Пасля доўгага перапынку з тэрыторыі Беларусі ў Літву зноў пачалі запускаць метэазонды з кантрабанднымі цыгарэтамі.
Паводле прадстаўніка літоўскай памежнай службы Гіедрусa Мішуціса, такія выпадкі апошнім часам пачасціліся, аднак памежнікі пакуль не выкарыстоўвалі супраць гэтых лётных аб’ектаў зброі, хоць маюць на гэта права ўжо паўгода, паведамляе LRT.
Замест гэтага літоўскія службы карыстаюцца іншымі метадамі: сочаць за месцам прызямлення зондаў, супрацоўнічаюць з крыміналістамі і аператыўна выходзяць на кантрабандыстаў. Гэтак, толькі ў ноч з 30 на 31 сакавіка было перахоплена 13 зондаў, а ў наступныя дні – яшчэ некалькі дзясяткаў. У ноч з 13 на 14 красавіка памежнікі затрымалі 11 зондаў і два дроны, а таксама затрымалі чатырох падазраваных, якія, імаверна, прыбылі па груз.
Паводле Мішуціса, для запуску зондаў кантрабандыстам трэба мець спецыяльныя веды і дакладна разлічваць вагу грузу, колькасць гелію і сілу ветру. Часта яны выкарыстоўваюць GPS-перадавальнікі, каб адсочваць месца прызямлення.
Метэазонды пачалі масава выкарыстоўвацца летась, спачатку непадалёк мяжы, але з цягам часу запускі пачалі адбывацца на большай адлегласці ад мяжы з Беларуссю. Некаторыя з зондаў прызямляліся нават у цэнтры Вільні, на тэрыторыі аэрапорту і нават на тэрыторыі вайсковай часткі.
У 2024 годзе літоўскія памежнікі канфіскавалі 226 метэазондаў і 54 дроны, а за няпоўныя чатыры месяцы 2025-га ўжо затрымалі 210 зондаў, 21 дрон і 60 чалавек, якія займаліся кантрабандай. Усяго было канфіскавана больш за 328 тысяч пачак цыгарэтаў.
Акрамя зондаў і дронаў кантрабандысты працягваюць шукаць іншыя шляхі. У студзені ў Шальчынінкайскім раёне быў знойдзены падземны тунэль даўжынёй 25 метраў, мабыць, прызначаны для даставы цыгарэтаў або нават нерэгулярных мігрантаў. Па гэтым факце ў Літве пачалі дасудовае расследаванне.
Хаця большасць затрыманых не супраціўляецца, бываюць выпадкі агрэсіўных паводзінаў. Сёлета ўжо зафіксавалі два выпадкі замаху на жыццё і здароўе літоўскіх памежнікаў.
Раман Шавель belsat.eu