Міжнародная платформа для Беларусі дзеля прыцягнення вінаватых да адказнасці (IAPB) падала доказы і юрыдычны аналіз у Канцылярыю пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (ICC) для папярэдняга вывучэння пытання пра тое, ці валодае суд юрысдыкцыяй для расследавання і пераследу меркаваных злачынстваў супраць чалавецтва.
IAPB паведаміла, што 31 студзеня 2025 года перадала матэрыялы ў ICC. Гэта яшчэ не азначае, што Міжнародны крымінальны суд распачне справу супраць Аляксандра Лукашэнкі і ягонага рэжыму.
Беларусь не ёсць чальцом ICC і не давала суду юрысдыкцыю над сваёй тэрыторыяй, але злачынствы могуць закранаць дзяржавы, над якімі суд мае юрысдыкцыю. Матэрыялы дазволяць ацаніць, ці мае суд юрысдыкцыю для расследавання меркаваных злачынстваў супраць чалавечнасці, у тым ліку дэпартацыю, пераслед і іншыя бесчалавечныя акты, здзейсненыя беларускімі высокапастаўленымі службовымі асобамі з 1 траўня 2020 года.
Паведамленне было падрыхтаванае ў сувязі з перадачай Літвою пытання пра сітуацыю ў Беларусі Пракурору МКС 30 верасня 2024 года і зваротам (PDF) 13 праваабарончых арганізацыяў, разам з Платформаю, да іншых дзяржаваў – удзельніц МКС з заклікам далучыцца да яе
У матэрыялах, паводле IAPB, выкладзены фактычны і юрыдычны аналіз доказаў, сабраных Платформаю падчас інтэрв’ю са сведкамі і пацярпелымі, а таксама матэрыялаў з адкрытых крыніцаў, што мае Платформа. Паведамленне Платформы, заснаванае на артыкуле 15 (2) Рымскага статуту, змяшчае фактычныя звесткі, у тым ліку пра грамадзянскія пратэсты і рэакцыі дзяржавы, жорсткае абыходжанне падчас пратэстаў, затрыманні, ператрусы і ўтрыманне пад вартаю, іншыя парушэнні асноўных правоў, прымусовы выезд грамадзянскіх асобаў з Беларусі і парушэнні правоў чалавека пасля выезду з Беларусі. Акрамя таго, быў рэпрэзентаваны юрыдычны аналіз пытанняў юрысдыкцыі, асноватворных актаў меркаваных злачынстваў супраць чалавечнасці і прымальнасці справы, а таксама адпаведныя дадаткі пра месцы ўтрымання пад вартаю і дзяржаўныя структуры ў Беларусі.
«Акрамя магчымага расследавання Міжнародным крымінальным судом захоўваецца вострая неабходнасць барацьбы з беспакаранасцю таксама шляхам правядзення нацыянальных расследаванняў і судовага пераследу ў адпаведнасці з прынцыпам універсальнай юрысдыкцыі, з тым, каб забяспечыць перамогу правасуддзя, – заявіла кіраўніца IAPB Андрэа Губэр. — Платформа гатовая падаць доказы і аналіз нацыянальным пракурорам, якія вядуць расследаванне парушэнняў міжнароднага крымінальнага права ў Беларусі».
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка паведаміў, што НАУ таксама рыхтуе доказы і матэрыялы для перадачы найбліжэйшым часам у Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда, і падзякаваў IAPB за іх працу, якую назваў «важным крокам, скіраваным на расследаванне ўсяго комплексу злачынстваў супраць чалавечнасці, за якія вінаватыя павінны панесці адказнасць».
Раней «Justice Hub» падлічыў, што ад рэпрэсіяў з траўня 2020-га да сярэдзіны 2023 года пацярпелі звыш 136 тысячаў чалавек.
Алесь Наваборскі belsat.eu