навіны

Тысяча машынаў чакае выезду ў Польшчу. Што адбываецца на мяжы?

Пункт пропуску «Берасце», чарга на ўезд у Беларусь.
Пункт пропуску «Берасце», чарга на ўезд у Беларусь. 22 красавіка 2025 года. Фота: Gpk.gov.by
podpis źródła zdjęcia

Чэргі на беларуска-літоўскай мяжы параўнальна невялікія, на беларуска-латвійскай амаль адсутнічаюць. З Польшчы ў Беларусь можна выехаць без праблемаў, але на выездзе з Беларусі ў Польшчу ўтварылася велічэзная чарга.

Метэазонд, які выкарыстоўваюць кантрабандысты для пераправы цыгарэтаў на тэрыторыю Літвы. Фота: vsat.lrv.lt

Кантрабандны ветрык: у Літву ўсё часцей прылятаюць метэазонды з цыгарэтамі

навіны

Што ў афіцыйных крыніцах


Паводле Памежнага камітэту Беларусі, чэргі на выезд з Беларусі 22 красавіка такія:


• «Грыгараўшчына – Патэрніекі» (Латвія). Няма чаргі легкавікоў і аўтобусаў, у чарзе цяжкавікоў – 400–410 аўтаў.


• «Каменны Лог – Мядзінінкай» (Літва). У чарзе ад 0 да 50 легкавікоў, 370–390 цяжкавікоў, чаргі аўтобусаў няма.


• «Беняконі – Шальчынінкай» (Літва). У чарзе 10–50 легкавікоў, 450–480 цяжкавікоў, чаргі аўтобусаў няма.


• «Берасце – Тэрэспаль» (Польшча). У чарзе 880–1005 легкавікоў, чаргі аўтобусаў няма. Яшчэ днём у нядзелю чаргі не было, яна пачала нарастаць у ноч на панядзелак, дасягнула 900 легкавікоў у ноч на аўторак і не спадае.


• «Казловічы – Кукурыкі» (Польшча). «Грузавы» пераход, у чарзе 1400–1490 аўтаў.


Паводле польскіх памежнікаў, 22 красавіка на выезд з Польшчы ў Беларусь няма чэргаў: час чакання – нуль хвілінаў.


Паводле літоўскіх памежнікаў, час чакання выезду з Літвы ў Беларусь у Мядзінінкаі такі: да адной гадзіны для аўтобусаў, каля 2159 гадзінаў для цяжкавікоў (іх у чарзе 80), без – чакання для легкавікоў. У Шальчынінкаі: да адной гадзіны для аўтобусаў, каля 2159 гадзінаў для цяжкавікоў (іх у чарзе 184), без чакання – для легкавікоў. Звесткі пра «2159 гадзінаў» могуць быць тэхнічнай памылкай: гэтыя лічбы – 36 дзён чакання – даўно не мяняюцца і могуць быць максімальным паказнікам у сістэме.


У латвійскіх памежнікаў лічыльнік не працуе, але паводле грузавога парталу «Cargo.lv», пераходу мяжы ў Беларусь грузавікі могуць чакаць 5 гадзінаў.

Што пішуць у чатах


«Грыгараўшчына – Патэрніекі». Чаргі з Латвіі ў Беларусь няма, з Беларусі ў Латвію бывае невялікая чарга легкавікоў. Адзін карыстальнік адзначае, што пры выездзе з Латвіі зладзілі руплівы дагляд з відэафіксацыяй, пры ўездзе ў Беларусь поўны дагляд з выкладаннем рэчаў на стол і правяраннем з сабакам, везлі мэблю з «Ikea» – яе паслалі на рэнтген. На праход мяжы агулам у карыстальніка пайшло 2 гадзіны. У іншым чаце карыстальнік адзначае: «Зацішша перад травеньскімі святамі».


«Каменны Лог – Мядзінінкай». З Беларусі ў Літву ранкам стаяла чарга з 40 машынаў, з Літвы – ад 17 да 27. Пераход мяжы з Беларусі ў Літву займае да 5 гадзінаў, з Літвы – 1,5–2 гадзіны. Аўтобусам пераход мяжы з Беларусі ў Літву займае 1,5–3 гадзіны, з Літвы ў Беларусь – каля 2 гадзінаў.


«Беняконі – Шальчынінкай». З Беларусі ў Літву ў зоне чакання 35–40 машынаў, пераход мяжы можа заняць 5–9 гадзінаў легкавіком. З Літвы ў Беларусь можна праехаць легкавіком нават менш як за гадзіну, чэргаў няма. Для аўтобусаў час чакання з Беларусі ў Літву складае каля 1,5 гадзіны, з Літвы ў Беларусь – каля 3 гадзінаў.


«Берасце – Тэрэспаль». З Беларусі ў Польшчу на пераход мяжы сапраўды стаіць велічэзная чарга з амаль тысячы легкавікоў (чарга ёсць нават на рэгістрацыю), чакаць давядзецца не менш за 21 гадзіну, а то і два дні, калі ўстаць у чаргу проста цяпер. Адзін з чатаў прагназуе, што час чакання складзе 53 гадзіны пры пераходзе легкавіком у польскі бок. З Польшчы ў Беларусь чэргаў няма, мяжу можна прайсці легкавіком нават за 40 хвілінаў – адзін карыстальнік апісвае, што «гэта як у іншай рэальнасці». Аўтобусам з Беларусі ў Польшчу прайсці мяжу можна за прыблізна 4 гадзіны, калі пашанцуе. Калі не, даходзіла і да 9 гадзінаў. З Польшчы ў Беларусь аўтобусам мяжу можна прайсці за 2 гадзіны.


У чым прычына чаргі ў Польшчу, у чатах не ведаюць: хіба выказваюць здагадку, што справа ў перакупніках, якія едуць у Польшчу па тавары пасля выходных (у Польшчы выходным быў і велікодны панядзелак). Расказваюць, што па польскі бок памежнікі спрабуюць паскорыць працу і самі ходзяць да машынаў, каб не трэба было падыходзіць да акенца. Спадзяюцца на змены да лепшага, але не ўпэўненыя ў іх.


***


На гэтым тыдні субота, 26 красавіка, будзе працоўная, выходнымі днямі будуць 27, 28 і 29 красавіка (29-га Радаўніца ў праваслаўных), затым перапынак на працу 30 красавіка, выходны 1 траўня, зноў праца 2-га, выходныя 3 і 4 траўня, чатыры працоўныя дні, выходныя 9, 10 і 11-га. Можна чакаць, што пэўная частка беларусаў, хто мае візы, захоча паехаць у Еўразвяз, а беларусы з эміграцыі заплануюць паездкі дадому. 


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10