навіны

Смерць Папы, надзеі на амністыю і ажыятаж вакол пакістанцаў. Падзеі тыдня ў малюнках

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат
Малюнак: Дэ Лёс / Белсат
podpis źródła zdjęcia

Смерць Папы Рымскага Францішка ўзрушыла ўвесь свет: у розных краінах праходзяць адмысловыя набажэнствы, у некаторых абвесцілі жалобу. Беларусь тым часам старанна рыхтуецца да святкавання 80-й гадавіны Перамогі, з чым шмат хто звязвае надзею на амністыю. Акрамя гэтага, беларусы абмяркоўваюць набліжэнне доўгіх выходных, што традыцыйна вядзе да ўтварэння чэргаў на мяжы з ЕЗ, а таксама магчымы прыезд у нашую краіну вялікай колькасці пакістанскіх працаўнікоў. За гэтымі і іншымі падзеямі разам з «Белсатам» сочыць мастак Дэ Лёс.

Папа Францішак пасля сустрэчы з нацыянальнымі ўладамі і грамадзянскаю супольнасцю ў першы дзень чатырохдзённага візіту ў Люксембург і Бельгію. 26 верасня 2024 года. Фота: Omar Havana / AP Photo / East News

Пайшоў з жыцця Папа Францішак. Неадназначны рэвалюцыянер і рамантык на Папскім пасадзе

Аналітыка

Касцёл і Ватыкан засталіся без кіраўніка


Папа Рымскі Францішак памёр раніцай 21 красавіка, на другі дзень Вялікадня. За дзень за смерці ён правёў велікодную імшу, у якой заклікаў спыніць войны ды «зноў спадзявацца і давяраць іншым», нават калі яны з далёкіх краінаў і моцна адрозніваюцца. Папе Францішку было 88 гадоў, і за 12 гадоў папства ён цярпеў на розныя хваробы. На Святы пасад яго абралі 13 сакавіка 2013 года.


Жалобу на некалькі дзён абвесцілі ў тым ліку ў Італіі, Іспаніі, Партугаліі, Чылі, Перу, на Кубе ды ў Індыі. Звон сабору Парыжскай Божай Маці ўдарыў роўна 88 разоў.


Развітацца з Папам Францішкам маглі ўсе ахвочыя. У базіліцы Святога Пятра быў адкрыты доступ да простай драўлянай труны з целам пантыфіка. У суботу, 26 красавіка, Францішка, згодна з ягоным запаветам, пахаваюць у базіліцы Санта-Марыя-Маджорэ. «Белсат» пакажа трансляцыю з месца падзеяў.

Беларускія каталікі таксама пайшлі ў касцёлы. Маліцца за душу Папы Рымскага Францішка заклікаў мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У Апостальскай нунцыятуры ў Менску была дасяжная кніга спачуванняў для прадстаўнікоў улады, дыпламатычных місіяў, міжнародных арганізацыяў і рэлігійных супольнасцяў Беларусі.


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская атрымала запрашэнне сфармаваць дэлегацыю дэмакратычных сілаў Беларусі на пахаванне Папы Францішка. Як паведамілі ў ейным Офісе, Ціханоўская даручыла ўзначаліць дэлегацыю свайму дыпламатычнаму дарадцу Дзянісу Кучынскаму – каталіку, які за апошнія гады адказваў у Офісе за сувязі з Ватыканам.


Аляксандр Лукашэнка выправіў на пахаванне Папы Францішка старшыню Палаты прадстаўнікоў Ігара Сергеенку, а таксама амбасадара ў Ватыкане і часовага паверанага ў справах Беларусі ў Італіі.

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат
Малюнак: Дэ Лёс / Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мітынг і святочны марш да амбасады Беларусі ў Дзень Волі. Вільня, Літва. 25 сакавіка 2025 года. Фота: Белсат

Амністыі ў 2025 годзе не будзе? Або куды падзеўся «гуманізм» уладаў

Аналітыка

Амністыя не для палітвязняў


У Беларусі збіраюцца правесці амністыю з нагоды 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, адпаведны законапраект даручыў падрыхтаваць Аляксандр Лукашэнка. Паводле ягонай прэс-службы, на волю можа выйсці каля 8000 чалавек.


У законапраекце асобна не гаворыцца пра выключэнне са спісаў асобаў, асуджаных паводле артыкулаў «экстрэмісцкай накіраванасці» (менавіта ў гэтую катэгорыю звычайна трапляюць людзі, асуджаныя паводле палітычных артыкулаў), як гэта здаралася раней. Таму ў дэмакратычным лагеры спадзяваліся, што хтосьці з палітычных вязняў выйдзе на волю. 

Аднак 25 красавіка прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ паведаміў, што на палітвязняў амністыя дакладна не распаўсюдзіцца.


Шпакоўскі патлумачыў, што «экстрэмісцкія злачынствы» адбываліся нядаўна і гэта былі злачынствы «супраць дзяржаўнага ладу», іх усё яшчэ фіксуюць, а яшчэ вакол Беларусі ідзе «геапалітычны шторм, элементам якога была спроба гібрыднага перавароту». У такіх умовах, сказаў ён, вызваленне палітвязняў паводле амністыі «не ўяўляецца магчымым і выглядае немэтазгодным».

