Праўладная кампартыя выбрала сабе новага кіраўніка


Камуністычная партыя Беларусі, якая цалкам падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку, 25 траўня правяла X з’езд і выбрала сабе новага кіраўніка. Як піша «БелТА», выбралі 40-гадовага партыйнага функцыянера Сяргея Сыранкова.

Сяргей Сыранкоў – новы старшыня праўладнай кампартыі.
Фота: БелТА

Паводле афіцыйнай біяграфіі, Сяргей Сыранкоў нарадзіўся 14 жніўня 1983 года ў Краснаполлі Магілёўскай вобласці, скончыў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Куляшова па спецыяльнасці «Англійская і нямецкая мова», пазней – Акадэмію кіравання.

Працаваў настаўнікам нямецкай, дырэктарам школы, галоўным ідэолагам і начальнікам аддзелу адукацыі ў Краснапольскім райвыканкаме, першым намеснікам начальніка абласнога ўпраўлення адукацыі. Прызначаўся дэпутатам Краснапольскага раённага і Магілёўскага абласнога саветаў дэпутатаў, дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, сакратаром КПБ па ідэалогіі. Да апошняга часу быў другім сакратаром ЦК КПБ. Разам з міністрам унутраных справаў прапаноўваў караць тых, хто здае жытло замежнікам і не паведамляе пра іх МУС.

Сыранкоў абяцаў «нашую працу паставіць на прынцыпова новы якасны ўзровень» з улікам «маштабнасці тых задач», якія ставіць Аляксандр Лукашэнка (а гэта ў тым ліку «пашырэнне дэмакратыі»), і вывядзенне партыі на новы ўзровень «як ніколі сугучныя з Годам якасці, які праходзіць у Беларусі».

«Я хачу падкрэсліць, што КПБ заўсёды займала адкрытую і прынцыповую пазіцыю па падтрымцы палітычнага курсу кіраўніка дзяржавы, цалкам сугучнага з праграмай партыі па пабудове грамадства сацыяльнай справядлівасці і сапраўднага народаўладдзя», – казаў Сыранкоў.

Якіх пазіцыяў акрамя «за Лукашэнку» трымаецца партыя, з прамоваў Сыранкова незразумела. Ён паўтараў канспіралагічныя тэорыі Лукашэнкі адносна міжнароднай палітыкі, але пра ўнутраную палітыку, якая б тычылася звычайных беларусаў, ягоных словаў не перадавалі.

Да таго, з 2017 года першым сакратаром ЦК КПБ быў Аляксей Сокал, а да яго ў 2012–2017 гадах – цяперашні кіраўнік Цэнтральнай выбарчай камісіі Ігар Карпенка. Прычыны змены кіраўніка невядомыя. Сыранкоў назваў гэта «ратацыяй кадраў» дзеля «амалажэння партыі».

Удзельнікі X з’езду КПБ. Менск, Беларусь. 25 траўня 2024 года.
Фота: Аляксандр Горбаш / Sb.by

КПБ – адна з чатырох палітычных партыяў, якія захавалі рэгістрацыю ў Беларусі. Яшчэ тры – «Белая Русь», ЛДПБ і РППС – таксама цалкам праўладныя. Усе апазіцыйныя партыі фармальна ліквідавалі ў 2023 годзе.

На апошніх «выбарах» у Палату прадстаўнікоў «Белай Русі» далі 51 мандат, РППС – 8, КПБ – 7, ЛДПБ – 4, яшчэ 40 прызначаных «дэпутатамі» – беспартыйныя. Апазіцыю да выбараў не дапусцілі.

Цяпер апазіцыйныя партыі працягваюць дзейнасць хіба ў падполлі і эміграцыі. На выбарах у Каардынацыйную раду ўдзельнічаюць не партыйныя спісы, а аб’яднанні актывістаў па-за партыямі, хоць у асобных спісах ёсць чальцы розных партыяў, ад левай «Народнай грамады» да правацэнтрысцкага руху «За свабоду».

Агляд
Столькі хайпу, а прапагандыст заснуў. Крынж лукашэнкаўскага «Усебеларускага сходу»
2024.04.24 18:39

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў