Прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан заявіў, што баіцца ціску на Кіеў з мэтай прымусіць украінскія ўлады пагадзіцца на падпісанне «кепскага міру» з Масквой. Пра гэта паведамляе агенцтва «Reuters».
Такі крок, паводле Джонсана, прывёў бы да доўгатэрміновай глабальнай катастрофы.
«Занадта шмат краінаў гавораць пра тое, што гэта еўрапейская вайна, у якой няма неабходнасці… і таму ціск будзе расці, каб заахвоціць і, магчыма, прымусіць Украіну да кепскага міру», – сказаў кіраўнік брытанскага ўраду журналістам падчас візіту ў сталіцу Руанды Кігалі.
Як сказаў Борыс Джонсан, дазволіць прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну дабіцца свайго ва Украіне было б праблемай для міжнароднай бяспекі і прывяло б да доўгатэрміновай эканамічнай катастрофы.
«Няма сумневаў, што ў свеце назапасілася немалая стомленасць ад таго, што адбываецца ва Украіне, але я думаю, што яны перамогуць. Гэта іхная краіна. Яны змагаюцца за яе адчайна і маюць патрэбу ў належным падтрыманні», – адзначыў Джонсан, кажучы аб украінцах.
Брытанскі прэм’ер-міністр падкрэсліў, што цяпер не час заахвочваць украінцаў згаджацца на нязручны мір, дзеля якога ім прапаноўваецца адмовіцца ад значнай часткі сваіх тэрыторыяў. Джонсан паўтарыў, што гэта стала б катастрофай і выклікала б новую хвалю эскалацыі з боку Пуціна ў любы абраны ім момант.
Раман Лугоўскі belsat.eu