Раман Галоўчанка: Беларусь да канца года плануе стаць паўнапраўным чальцом ШАС


Беларусь разлічвае да канца 2023 года стаць паўнапраўным чальцом Шанхайскай арганізацыі супрацы (ШАС), заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.

Сцягі краінаў – чальцоў ШАС.
Фота: Tochka.by

Пра такія спадзяванні ўладаў Беларусі зрабіў заяву беларускі прэм’ер-міністр на нарадзе, якая праводзіцца напярэдадні візіту ў Бішкеку, дзе 25–26 кастрычніка адбудзецца пасяджэнне Савету старшыняў урадаў краінаў – чальцоў ШАС, Савету кіраўнікоў урадаў СНД і Еўразійскага міжурадавага савету.

Раман Галоўчанка адзначыў, што 4 ліпеня быў падпісаны мемарандум аб абавязальніцтвах Рэспублікі Беларусь дзеля атрымання статусу дзяржавы – чальца ШАС.

«Сёння ён ратыфікаваны чатырма з дзевяці краінаў, і гэты працэс працягваецца. Да канца года мы разлічваем, што ўсе дзяржавы-чальцы выканаюць адпаведныя ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, і мы станем паўнапраўнымі ўдзельнікамі гэтага аб’яднання», – падкрэсліў беларускі прэм’ер.

На думку Галоўчанкі, ШАС займае адну з галоўных пазіцыяў у міжнародным парадку дня нашай краіны, таму, нягледзячы на адсутнасць статусу паўнапраўнага чальца, Беларусь плануе быць актыўным гульцом на пляцоўцы ШАС, а не проста назіраць звонку.

Тыдзень таму генеральны сакратар ШАС Чжан Мін заявіў, што Беларусь можа стаць чальцом арганізацыі ў 2024 годзе, заўважыўшы, што час уступлення нашай краіны залежыць ад завяршэння некаторых юрыдычных працэдураў.

Улады Беларусі планавалі далучыцца да ШАС яшчэ ўлетку. У ліпені быў падпісаны мемарандум аб абавязальніцтвах нашай краіны дзеля сяброўства ў арганізацыі.

На сённяшні дзень у ШАС уваходзяць 9 краінаў: Індыя, Іран, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Пакістан, Расея, Таджыкістан, Узбекістан, і тры краіны маюць статус назіральнікаў: Афганістан, Манголія і Беларусь.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў