Прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі паведаміў, што «экстрэмістаў» не вызваляць паводле амністыі. Праваабаронца Леанід Судаленка тлумачыць, што ўмовы амністыі і так выключалі вызваленне бальшыні палітвязняў: трэба, каб не было парушэнняў, а палітвязням парушэнні прыпісваюць за самыя абсурдныя рэчы.
У Беларусі збіраюцца правесці амністыю да 80-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, адпаведны законапраект даручыў падрыхтаваць Аляксандр Лукашэнка. Паводле ягонай прэс-службы, на волю могуць выйсці каля 8 тысяч чалавек.
У законапраекце асобна не гаворыцца пра выключэнне са спісаў асобаў, асуджаных паводле артыкулаў «экстрэмісцкай накіраванасці» (менавіта ў гэтую катэгорыю звычайна трапляюць людзі, зняволеныя паводле палітычных артыкулаў). Прапагандыст Аляксандр Шпакоўскі 25 красавіка расказаў у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу СТВ, што амністыя дакладна не распаўсюдзіцца на палітвязняў. Ягоныя словы перадае Reform.news.
Шпакоўскі даводзіў, што «экстрэмісцкія злачынствы» адбываліся нядаўна і гэта былі злачынствы «супраць дзяржаўнага ладу», іх усё яшчэ фіксуюць, а яшчэ вакол Беларусі ідзе «геапалітычны шторм, элементам якога была спроба гібрыднага перавароту». У такіх умовах, сказаў ён, вызваленне палітвязняў паводле амністыі «не ўяўляецца магчымым і выглядае немэтазгодным».
Гэта ўжо чацвёртая амністыя з 2020 года, якая не будзе распаўсюджвацца на палітычных зняволеных, адзначае ў каментары «Белсату» праваабаронца і былы палітвязень Леанід Судаленка. Выпускаць не будуць асуджаных за нібыта экстрэмізм і тэрарызм.
Судаленка звяртае ўвагу на тое, як Шпакоўскі абгрунтоўвае гэта: маўляў, няма мэтазгоднасці выпускаць палітвязняў «у такі час». Але ж Лукашэнка выпускаў палітвязняў не паводле амністыі, а ў межах асобных хваляў «памілавання». У мінулым годзе было не менш за дзесяць такіх хваляў, на волю выйшлі каля 300 асобаў. На думку Судаленкі, рэжым Лукашэнкі хацеў паказаць сябе з лепшага боку менавіта перад прэзідэнцкімі выбарамі, што прайшлі ў студзені 2025 года.
Як адною з умоваў для амністыі называюць «кампенсацыю шкоды» і «станоўчую характарыстыку паводзінаў падчас адбывання пакарання». Характарыстыка – галоўны аспект, кажа Судаленка як чалавек, які сам быў палітычным зняволеным:
,,«На сёння недзе каля 1200 палітвязняў у турмах, і ніводзін з іх не характарызуецца станоўча, таму што кожны палітвязень мае парушэнні».
Судаленка пераказвае дыялог з атраднікам, які адбыўся ў першы ж дзень па выхадзе з каранціну ў атрад.
– Выбірай, ці паліў не ў тым месцы, дзе належна, ці на фіззарадку спазніўся.
– Грамадзянін начальнік, зарадка ж будзе толькі заўтра першая, як я мог спазніцца?
– Ну, тады паліў.
– Дык я чалавек, які наогул не паліць.
– Ну, добры ты, смешны такі асуджаны.
Праз паўгадзіны прыйшлі кантралёры, знайшлі ў торбе Судаленкі («кешарцы») зубачыстку, якая вывалілася з пушкі запалак, ды абвясцілі вымову за гэтую не апісаную зубачыстку. З часам колькасць парушэнняў вырасла да сямі – так і вызваляўся ў статусе «злоснага парушальніка», які «не стаў на шлях выпраўлення».
«Кожны палітвязень мае такія надуманыя абвінавачванні, – падкрэслівае праваабаронца. – Гэтым адсякаюць не толькі амністыю. Яны такім чынам адсякаюць магчымае ўмоўна-датэрміновае вызваленне, замену рэжыму на больш мяккі і іншыя тыя "плюшкі", якія дзейнічаюць у дачыненні звычайных асуджаных. Яшчэ раз падкрэсліваю: калі ёсць патрабаванне пра станоўчую характарыстыку, гэта цалкам, стоадсоткава адсякае ўсіх палітычных вязняў».
Судаленка звяртае і ўвагу на амністыю асуджаных паводле наркатычных артыкулаў, якая накладаецца на змяншэнне верхніх межаў пакарання. Раней амністыю на такіх асуджаных не распаўсюджвалі. Праваабаронца выказвае здагадку: мо ўжо скончыліся на волі тыя людзі, якіх можна было садзіць за наркотыкі, у міліцыі няма працы, таму міліцыя лабіюе вызваленне тых, каго можна будзе зноў асудзіць.
Незашпілены гузік – нагода трымаць за кратамі бестэрмінова
Судаленка далёка не адзіны, каму выдумлялі абсурдныя парушэнні. Гэтак, са словаў сваякоў Вікторыі Кульшы вядома, што зняволеную аднойчы змясцілі ў памяшканне камернага тыпу за незашпілены ніжні гузік на паліто. Сярод іншых парушэнняў, як пісалі праваабаронцы, былі такія: «выйшла ў прыбіральню, не папярэдзіўшы»; «была няветлівая з працаўнікамі папраўчай установы»; «пры адкрыцці дзвярэй камеры не ўстала, не павіталася, не назвалася».
І гэта не навінка, якая з’явілася пасля 2020 года. Яшчэ ў 2015 годзе палітвязень Мікола Дзядок пісаў з магілёўскай турмы пра свае 16 дысцыплінарных парушэнняў: нашэнне спартовага касцюму, перамовы з суседнімі камерамі і хаджэнне па камеры пасля 22:00. Паводле Дзядка, ужо тады парушэннямі лічылі, напрыклад, няголенасць, бруднае адзенне ці абутак, незашпілены гузік на каўняры, а яшчэ тое, што зняволены няправільна павітаўся ці не павітаўся з прадстаўніком адміністрацыі, не падняўся ў ягонай прысутнасці ды іншае.
,,«Нярэдка акты аб парушэннях проста фальсіфікуюцца, і паспрабуй потым дакажы, што твой абутак на самай справе быў чысты!» – пісаў Дзядок дзесяць гадоў таму.
Гэта праблема не толькі ў кантэксце амністыі. За «непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы» паводле арт. 411 КК РБ могуць бясконца трымаць за кратамі. Фактычна без неабходнасці даказваць парушэнні можна неабмежаваную колькасць разоў дадаваць асуджанаму да аднаго года пазбаўлення волі, а асуджаным за цяжкія ці асабліва цяжкія злачынствы – адразу два гады за суд.
Ян Федаровіч, Алесь Наваборскі belsat.eu