моцна не рызыкаваць, бо калі б прайшоў ператрус, то атрымаў бы цэлы веер крымінальных справаў, таму ў той жа дзень выехаў з Беларусі. Без рэчаў, уначы, нелегальна, на маторным чоўне. Спачатку ва Украіну, там пачакаў рашэння Нямеччыны і за некалькі месяцаў да пачатку вайны прыляцеў у Кёльн. Дарэчы, тая паплечніца дапамагае цяпер і з «Камароўкаю».

– Ці падабаецца вам у Нямеччыне? Бо часта даводзіцца чуць, што там шмат бюракратыі, усё зарэгуляванае. Якое ў вас уражанне?

– У першыя месяцы яна мяне моцна ўразіла, вядома. За два гады назбіраліся сотні важных паперак, якія трэба захоўваць, на якія трэба было адказваць. Але з часам я прызвычаіўся і цяпер не заўважаю. Нават бачу ў іх пэўныя плюсы: зразумеласць працэдураў і правілаў, магчымасць планаваць, абароненасць законам. Ты дакладна ведаеш, якія крокі трэба зрабіць, каб атрымаць пэўны вынік.

З негатыўнага – мне не стае тут беларусаў. Нас мала ў Кёльне і агулам у Заходняй Нямеччыне. Нядаўна, напрыклад, пазнаёміўся з беларускай, якая жыве ў Мілане, і ўжо думаў пра сябе: «О, даволі блізка!»

– Пасля пераменаў у Беларусі вы б вярнуліся ці засталіся ў Нямеччыне?

– Адзінае месца, дзе я хацеў бы жыць, – Беларусь. Яшчэ дакладней – вёска, дзе жылі мае дзяды-прадзеды, бабулі-прабабулі, дзе сэрца нашай вялікай сям’і і маё месца сілы. За пару гадоў да выезду я купіў там дом і падрыхтаваў дзялянку для будаўніцтва новага, але ж лёс склаўся так, што скончу справу пазней.

Гэта ўжо мая другая эміграцыя. Першая была ў Польшчу пасля Плошчы-2006. Пасля арышту мяне выключылі з універсітэту, і Польшча дала магчымасць рэпрэсаванай моладзі працягнуць навучанне ў сваіх універсітэтах. Нягледзячы на тое, што ўсё складвалася ладна, я вярнуўся ў Беларусь, дзе мяне чакала крымінальная справа, а каля пад’езду – КДБ. Але гэта ўжо іншая гісторыя. З самога дзяцінства я люблю Беларусь, і гэта, я думаю, да канца жыцця.

Беларускі свет
Досвед банкруцтва не спыніў беларуса ад стварэння бізнесу сонечных панэляў ля акіяну
2024.03.12 16:00

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў