навіны

«Ён можа зрабіць жыццё невыносным»: былая палітзняволеная распавяла пра здзекі ў ПК № 4, ад якіх пакутуюць невінаватыя жанчыны

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Былая палітзняволеная і давераная асоба Святланы Ціханоўскай на выбарах 2020 года Антаніна Канавалава апублікавала моцны і балючы допіс пра здзекі з жанчын у гомельскай жаночай папраўчай калоніі № 4. У ім яна адкрыта называе прозвішча аднаго з супрацоўнікаў, які, з ейных словаў, сістэматычна прыніжае, запужвае і катуе палітвязняў.

«Прыйшоў час распавесці праўду»,піша Антаніна Канавалава. Ейны шчыры допіс пра гомельскую жаночую папраўчую калонію № 4 раскрывае суровую праўду пра катаванні і псіхалагічны гвалт, якія перажываюць палітычныя зняволеныя ў Беларусі.


Антаніну затрымалі 6 верасня 2020 года за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту. Спачатку яе аштрафавалі на 40 базавых велічыняў, але замест вызвалення распачалі крымінальную справу. У траўні 2021 года Менскі абласны суд прысудзіў жанчыну і ейнага мужа Сяргея Ярашэвіча да пяці з паловай гадоў калоніі. Пазней Сяргею дадалі яшчэ дзевяць месяцаў «за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі папраўчай установы».


Іхныя дзеці, 8-гадовая Наста і 10-гадовы Іван, чатыры гады жылі ў Польшчы з бабуляй – маці Антаніны. У снежні 2024 года Антаніна Канавалава выйшла на волю праз так званае памілаванне, амаль цалкам страціўшы зрок.


У калоніі яна сутыкнулася з асаблівай жорсткасцю. У сваім допісе Антаніна ўпершыню публічна называе прозвішча аднаго з супрацоўнікаў калоніі, які, паводле яе, быў сімвалам запужвання і здзекаў. І гэта Яраслаў Аляксеевіч Ганчароў.

Былая палітзняволеная Антаніна Канавалава. Фота: spring96.org
Былая палітзняволеная Антаніна Канавалава. Фота: spring96.org


«Жанчыны-пенсіянеркі цягнуць цяжкія скрыні з другога паверху надвор, падаюць»


Ганчароў, як піша Антаніна, займае пасаду, якая дазваляе яму наўпрост кантактаваць з жанчынамі, асуджанымі паводле палітычных артыкулаў, бо ён аператыўны супрацоўнік калоніі. Імаверна, карыстаючыся сваёй уладай, ён мэтанакіравана знішчаў зняволеных маральна і псіхалагічна:


«Ганчароў паводзіўся груба і дэманстратыўна зневажальна ў дачыненні палітычных зняволеных. Ён рэгулярна ігнараваў базавыя правілы паважлівых і бяспечных зносінаў. Асабліва запомніліся сітуацыі, калі ён наўмысна скідваў асабістыя рэчы зняволеных жанчын – лісты, прадметы гігіены, адзенне – у кучу. Рэчы былі... перамяшаныя, частка запэцканая ці пашкоджаная. Гэта выглядала як помста або запужванне».


Паводле Канавалавай, асобных дзяўчат Ганчароў выцягваў у капцёрку пад выглядам «прафілактычнай гутаркі». Пасля ўсяго, што адбывалася за зачыненымі дзвярыма, тыя вярталіся напалоханыя і маўклівыя ды яшчэ доўга пазбягалі кантакту. Невінаватым зняволеным жанчынам аператыўнік адкрыта пагражаў ШІЗА, новымі тэрмінамі і казаў, што можа «ў любы момант зрабіць жыццё невыносным».

Супрацоўнік ПК № 4 Яраслаў Ганчароў. Фота: сацсеткі
Супрацоўнік ПК № 4 Яраслаў Ганчароў. Фота: сацсеткі

Са словаў былой палітзняволенай, гэты ж супрацоўнік любіў дэманстратыўна біць бізуном аб асфальт у прысутнасці жанчын дзеля іх запужвання:

«Я бачыла такі момант, калі нас павялі цягаць цяжкія металічныя трубы, ён рэзка шчоўкнуў [бізуном] побач з дзяўчынай, якая несла трубу. Яна ледзь не выпусціла яе сабе на ногі!»

Ганчароў актыўна выкарыстоўваў тактыку запалохвання, асабліва ў адносінах да палітзняволеных, і публічна называў іх ворагамі, якім «няма месца сярод людзей». Ён жа пагражаў блізкім, маўляў, «іх таксама пасадзяць».

У сваім допісе Антаніна падкрэслівае, што асабліва жорстка Ганчароў абыходзіўся з жанчынамі, асуджанымі паводле палітычных матываў. Нават з пажылымі жанчынамі, якія ледзьве хадзілі:

«З першага дня ён даваў зразумець, што з намі будуць абыходзіцца інакш: горш, чым з іншымі.

