Кіраўнік НАУ Павел Латушка назваў чаканаю адстаўку амбасадара Украіны ў Беларусі. У каментары «Белсату» палітык адзначыў: новага пасла Кіеў прызначыць толькі пасля змены ўлады ў Менску.
Старшыня Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка канстатаваў: з адстаўкаю амбасадара Ігара Кізіма дыпламатычныя зносіны паміж Беларуссю і Украінаю паніжаныя да ўзроўню часовага паверанага ў справах.
«Гэта азначае паніжэнне ўзроўню дыпламатычных адносінаў паміж Беларуссю і Украінай. Такім чынам Украіна выказала сваю незадаволенасць, абурэнне палітыкаю рэжыму Лукашэнкі. Украіна разглядае Лукашэнку як ворага», – заявіў Латушка «Белсату».
Ён упэўнены, што новы амбасадар прыедзе з Кіева толькі пасля змены ўлады ў Менску:
«Украіна не прызнае Лукашэнку прэзідэнтам краіны. Украіна разглядае дзейнасць рэжыму Лукашэнкі як дзейнасць агрэсара. Я перакананы, што не будзе прызначэння новага амбасадара Украіны ў Беларусі. Зразумела, гэта адбудзецца, калі ў Беларусі будзе новы прэзідэнт, абраны дэмакратычным шляхам».
Павел Латушка мяркуе, што адной прычыны адстаўкі амбасадара няма, спрацаваў эфект назапашвання. Фармальнай нагодаю сталася сустрэча Лукашэнкі з кіраўніком гэтак званай ДНР Дзянісам Пушыліным.
«Падчас нашых размоваў у Кіеве было сказана, што адным з апошніх, але ўсё-ткі фармальных сігналаў быў факт сустрэчы Лукашэнкі з Пушыліным, і гэта тое, што фактычна перапоўніла сітуацыю, чашу, і было ўхваленае рашэнне аб адкліканні спадара Кізіма, а сёння ўжо – і вызваленне з пасады».
Паводле словаў кіраўніка НАУ, асноўныя прычыны паніжэння дыпламатычных адносінаў – агрэсія з тэрыторыі Беларусі, абстрэлы Украіны з тэрыторыі Беларусі і датычнасць да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей.
Таксама Латушка не выключыў, што Кіеў цалкам разарве дыпламатычныя зносіны з Менскам, хаця, натуральна, Украіне патрэбная прысутнасць у Беларусі дзеля сваіх грамадзянаў.
«Шмат украінскіх грамадзянаў знаходзяцца ў Беларусі або транзітам праязджаюць праз тэрыторыю Беларусі, і гэта адпавядае інтарэсам абароны менавіта грамадзянаў гэтай краіны. Але і разрыў дыпламатычных стасункаў таксама можа наступіць, калі Лукашэнка пойдзе яшчэ на дадатковыя крокі, што будуць пагражаць нацыянальнай бяспецы Украіны», – падсумаваў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення.
Лукашэнка зладзіў сустрэчу з Пушыліным у Менску 18 сакавіка. На наступны дзень Украіна адклікала свайго амбасадара Ігара Кізіма. У Беларусь ён так і не вярнуўся, і напярэдадні, 22 чэрвеня, прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб ягоным звальненні з пасады пасла ў Менску.