Уначы на 1 траўня ратавальнікі зліквідавалі загаранне ў гандлёвым цэнтры ў Віцебску. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве надзвычайных сітуацыяў Беларусі.
Паводле інфармацыі МНС, а 03:47 ратавальнікам паступіла паведамленне аб спрацаванні сістэмы пажарнай аўтаматыкі ў гандлёвым цэнтры «Амега» на праспекце Будаўнікоў у Віцебску. Як высветлілася, на чацвёртым паверсе пяціпавярховага будынку адбыўся пажар у офісным памяшканні на плошчы 6 кв. м, які быў аператыўна зліквідаваны.
Пацярпелых няма, паводле факту пажару вядзецца правяранне.
Гэта ўжо другі пажар у гандлёвым цэнтры ў Віцебску за апошнія паўгода. 13 снежня 2024 года пажар адбыўся ў ГЦ «Беларусь». Падчас яго былі эвакуяваныя каля 200 асобаў. Плошча пажару склала 2 тысячы квадратных метраў. З агнём давялося змагацца 5 гадзінаў. У выніку пажару пацярпелі 20 асобаў: пра 16 было вядома ў дзень здарэння, пазней яшчэ 4 асобы звярнуліся па псіхалагічную дапамогу.
Паводле следчых, загаранне здарылася праз тое, што пераробленая праводка была ненадзейнай. У 2018 годзе пасля трагедыі ў расейскім Кемераве, дзе падчас пажару ў гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» загінулі 60 чалавек, у віцебскай «Беларусі» зладзілі правяранні і масавых парушэнняў не знайшлі. Паведамлялася толькі, што не ўва ўсіх памяшканнях быў чутны сігнал пажарнай трывогі.
Дырэктар ГЦ Віктар Вялюга быў затрыманы паводле падазрэння ў парушэнні патрабаванняў пажарнай бяспекі. Пасля яго судзілі за «распаўсюд экстрэмізму».
Якуб Хруст belsat.eu