,,

Быў выпадак, калі ён уварваўся ў 17-ы атрад і без тлумачэнняў загадаў усім тэрмінова сабраць рэчы. Зіма. Холад. Пажылыя жанчыны-пенсіянеркі цягнуць цяжкія скрыні з другога паверху надвор у лакальны ўчастак, падаюць. Так мы прастаялі на дварэ больш за дзве гадзіны на марозе.


Часам ён казаў: што «ўсе вашыя «змагары» – за мяжой, а вы тут, ніхто за вас не ўступіцца нават словам». У гэтым быў ягоны галоўны метад: даваць адчуць адзіноту, бездапаможнасць і страх».

На гэты допіс адгукнулася яшчэ адна вядомая былая палітзняволеная Ірына Шчасная – былая рэдактарка Telegram-каналу «Мая краіна Беларусь», якая таксама адбыла чатыры гады ў ПК № 4.

«Сутыкалася неаднаразова з яго метадамі «работы». Жахліва, што ён гэта робіць з задавальненнем. Ён нават не ўсведамляе, што здзяйсняе сапраўдныя злачынствы», – пракаментавала Ірына.

Папраўчая жаночая калонія № 4 у Гомлі. Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»
Папраўчая жаночая калонія № 4 у Гомлі. Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»


«Імёны рэжымных катаў трэба агучваць, каб прыцягнуць іх да адказнасці»


Паведамленні жанчын пацвярджаюць тое, пра што ўжо шмат гадоў, у тым ліку на міжнароднай арэне, кажуць праваабаронцы: у беларускіх калоніях у дачыненні палітзняволеных катаванні прымяняюцца як сістэмны метад прыгнёту нязгодных з палітыкай дзейных уладаў: ад псіхалагічнага ціску да фізічнага збівання і знішчэння. Пры гэтым асобныя супрацоўнікі пенітэнцыярных установаў дагэтуль адчуваюць поўную беспакаранасць за свае дзеянні і, як бачна, нават ганарацца сваёй жорсткасцю.


Тыя ж людзі, якія перажылі гэты жах, могуць застацца траўмаванымі на ўсё жыццё. Калі чалавек не працуе з псіхолагамі, не атрымлівае медычнай ды іншай неабходнай дапамогі, гэта можа разбурыць яго знутры.


Беларускія праваабарончыя арганізацыі ведаюць не толькі пра дзеянні Яраслава Ганчарова і іншых супрацоўнікаў ПК № 4. Яны збіраюць сведчанні, дакументуюць выпадкі катаванняў і перадаюць інфармацыю ў міжнародныя структуры з мэтай прыцягнуць вінаватых да адказнасці, «у тым ліку праз механізмы ААН і Універсальнай юрысдыкцыі», кажуць эксперты Міжнароднага камітэту для расследавання катаванняў (далей – МК).


«Універсальная юрысдыкцыя дазваляе судзіць карнікаў не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах, што прызнаюць катаванні злачынствам супраць чалавечнасці. Гэта значыць, што кожны з тых, каго дэананімізавалі праваабаронцы, можа быць асуджаны, – пракаментавала «Белсату» прадстаўніца МК. – Каб гэты намер спраўдзіўся заклікаем: калі вы сталі ахвяраю дзеянняў сілавікоў ці супрацоўнікаў папраўчых калоній, звяртайцеся ў Міжнародны камітэт па расследаванню катаванняў праз бяспечныя каналы сувязі і дакументуйце свае гісторыі рэпрэсіяў».


Выкрыццё імёнаў сілавікоў – толькі першы крок на шляху да іхнай адказнасці, кажа суразмоўца. Ужо цяпер Еўразвяз і ЗША ўводзяць санкцыі супраць асобаў, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях. Літва, напрыклад, перадала справу лукашэнкаўскіх сілавікоў у Міжнародны крымінальны суд, і гэты працэс можа стаць пачаткам глабальнага расследавання.


Таксама праваабаронцы нагадваюць, што катаванні і бесчалавечнае абыходжанне – гэта юрыдычны злачынствы, якія не маюць тэрміну даўнасці.

Так сілавікі хаваюць свае твары. Фота: TUT.BY
Так сілавікі хаваюць свае твары. Фота: TUT.BY

Нагадаем, нядаўна Міжнародны камітэт для расследавання катаванняў назваў канкрэтныя імёны сілавікоў ГУБАЗіКу, датычных да катаванняў, збіцця і жорсткага абыходжання з беларусамі, затрыманымі пасля выбараў 2020 года.


У назву даследавання праваабаронцы вынеслі словы аднаго з сілавікоў, пачутыя ад яго, са словаў аўтараў даследавання, дзясяткамі і сотнямі беларусаў, якія перанеслі збіванні, прыніжэнні ды іншыя формы гвалту ў засценках ГУБАЗіКу: «Сардэчна запрашаем у гестапа». Даследаванне не толькі называе імёны злачынцаў у пагонах, але і прыводзіць канкрэтныя доказы іхнай віны, заснаваныя на сведчаннях пацярпелых.


Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10