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат
Малюнак: Дэ Лёс / Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прапускны пункт «Тэрэспаль – Берасце». Фота: Белсат

«Тры гадзіны на мяжу – казка». Што адбываецца на мяжы Беларусі з ЕЗ

навіны

Мяжа як гарачая кропка


У гэтым годзе праваслаўныя і каталікі адзначалі Вялікдзень у адзін дзень – 20 красавіка. Беларусы, якія жывуць за мяжой, але маюць магчымасць наведваць радзіму, напярэдадні свята вырушылі ў дарогу і стварылі вялікія чэргі на мяжы. Гэтак, чарга легкавікоў з Польшчы ў Беларусь у пятніцу перад святам расцягнулася на больш як 2 км, у ёй было каля 250 аўтамабіляў. На пераход мяжы ішло ад 18 да 22 гадзінаў. На аўтобусе (з перасадкай у найбліжэйшы да шлагбаума) пераход мяжы ў Беларусь займаў ад 5,5 да 8 гадзінаў, але за перасадку прасілі 100 злотых.

Субота, 26 красавіка, у Беларусі працоўны дзень, а далей нас чакаюць доўгія, хоць і разарваныя выходныя – 27, 28 і 29 красавіка (29-га Радаўніца ў праваслаўных), затым перапынак на працу 30 красавіка, потым зноў выходны 1 траўня, зноў праца 2-га, выходныя 3 і 4 траўня, чатыры працоўныя дні, выходныя 9, 10 і 11-га. Пэўная частка беларусаў, хто мае візы, мабыць, надумала паехаць у Еўразвяз, і цяпер чарга ўтварылася з другога боку.


Ужо 22 красавіка на пераходзе мяжы з Беларусі ў Польшчу чакала амаль тысяча легкавікоў (чарга была нават на рэгістрацыю). Час чакання складаў ад 21 гадзіны да двух дзён.


Набліжэнне выходных дае падставы думаць, што чэргі найбліжэйшым часам могуць толькі павялічыцца. 

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат
Малюнак: Дэ Лёс / Белсат
Фабрыка ў Пакістане. 9 сакавіка 2023 года. Фота: Muhammed Semih Ugurlu / Anadolu Agency via Getty Images

Пакістанцы лепшыя за нелаяльных беларусаў: што кажуць на фабрыцы, куды Лукашэнка «сасватаў» мігрантаў

навіны

Дык што там з пакістанцамі?


Беларусь гатовая прыняць на працу 100–150 тысячаў пакістанскіх работнікаў. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 красавіка пасля перамоваў з прэм'ер-міністрам Пакістану Шэгбазам Шарыфам. Гэтая заява выклікала вельмі жывую рэакцыю сярод нашых суграмадзянаў – як унутры Беларусі, так і за яе межамі. Вымушаныя беларускія эмігранты адрэагавалі заявай пра тое, што такім чынам Лукашэнка плануе замясціць тых, хто пакінуў радзіму. Іх крыху супакоілі эксперты: хітры план Лукашэнкі – выгнаць нелаяльных беларусаў, а на іхнае месца завезці пакістанцаў – можа і не спрацаваць. Па-першае, Беларусь не такі ўжо і рай для пакістанцаў. Па-другое, калі яны і паселяцца ў Баранавічах ці пад Магілёвам, гэта можа толькі павялічыць напружанасць у краіне.


Ананімны тэлеграм-канал «Беларусский стратегический» назваў рашэнне Лукашэнкі «выключна кепскім». Аўтары каналу адзначаюць, што пры такой колькасці – 150 тысячаў – «пакістанцы лёгка сфармуюць свае ўласныя моўныя і культурныя анклавы», якія «будуць абсалютна непрыступнымі для нашых сацыяльных службаў і сілавікоў».

З перспектывы прыезду ў краіну вялікай колькасці мігрантаў абурыліся ў сацсетках і звычайныя беларусы. Каментары часцяком былі ксенафобскія. Сітуацыя пагоршылася пасля бойкі двух замежнікаў у Гомлі. У сеціве пісалі, што пакістанцы ўжо нібыта ў Беларусі і буяняць. З'явіліся нават ролікі, у якіх гаварылася, што замежнікі згвалтавалі беларускіх дзяўчат.


МУС давялося супакойваць беларусаў: там запэўнілі, што рост злачыннасці з удзелам замежнікаў не зафіксаваны, а саміх пакістанцаў яшчэ няма ў краіне. Што датычыць бойкі, то МУС паведаміў, што ў ёй бралі ўдзел не пакістанцы, а студэнты-мараканцы, паміж якімі ўзнік побытавы канфлікт.


У дыскусію ўключыліся і прапагандысты: традыцыйна яны назначылі вінаватымі апанентаў улады, якія знаходзяцца за мяжой, і Украіну. «Скажу шчыра, тут прасочваецца адкрыты след ЦІПсА [Цэнтр інфармацыйна-псіхалагічных аперацыяў Украіны]», – напісалі ў дзяржаўных СМІ.

 

Малюнак: Дэ Лёс / Белсат
Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Курс долара на мінімуме


Долар абнавіў двухгадовы мінімум. 23 красавіка за амерыканскую валюту, паводле курсу Нацбанку, давалі 3,0251 рубля. Летась самы нізкі курс долара склаў 3,0916 рубля, а пазалетась ён наагул падаў да 2,6055 рубля.


Эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна ў каментары «Белсату» растлумачыла, чаму долар цяпер таннее ў выніку заяваў прэзідэнта ЗША Доналда Трампа. Ягоныя апошнія выказванні знізілі прывабнасць амерыканскай валюты: «Інвестары турбуюцца, не жадаюць укладацца ў долар».

 

Дэ Лёс belsat.eu

 

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10